§ 26-1. Эканамічнае развіццё і сацыяльная структура еўрапейскага грамадства ў XVIII ст.

2. Сельскае і гарадское жыццё. Міграцыя насельніцтва

У пачатку XVI ст. колькасць насельніцтва Еўропы складала ўсяго 90—95 млн чалавек. Але ўжо да 1700 г. еўрапейцаў стала ў два разы больш — каля 180 млн. Рост колькасці насельніцтва стаў пастаяннай з'явай, нягледзячы на мноства адмоўных фактараў. Да канца XVIII ст. жыхары еўрапейскіх гарадоў заставаліся яшчэ ў меншасці. Пераважная большасць людзей жыла ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, у Францыі толькі шостая частка насельніцтва пражывала ў горадзе.

Частыя войны, масавы голад, эпідэміі адмоўна ўплывалі на якасць жыцця і прырост насельніцтва. Пры гэтым смяротнасць у гарадах, асабліва дзіцячая, была вышэй, чым у вёсцы. Асабліва страшным бедствам стала чума, завезеная ў Еўропу з Азіі генуэзскімі маракамі яшчэ ў XIV ст. Пры вельмі нізкім узроўні медыцыны і асабістай гігіены хваробы ўяўлялі вялікую небяспеку. Сярэдняя працягласць жыцця складала 40—45 гадоў, рэдка хто дажываў да 70.

Высокі ўзровень смяротнасці, хваробы, забруджаная вада, адсутнасць каналізацыі, перанаселенасць, беднасць і прыток імігрантаў з вёскі былі тыповымі для еўрапейскіх гарадоў XVIII ст. Найвышэйшую пазіцыю ў гарадской іерархіі займалі невялікія групы гарадской эліты, якія складаліся з арыстакратыі. Гарадскія сярэднія пласты ўключалі чыноўнікаў, банкіраў, камерсантаў, купцоў і гандляроў, а таксама прадстаўнікоў запатрабаваных прафесій. Астатнюю частку гараджан складалі ў асноўным некваліфікаваныя работнікі, занятыя ў сферы вытворчасці і абслугоўвання. На сацыяльным дне знаходзіліся гарадскія жабракі.

Аднак еўрапейскія гарады развіваліся, мяняліся, паступова змены адбываліся і ў вёсцы. Сельскія жыхары памежжа, дзе пагроза ваенных дзеянняў была высокая, пакідалі родныя краі і перасяляліся ў гарады. Так, у XVI—XVII стст. з карты Еўропы знікалі цэлыя вёскі. Агароджванне зямель таксама спрыяла міграцыі насельніцтва ў гарады.

Вялікую ролю ў зменах, што перажывала вёска, адыгралі сельскагаспадарчыя пераўтварэнні, якія ў такіх дзяржавах, як Англія, прынялі характар аграрнай рэвалюцыі. Аграрная рэвалюцыя XVIII ст. звязаная з працэсам камерцыялізацыі вёскі. Ствараліся новыя схемы збыту тавараў, укараняліся і распаўсюджваліся новыя сельскагаспадарчыя культуры і прылады працы. Усё гэта часта суправаджалася стварэннем буйнх капіталістычных фермерскіх гаспадарак, а таксама канцэнтрацыяй зямлі ў руках памешчыкаў.

У некаторых рэгіёнах дробныя землеўладальнікі, колькасць якіх пастаянна расла, пакутавалі ад павелічэння сеньёрыяльных збораў і падаткаў. У іншых рэгіёнах ім быў прадастаўлены выбар: стаць наёмнымі сельскімі працоўнымі ці адмовіцца ад сельскай гаспадаркі і папоўніць насельніцтва гарадоў.

Аграрная рэвалюцыя таксама прывяла да таго, што ўсё меншая і меншая колькасць сельскіх жыхароў павінна была забяспечваць прадуктамі харчавання насельніцтва, колькасць якога пастаянна павялічвалася.

Рост насельніцтва патрабаваў вырабу большай колькасці адзення. Рэзка павялічыўся попыт на тканіны. Традыцыйна выраб адзення быў прэрагатывай гарадскіх рамеснікаў. Аднак з распаўсюджваннем кірмашоў іх манаполія аказалася падарванай. Гандляры скуплялі гатовае адзенне ўсюды, дзе маглі яго знайсці. Часцяком сем'і фермераў закуплялі сыравіну і самастойна выраблялі вопратку на продаж. Прадзенне, ткацтва сталі ў вёсцы найбольш распаўсюджанымі заняткамі, дапаўняючы сельскія работы.

Да сярэдзіны XVIII ст. саматужная вытворчасць пачала развівацца ў новым напрамку. У вёсцы імкліва пачала ўзнікаць мануфактурная вытворчасць, арганізаваная прадпрымальнікамі, землеўладальнікамі ці нават дзяржавай. Сыравіна цэнтралізавана раздавалася сем'ям, якія аддавалі прадпрымальніку гатовую прадукцыю, а ён затым збываў яе і закупляў новую сыравіну для вытворчасці. Для многіх сельскіх жыхароў мануфактурная вытворчасць станавілася асноўнай крыніцай заробку. Маленькія агароды, якія яны мелі, не маглі забяспечыць іх усім неабходным, таму людзі сталі цалкам залежаць ад прадпрымальнікаў і гандлю.

Рост колькасці насельніцтва быў таксама звязаны са змяненнем рацыёну еўрапейцаў. Акрамя хлеба, мяса і віна ўвайшлі ва ўжыванне завезеныя з далёкіх краін бульба, шпінат, кукуруза, зялёны гарошак, шакалад, кава і гарбата. Аржаны хлеб усё больш выцясняўся пшанічным.