§ 26-3. Вялікая французская рэвалюцыя

3. Рэвалюцыйны тэрор

Уварванне еўрапейскіх армій у Францыю выклікала голад і эканамічныя цяжкасці. У многіх рэгіёнах дзяржавы сталі ўзмацняцца контррэвалюцыйныя настроі. Пачаліся паўстанні супраць рэвалюцыі, у якіх загінула каля 600 тыс. чалавек.

У гэты ж час узмацнілася прапаганда ідэй аб ураўнаванні. Абаронцы беднаты, або, як іх празвалі, «шалёныя», абгрунтоўвалі ідэю ўсеагульнага роўнага перадзелу зямель.

31 мая — 2 чэрвеня 1793 г. у Парыжы ўспыхнула паўстанне, і да палітычнага кіраўніцтва ў рэспубліцы прыйшлі якабінцы.

Апынуўшыся перад тварам унутраных і знешніх пагроз, Нацыянальны Канвент пайшоў на рашучыя меры. Спачатку быў прыняты закон аб продажы дробнымі ўчасткамі ўладанняў збеглай з краіны арыстакратыі, а 24 чэрвеня 1793 г. Францыя здабыла новую канстытуцыю, якой замацоўвалася ўсеагульнае выбарчае права. Яна абвяшчала магчымасць супраціўлення прыгнёту, паўстанняў, «калі ўрад парушае правы народа».

Рабесп'ер узначаліў Камітэт грамадскага выратавання, які атрымаў амаль дыктатарскія паўнамоцтвы. Ён развязаў кампанію, што адрознівалася асаблівай жорсткасцю, супраць тых, каго лічыў ворагамі Францыі. Гэтая кампанія, вядомая як якабінская дыктатура, або «царства тэрору», працягвалася з ліпеня 1793 г. па ліпень 1794 г. Прыняцце канстытуцыі 1793 г. адкладвалася. Канвент заставаўся цэнтрам заканадаўчай улады. Ён жа ажыццяўляў і выканаўчую ўладу праз камітэты і камісараў — членаў Канвента, надзеленых найшырокімі паўнамоцтвамі.

М. Рабесп'ер імкнуўся стварыць «рэспубліку дабрачыннасці», у якой «краіна забяспечвае дабрабыт кожнага чалавека, і дзе кожны чалавек атрымлівае асалоду ад славы і росквіту сваёй краіны». Вельмі сумленны і адданы сваім ідэалам, ён адрозніваўся выключнай шчырасцю і адсутнасцю дыпламатычнага такту. Ён лічыў, што дзяржава павінна быць бязлітаснай да сваіх ворагаў.

Камітэт грамадскага выратавання накіроўваў прадстаўнікоў у самыя аддаленыя куткі краіны, каб раскрываць здраднікаў. Быў прыняты спецыяльны закон аб падазроных. Ён абвяшчаў, што французаў, якія падазраюцца ў антырэвалюцыйнай дзейнасці, можна арыштоўваць за «іх паводзіны, іх сувязі, іх словы і змест іх пісьмаў». Такі неканкрэтны закон дазваляў рэвалюцыйным судам падвяргаць людзей арышту па найменшым падазрэнні.

У сувязі з пагрозай вонкавага ўварвання Камітэт грамадскага выратавання ўзмоцнена рыхтаваўся да вайны. Былі створаны, падрыхтаваны і навучаны новыя вайсковыя падраздзяленні. Закон аб вайсковым прызыве абавязваў кожнага французскага мужчыну, незалежна ад узросту і роду заняткаў, служыць у войску.

Камітэт жорстка лімітаваў цэны і выплаты, нормы выдачы прадуктаў харчавання, забараніў выкарыстанне дэфіцытнай белай мукі. Для выпечкі «хлеба роўнасці» грамадзянам дазвалялася выкарыстоўваць толькі муку з кармавой пшаніцы.

Да вясны 1794 г. гэтыя намаганні прынеслі свой плён. Французскія войскі зноў пачалі перамагаць. Але нават прыхільнікі рэвалюцыі сталі сумнявацца ў неабходнасці пастаянных пакаранняў смерцю і жорсткай дыктатуры. Нястрымны тэрор якабінцаў выклікáў пратэст ва ўсіх пластоў грамадства.