§ 26-2. Амерыканская рэвалюцыя

2. Вайна за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Англіі

Вайну за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Англіі можна разглядаць як грамадзянскую вайну калоній з Англіяй і адначасова як міжнародны канфлікт паміж Англіяй і Францыяй.

У ходзе амерыканскай рэвалюцыі англічане спачатку мелі ваенную перавагу над каланістамі. Каралеўская армія была добра навучаная, і войскі лёгка захапілі большасць амерыканскіх гарадоў. У войску каланістаў было мала дасведчаных афіцэраў, да таго ж салдаты былі дрэнна падрыхтаваны. Часам калоніі адмаўляліся супрацоўнічаць адна з адной, нехта ў калоніях і зусім не падтрымліваў рэвалюцыю.

Тым не менш амерыканцы валодалі шэрагам важных пераваг. Перш за ўсё яны былі патрыётамі і ваявалі на ўласнай тэрыторыі. Англічане, наадварот, знаходзіліся за тысячы кіламетраў ад дома. Тыдні і месяцы сыходзілі ў іх на тое, каб даставіць неабходны вайсковы рыштунак з Англіі да месца баявых дзеянняў. Больш за тое, хоць англічане і ўтрымлівалі гарады, каланісты адступілі ў сельскую мясцовасць і вялі партызанскую вайну.

У рэшце рэшт дзякуючы таленту бліскучага ваеннага лідара Джорджа Вашынгтона, землеўладальніка з Вірджыніі, калоніі былі аб'яднаны. Спачатку армія Дж. Вашынгтона цярпела паразы. Але ён хутка і паспяхова рэарганізаваў сілы паўстанцаў і змог атрымаць першыя важныя перамогі.

Зіма 1777—1778 гг. стала паваротнай кропкай у вайне. Амерыканская армія, якую таемна аснашчала Францыя, нанесла паражэнне англічанам у бітве пад Саратогай у кастрычніку 1777 г. Гэта перамога пераканала французаў у магчымасці аказаць калоніям афіцыйную падтрымку. У лютым 1778 г. Францыя прызнала незалежнасць калоній і заключыла з імі саюз. Яна абвясціла вайну свайму старому ворагу — Вялікабрытаніі, даслаўшы грошы і войскі ў дапамогу паўстанцам.

У 1781 г. з дапамогай французскага войска Дж. Вашынгтон прымусіў брытанскую армію капітуляваць у Ёрктауне (штат Вірджынія). І хоць Георг III хацеў працягваць вайну, парламент усё ж вымусіў яго заключыць у 1783 г. мірны дагавор, які прызнаваў незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі.