Печатать книгуПечатать книгу

§ 26-2. Амерыканская рэвалюцыя

Ці можна Вайну за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній разглядаць як рэвалюцыю, накіраваную супраць старых парадкаў?

У выніку якіх падзей з'явілася новая дзяржава — ЗША? Якім быў дзяржаўны лад ЗША? (Гісторыя Новага часу, 7 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 26-2. Амерыканская рэвалюцыя
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 21 Май 2024, 09:52

1. Прычыны і перадумовы

У першай палове XVIII ст. англійскія калоніі ў Амерыцы мелі магчымасць развівацца самастойна, бо метраполія была занадта занятая вядзеннем войн у Еўропе. У большасці калоній губернатары, якіх прызначаў кароль, кантралявалі гандаль, прызначалі суддзяў і іншых чыноўнікаў. Кожная калонія мела свой уласны выбарчы сход, які мог прымаць законы, што тычыліся мясцовых спраў. Ён зацвярджаў таксама жалаванне чыноўнікаў, уключаючы губернатарскае, і збіраў падаткі на патрэбы мясцовага кіравання.

Аднак Англія цалкам кантралявала каланіяльны гандаль. Яшчэ ў XVII ст. англійскі парламент прыняў цэлы шэраг «Навігацыйных актаў», што адлюстроўвалі яе мерканцільныя інтарэсы. Адзін з такіх актаў патрабаваў ад каланіяльных гандляроў перавозіць тавары толькі на англійскіх караблях. Іншыя прадпісвалі імпартаваць тавары з Еўропы толькі праз Англію, дзе выплачваўся мытны збор на карысць англійскай кароны. У дадатак да ўсяго такія каланіяльныя тавары, як цукар, бавоўна і тытунь дазвалялася пастаўляць толькі ў Англію.

З аднаго боку, «Навігацыйныя акты» прыносілі карысць як калоніям, так і метраполіі. Калоніі развівалі сваю караблебудаўнічую прамысловасць, а адсутнасць замежнай канкурэнцыі дапамагала каланіяльным купцам паспяхова весці свой бізнес.

З другога боку, далёка не ўсе купцы Новай Англіі былі задаволеныя «Навігацыйнымі актамі». Гэта адносілася перш за ўсё да тых прадпрымальнікаў, якім трэба было купляць цукар і патаку. Яны маглі набываць гэтыя прадукты толькі з брытанскай Вэст-Індыі. Вельмі часта купцы незаконна ўвозілі гэтыя прадукты з французскай Вэст-Індыі.

Пасля заканчэння ў 1763 г. Сямігадовай вайны брытанская палітыка ў дачыненні да яе амерыканскіх калоній рэзка змянілася. Вайна прынесла Англіі вялікія даўгі. Акрамя таго, карона павінна была захоўваць войскі ў Паўночнай Амерыцы, каб абараніць шырокія тэрыторыі, нядаўна аднятыя ў Францыі. Кароль Георг III і яго міністры лічылі, што амерыканскія калоніі павінны самі аплачваць сваю бяспеку. Таму кароль прымусіў парламент прыняць шэраг законаў, каб павысіць даходы, якія Англія атрымлівала ад калоній. Адным з іх стаў «Паштовы акт» 1765 г.

Новы акт абкладаў падаткам мноства тавараў: ад газет, натарыяльных дакументаў і завяшчанняў да ігральных карт і касцей. Насельніцтва Вялікабрытаніі, ды і іншых краін Еўропы, на працягу стагоддзяў выплачвала падобныя падаткі. Але ў амерыканскіх калоніях «Паштовы акт» выклікаў гнеўную рэакцыю.

Дэлегаты ад дзевяці калоній з'ехаліся ў Нью-Ёрк, каб выказаць пратэст і абмеркаваць праблему. Яны заявілі, што каланісты, падобна іншым брытанскім падданым, павінны мець права ўхваляць або не ўхваляць новы падатак, у англійскага парламента няма права абкладаць іх падаткам, таму што калоніі не прадстаўленыя ў парламенце сваімі дэпутатамі. Такім чынам, толькі каланіяльныя сходы маюць права ўводзіць падаткі ў калоніях.

Калі англійскі ўрад ўсё ж паспрабаваў навязаць «Паштовы акт», найбуйнейшыя каланіяльныя гарады былі ахоплены хваляваннямі. Каланісты месяцамі байкатавалі брытанскія тавары і ў рэшце рэшт прымусілі парламент адклікаць непапулярны закон. Аднак Англія па-ранейшаму настойвала на сваім праве абкладаць калоніі падаткамі.

У 1765—1775 гг., асабліва пасля таго як парламент увёў чарговыя падаткі і паспрабаваў узмацніць брытанскі кантроль над калоніямі, адносіны паміж Брытаніяй і яе амерыканскімі калоніямі пагоршыліся. У 1773 г. група жыхароў Бостана адкрыта прадэманстравала сваю незадаволенасць брытанскай палітыкай. Пераапранутыя ў індзейцаў, яны патапілі груз гарбаты ў бостанскай гавані. Многія каланісты віталі «бостанскае чаяпіцце». Брытанскі ўрад расцаніў гэтую падзею як адкрытае непадпарадкаванне і бунт. У 1774 г., каб пакараць мяцежны горад, парламент прыняў серыю законаў, якія каланісты назвалі «Недапушчальнымі актамі». Порт Бостана быў зачынены, былі ўзмоцнены ваенныя гарнізоны ў калоніях.

У адказ на гэта ў верасні 1774 г. дэлегаты ад усіх калоній, за выключэннем Джорджыі, сабраліся на I Кантынентальны кангрэс у Філадэльфіі. Яны заклíкалі жыхароў Бостана ігнараваць «Недапушчальныя акты» і байкатаваць усе брытанскія тавары. Дэлегаты дамовіліся сабрацца на II Кантынентальны кангрэс вясной 1775 г. Аднак да таго часу сітуацыя рэзка змянілася: у красавіку 1775 г. адбыліся першыя ўзброеныя сутыкненні паміж каланістамі і брытанскімі салдатамі, што і паклала пачатак Вайне за незалежнасць.

2. Вайна за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Англіі

Вайну за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Англіі можна разглядаць як грамадзянскую вайну калоній з Англіяй і адначасова як міжнародны канфлікт паміж Англіяй і Францыяй.

У ходзе амерыканскай рэвалюцыі англічане спачатку мелі ваенную перавагу над каланістамі. Каралеўская армія была добра навучаная, і войскі лёгка захапілі большасць амерыканскіх гарадоў. У войску каланістаў было мала дасведчаных афіцэраў, да таго ж салдаты былі дрэнна падрыхтаваны. Часам калоніі адмаўляліся супрацоўнічаць адна з адной, нехта ў калоніях і зусім не падтрымліваў рэвалюцыю.

Тым не менш амерыканцы валодалі шэрагам важных пераваг. Перш за ўсё яны былі патрыётамі і ваявалі на ўласнай тэрыторыі. Англічане, наадварот, знаходзіліся за тысячы кіламетраў ад дома. Тыдні і месяцы сыходзілі ў іх на тое, каб даставіць неабходны вайсковы рыштунак з Англіі да месца баявых дзеянняў. Больш за тое, хоць англічане і ўтрымлівалі гарады, каланісты адступілі ў сельскую мясцовасць і вялі партызанскую вайну.

У рэшце рэшт дзякуючы таленту бліскучага ваеннага лідара Джорджа Вашынгтона, землеўладальніка з Вірджыніі, калоніі былі аб'яднаны. Спачатку армія Дж. Вашынгтона цярпела паразы. Але ён хутка і паспяхова рэарганізаваў сілы паўстанцаў і змог атрымаць першыя важныя перамогі.

Зіма 1777—1778 гг. стала паваротнай кропкай у вайне. Амерыканская армія, якую таемна аснашчала Францыя, нанесла паражэнне англічанам у бітве пад Саратогай у кастрычніку 1777 г. Гэта перамога пераканала французаў у магчымасці аказаць калоніям афіцыйную падтрымку. У лютым 1778 г. Францыя прызнала незалежнасць калоній і заключыла з імі саюз. Яна абвясціла вайну свайму старому ворагу — Вялікабрытаніі, даслаўшы грошы і войскі ў дапамогу паўстанцам.

У 1781 г. з дапамогай французскага войска Дж. Вашынгтон прымусіў брытанскую армію капітуляваць у Ёрктауне (штат Вірджынія). І хоць Георг III хацеў працягваць вайну, парламент усё ж вымусіў яго заключыць у 1783 г. мірны дагавор, які прызнаваў незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі.

3. Стварэнне Злучаных Штатаў Амерыкі

З пачаткам ваенных дзеянняў паміж брытанскай арміяй і амерыканскімі каланістамі ў траўні 1775 г. у Філадэльфіі прадстаўнікі ўсіх калоній сабраліся на II Кантынентальны кангрэс. Адны дэлегаты ўсё яшчэ спадзяваліся дасягнуць кампрамісу з брытанскай каронай. Другія, больш радыкальна настроеныя, настойвалі на барацьбе за незалежнасць. Нарэшце 4 ліпеня 1776 г. была прынятая Дэкларацыя незалежнасці, якая тлумачыла прычыны аддзялення калоній ад Вялікабрытаніі.

Дэкларацыя абвяшчала ўтварэнне незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі. Яе тэкст быў падрыхтаваны ў асноўным Томасам Джэферсанам з Вірджыніі. Натхнёны ідэямі Дж. Лока, Т. Джэферсан пісаў, што людзі маюць пэўныя натуральныя правы. Услед за прыхільнікамі тэорыі грамадскай дамовы ён таксама лічыў, што дзяржава ўзнікла з пагаднення паміж правіцелем і падначаленымі. Правіцель карыстаецца ўладай настолькі доўга, наколькі доўга з гэтым згодныя яго падданыя. У Дэкларацыі незалежнасці заяўлялася, што Англія пастаянна і свядома прыгнятала калоніі, такім чынам, каланісты маюць права паўстаць.

4. Канстытуцыя ЗША

Маладая дзяржава сутыкнулася з цэлым шэрагам сур'ёзных праблем. Перш за ўсё неабходна было арганізаваць агульнаамерыканскую сістэму кіравання, якая звязала б 13 штатаў разам і захавала б толькі што заваяваныя свабоды. У 1781—1789 гг. Кангрэс, створаны ў адпаведнасці з канстытуцыйным актам «Артыкулы канфедэрацыі», меў вельмі абмежаваную ўладу. Ён нават не мог збіраць падаткі. Большая частка палітычнай улады заставалася ў асобных штатаў.

Дж. Вашынгтон і яго прыхільнікі разумелі, што маладая дзяржава сутыкнецца з сур'ёзнай небяспекай, калі штаты не будуць супрацоўнічаць паміж сабой. Акрамя таго, Вялікабрытанія ўсё яшчэ ўяўляла пагрозу, бо адмовілася вывесці войскі з некалькіх памежных гарнізонаў. У 1787 г. прадстаўнікі штатаў сабраліся ў Філадэльфіі, каб перагледзець «Артыкулы канфедэрацыі». Было вырашана стварыць новую канстытуцыю. У 1791 г. канстытуцыя была дапоўненая «Білем аб правах», які гарантаваў асабістыя свабоды грамадзян.

Стваральнікаў канстытуцыі натхнялі ідэі Дж. Лока і Ш. Мантэск'ё аб падзеле ўладных паўнамоцтваў. Адпаведна ў ЗША ўводзіліся тры асобныя галіны ўлады: заканадаўчая — Кангрэс, які складаўся з Палаты прадстаўнікоў і Сената; выканаўчая — прэзідэнт; судовая — Вярхоўны суд.

Канстытуцыя ўстанаўлівала сістэму стрымак і проціваг у адносінах паміж галінамі ўлады. Напрыклад, прэзідэнт меў права прызначаць вышэйшых службовых асоб і падпісваць дамовы, але Сенат павінен быў адобрыць гэтыя дзеянні. Перш чым законапраект стане законам, яго павінны былі адобрыць абедзве палаты Кангрэса, а таксама прэзідэнт. Вярхоўны суд, у сваю чаргу, карыстаўся правам вырашаць, ці з'яўляецца закон канстытуцыйным.

З прыняццем Канстытуцыі ў Амерыцы скончылася рэвалюцыйная эра. На палітычнай мапе свету з’явілася незалежная дэмакратычная рэспубліка. Амерыканская рэвалюцыя мела наступствы, якія выходзілі далёка за межы Злучаных Штатаў. Для многіх людзей у Еўропе і іншых частках свету падзеі, якія адбыліся ў Паўночнай Амерыцы, сімвалізавалі драматычную барацьбу за свабоду. Каланісты парвалі з магутнай метраполіяй і стварылі сістэму праўлення, якая на практыцы ажыццявіла ідэі Асветніцтва. У наступныя гады Дэкларацыю незалежнасці і Канстытуцыю ЗША выкарысталі ў якасці ўзору многія народы свету, якія змагаліся за сваю незалежнасць. Вайна за незалежнасць шмат у чым натхніла дзеячаў Вялікай французскай рэвалюцыі.

Аднак не ўсе амерыканцы віталі рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Каля 60 тыс. прыхільнікаў брытанскага праўлення вымушаныя былі бегчы з ЗША. У новай дэмакратычнай рэспубліцы было афіцыйна замацавана рабства, а інтарэсы карэннага насельніцтва Амерыкі не ўлічваліся.

Прыняцце Канстытуцыі ЗША азначала заканчэнне рэвалюцыйнага перыяду ў гісторыі Амерыкі. Была створана новая рэспубліка, якая асноўвалася на прынцыпах дэмакратыі. За падзеямі ў Амерыцы сачыў увесь свет: многім людзям, у прыватнасці, еўрапейцам, рэвалюцыйныя падзеі ў Паўночнай Амерыцы паказалі, як можа разгортвацца барацьба за свабоду. Каланістам удалося ажыццявіць прынцыпы ідэалогіі Асветніцтва, увасобіўшы іх у новай сістэме кіравання Злучанымі Штатамі. Дэкларацыя незалежнасці і Канстытуцыя ЗША ў далейшым сталі ўзорам для шматлікіх народаў, якія жадалі абараніць сваю незалежнасць. Ваенныя падзеі аказалі таксама значны ўплыў на дзеячаў Вялікай французскай рэвалюцыі. 

Пытанні

1. Ахарактарызуйце становішча англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы. Як вы можаце патлумачыць прычыны канфліктаў паміж калоніямі і метраполіяй?

2. Пералічыце моцныя і слабыя бакі англійскага войска і арміі каланістаў. Як вы думаеце, чаму каланісты змаглі атрымаць перамогу?

3. Чаму ЗША называлі дзяржавай новага тыпу? Чым яна адрознівалася ад іншых дзяржаў? Аргументуйце свой пункт гледжання.

4. З якімі праблемамі сутыкнуліся ЗША? Якім чынам яны пераадольвалі гэтыя праблемы?

5. Складзіце схему дзяржаўнага кіравання ЗША, якое было ўсталёвана Канстытуцыяй 1787 г. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі вызначце, якія яе палажэнні дзейнічаюць у ЗША да гэтага часу.

6. Падрыхтуйцеся да дыскусіі па пытанні: «Ці можна лічыць Вайну за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній рэвалюцыяй?» Падумайце, якімі аргументамі вы будзеце пацвярджаць свой пункт гледжання.

7. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі даведайцеся, каго называюць айцамі-заснавальнікамі ЗША і чаму.