§ 26-2. Амерыканская рэвалюцыя

1. Прычыны і перадумовы

У першай палове XVIII ст. англійскія калоніі ў Амерыцы мелі магчымасць развівацца самастойна, бо метраполія была занадта занятая вядзеннем войн у Еўропе. У большасці калоній губернатары, якіх прызначаў кароль, кантралявалі гандаль, прызначалі суддзяў і іншых чыноўнікаў. Кожная калонія мела свой уласны выбарчы сход, які мог прымаць законы, што тычыліся мясцовых спраў. Ён зацвярджаў таксама жалаванне чыноўнікаў, уключаючы губернатарскае, і збіраў падаткі на патрэбы мясцовага кіравання.

Аднак Англія цалкам кантралявала каланіяльны гандаль. Яшчэ ў XVII ст. англійскі парламент прыняў цэлы шэраг «Навігацыйных актаў», што адлюстроўвалі яе мерканцільныя інтарэсы. Адзін з такіх актаў патрабаваў ад каланіяльных гандляроў перавозіць тавары толькі на англійскіх караблях. Іншыя прадпісвалі імпартаваць тавары з Еўропы толькі праз Англію, дзе выплачваўся мытны збор на карысць англійскай кароны. У дадатак да ўсяго такія каланіяльныя тавары, як цукар, бавоўна і тытунь дазвалялася пастаўляць толькі ў Англію.

З аднаго боку, «Навігацыйныя акты» прыносілі карысць як калоніям, так і метраполіі. Калоніі развівалі сваю караблебудаўнічую прамысловасць, а адсутнасць замежнай канкурэнцыі дапамагала каланіяльным купцам паспяхова весці свой бізнес.

З другога боку, далёка не ўсе купцы Новай Англіі былі задаволеныя «Навігацыйнымі актамі». Гэта адносілася перш за ўсё да тых прадпрымальнікаў, якім трэба было купляць цукар і патаку. Яны маглі набываць гэтыя прадукты толькі з брытанскай Вэст-Індыі. Вельмі часта купцы незаконна ўвозілі гэтыя прадукты з французскай Вэст-Індыі.

Пасля заканчэння ў 1763 г. Сямігадовай вайны брытанская палітыка ў дачыненні да яе амерыканскіх калоній рэзка змянілася. Вайна прынесла Англіі вялікія даўгі. Акрамя таго, карона павінна была захоўваць войскі ў Паўночнай Амерыцы, каб абараніць шырокія тэрыторыі, нядаўна аднятыя ў Францыі. Кароль Георг III і яго міністры лічылі, што амерыканскія калоніі павінны самі аплачваць сваю бяспеку. Таму кароль прымусіў парламент прыняць шэраг законаў, каб павысіць даходы, якія Англія атрымлівала ад калоній. Адным з іх стаў «Паштовы акт» 1765 г.

Новы акт абкладаў падаткам мноства тавараў: ад газет, натарыяльных дакументаў і завяшчанняў да ігральных карт і касцей. Насельніцтва Вялікабрытаніі, ды і іншых краін Еўропы, на працягу стагоддзяў выплачвала падобныя падаткі. Але ў амерыканскіх калоніях «Паштовы акт» выклікаў гнеўную рэакцыю.

Дэлегаты ад дзевяці калоній з'ехаліся ў Нью-Ёрк, каб выказаць пратэст і абмеркаваць праблему. Яны заявілі, што каланісты, падобна іншым брытанскім падданым, павінны мець права ўхваляць або не ўхваляць новы падатак, у англійскага парламента няма права абкладаць іх падаткам, таму што калоніі не прадстаўленыя ў парламенце сваімі дэпутатамі. Такім чынам, толькі каланіяльныя сходы маюць права ўводзіць падаткі ў калоніях.

Калі англійскі ўрад ўсё ж паспрабаваў навязаць «Паштовы акт», найбуйнейшыя каланіяльныя гарады былі ахоплены хваляваннямі. Каланісты месяцамі байкатавалі брытанскія тавары і ў рэшце рэшт прымусілі парламент адклікаць непапулярны закон. Аднак Англія па-ранейшаму настойвала на сваім праве абкладаць калоніі падаткамі.

У 1765—1775 гг., асабліва пасля таго як парламент увёў чарговыя падаткі і паспрабаваў узмацніць брытанскі кантроль над калоніямі, адносіны паміж Брытаніяй і яе амерыканскімі калоніямі пагоршыліся. У 1773 г. група жыхароў Бостана адкрыта прадэманстравала сваю незадаволенасць брытанскай палітыкай. Пераапранутыя ў індзейцаў, яны патапілі груз гарбаты ў бостанскай гавані. Многія каланісты віталі «бостанскае чаяпіцце». Брытанскі ўрад расцаніў гэтую падзею як адкрытае непадпарадкаванне і бунт. У 1774 г., каб пакараць мяцежны горад, парламент прыняў серыю законаў, якія каланісты назвалі «Недапушчальнымі актамі». Порт Бостана быў зачынены, былі ўзмоцнены ваенныя гарнізоны ў калоніях.

У адказ на гэта ў верасні 1774 г. дэлегаты ад усіх калоній, за выключэннем Джорджыі, сабраліся на I Кантынентальны кангрэс у Філадэльфіі. Яны заклíкалі жыхароў Бостана ігнараваць «Недапушчальныя акты» і байкатаваць усе брытанскія тавары. Дэлегаты дамовіліся сабрацца на II Кантынентальны кангрэс вясной 1775 г. Аднак да таго часу сітуацыя рэзка змянілася: у красавіку 1775 г. адбыліся першыя ўзброеныя сутыкненні паміж каланістамі і брытанскімі салдатамі, што і паклала пачатак Вайне за незалежнасць.