§ 26-2. Амерыканская рэвалюцыя

4. Канстытуцыя ЗША

Маладая дзяржава сутыкнулася з цэлым шэрагам сур'ёзных праблем. Перш за ўсё неабходна было арганізаваць агульнаамерыканскую сістэму кіравання, якая звязала б 13 штатаў разам і захавала б толькі што заваяваныя свабоды. У 1781—1789 гг. Кангрэс, створаны ў адпаведнасці з канстытуцыйным актам «Артыкулы канфедэрацыі», меў вельмі абмежаваную ўладу. Ён нават не мог збіраць падаткі. Большая частка палітычнай улады заставалася ў асобных штатаў.

Дж. Вашынгтон і яго прыхільнікі разумелі, што маладая дзяржава сутыкнецца з сур'ёзнай небяспекай, калі штаты не будуць супрацоўнічаць паміж сабой. Акрамя таго, Вялікабрытанія ўсё яшчэ ўяўляла пагрозу, бо адмовілася вывесці войскі з некалькіх памежных гарнізонаў. У 1787 г. прадстаўнікі штатаў сабраліся ў Філадэльфіі, каб перагледзець «Артыкулы канфедэрацыі». Было вырашана стварыць новую канстытуцыю. У 1791 г. канстытуцыя была дапоўненая «Білем аб правах», які гарантаваў асабістыя свабоды грамадзян.

Стваральнікаў канстытуцыі натхнялі ідэі Дж. Лока і Ш. Мантэск'ё аб падзеле ўладных паўнамоцтваў. Адпаведна ў ЗША ўводзіліся тры асобныя галіны ўлады: заканадаўчая — Кангрэс, які складаўся з Палаты прадстаўнікоў і Сената; выканаўчая — прэзідэнт; судовая — Вярхоўны суд.

Канстытуцыя ўстанаўлівала сістэму стрымак і проціваг у адносінах паміж галінамі ўлады. Напрыклад, прэзідэнт меў права прызначаць вышэйшых службовых асоб і падпісваць дамовы, але Сенат павінен быў адобрыць гэтыя дзеянні. Перш чым законапраект стане законам, яго павінны былі адобрыць абедзве палаты Кангрэса, а таксама прэзідэнт. Вярхоўны суд, у сваю чаргу, карыстаўся правам вырашаць, ці з'яўляецца закон канстытуцыйным.

З прыняццем Канстытуцыі ў Амерыцы скончылася рэвалюцыйная эра. На палітычнай мапе свету з’явілася незалежная дэмакратычная рэспубліка. Амерыканская рэвалюцыя мела наступствы, якія выходзілі далёка за межы Злучаных Штатаў. Для многіх людзей у Еўропе і іншых частках свету падзеі, якія адбыліся ў Паўночнай Амерыцы, сімвалізавалі драматычную барацьбу за свабоду. Каланісты парвалі з магутнай метраполіяй і стварылі сістэму праўлення, якая на практыцы ажыццявіла ідэі Асветніцтва. У наступныя гады Дэкларацыю незалежнасці і Канстытуцыю ЗША выкарысталі ў якасці ўзору многія народы свету, якія змагаліся за сваю незалежнасць. Вайна за незалежнасць шмат у чым натхніла дзеячаў Вялікай французскай рэвалюцыі.

Аднак не ўсе амерыканцы віталі рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Каля 60 тыс. прыхільнікаў брытанскага праўлення вымушаныя былі бегчы з ЗША. У новай дэмакратычнай рэспубліцы было афіцыйна замацавана рабства, а інтарэсы карэннага насельніцтва Амерыкі не ўлічваліся.

Прыняцце Канстытуцыі ЗША азначала заканчэнне рэвалюцыйнага перыяду ў гісторыі Амерыкі. Была створана новая рэспубліка, якая асноўвалася на прынцыпах дэмакратыі. За падзеямі ў Амерыцы сачыў увесь свет: многім людзям, у прыватнасці, еўрапейцам, рэвалюцыйныя падзеі ў Паўночнай Амерыцы паказалі, як можа разгортвацца барацьба за свабоду. Каланістам удалося ажыццявіць прынцыпы ідэалогіі Асветніцтва, увасобіўшы іх у новай сістэме кіравання Злучанымі Штатамі. Дэкларацыя незалежнасці і Канстытуцыя ЗША ў далейшым сталі ўзорам для шматлікіх народаў, якія жадалі абараніць сваю незалежнасць. Ваенныя падзеі аказалі таксама значны ўплыў на дзеячаў Вялікай французскай рэвалюцыі.