§ 26-3. Вялікая французская рэвалюцыя

4. Устанаўленне дыктатуры Напалеона Банапарта ў Францыі

9 тэрмідора другога года рэспублікі па рэвалюцыйным календары, ці 27 ліпеня 1794 г., Камітэт грамадскага выратавання арыштаваў М. Рабесп'ера. Ён і яго прыхільнікі былі пакараныя па абвінавачванні ў спробе ўстанаўлення тыраніі. Уладу ў Канвенце захапіла буржуазія, або, як яе называлі, новыя багацеі. Пасля перавароту 9 тэрмідора рэвалюцыя пайшла на спад.

У жніўні 1795 г. Канвент прыняў новую канстытуцыю, якая замацавала ўсе асноўныя антыфеадальныя заваяванні рэвалюцыі, і перш за ўсё рэспубліканскі лад. Аднак яна адмяняла ўсеагульнае выбарчае права, аднаўляла двухступенчатыя выбары і маёмасны цэнз. Выканаўчую ўладу атрымала Дырэкторыя. Яна складалася з 5 членаў, якія прызначаліся адной з палат парламента — Саветам старэйшын.

9 лістапада 1799 г. генерал Напалеон Банапарт здзейсніў дзяржаўны пераварот і ліквідаваў рэжым Дырэкторыі. Рэвалюцыя ў Францыі скончылася.

Улада перайшла да трох консулаў, першым з якіх з'яўляўся Банапарт. Новая канстытуцыя, прынятая ў снежні 1799 г., надзяляла першага консула — Напалеона Банапарта — найбольшымі паўнамоцтвамі: правам публікаваць законы, прызначаць міністраў і афіцэраў арміі і флоту, членаў мясцовай адміністрацыі і г. д. Праз тры гады Напалеон стаў пажыццёвым першым консулам, а ў 1804 г. быў абвешчаны «імператарам французаў». Але яшчэ будучы першым консулам, ён прыступіў да стварэння сваёй імперыі, што прывяло да кровапралітных войн у Еўропе.