§ 26-1. Эканамічнае развіццё і сацыяльная структура еўрапейскага грамадства ў XVIII ст.

1. Арыстакратыя, духавенства, буржуазія і сярэднія пласты

XVIII ст. стала часам якасных змен у сацыяльнай структуры Еўропы. Грамадства XVI—XVII стст. было іерархічным, што дазваляла захоўваць сацыяльную стабільнасць. Структура гэтай іерархіі з часам змянялася. У XVI ст. да эліты належалі выключна дваране, якія валодалі большай часткай зямлі. У Заходняй Еўропе дваране складалі групу людзей з высокім дабрабытам, якія карысталіся палітычнымі прывілеямі. У XVII ст. да іх далучыліся багатыя купцы і банкіры, крыху пазней — прамыслоўцы. Некаторыя гандляры былі нашмат багацейшымі за дваран. Арыстакратычным стагоддзем заставалася таксама і XVIII.

Дваранства і буржуазія характарызаваліся агульнасцю каштоўнасцяў і інтарэсаў, хоць часам уступалі ў канфлікты, як гэта адбылося ў перыяд Вялікай Французскай рэвалюцыі. У Англіі яны сумесна супрацьстаялі манархіі. Нават у тых дзяржавах, дзе дваранства не магло сапернічаць з манархіяй, арыстакраты дамагаліся росту свайго эканамічнага дабрабыту. Нароўні з маладой буржуазіяй англійскія і галандскія дваране-землеўладальнікі інвеставалі ў міжнародны гандаль, уключаліся ў капіталістычныя адносіны. Яны часта выкарыстоўвалі свой капітал для куплі акцый гандлёвых кампаній на новым фондавым рынку або для куплі аблігацый, прададзеных урадам на новым рынку аблігацый.

Да XVIII ст. буржуазія ўмацавала свае пазіцыі. Паколькі і дваране, і буржуа квітнелі дзякуючы інвестыцыям і гандлю, у іх былі агульныя інтарэсы. Аднак іх матывы моцна адрозніваліся. Арыстакраты, якія складалі верхавіну дваранства, далучаліся да камерцыі, каб захаваць прэстыж і прывілеі. Прадстаўнікі ж буржуазіі дамагаліся прызнання ў найвышэйшых колах. Для гэтага яны куплялі дваранскія тытулы або заключалі шлюбы з арыстакратамі.

Дваранства і буржуазія таксама падзялялі цікавасць да навукі і прагрэсу, што стала адметнай рысай эпохі Асветніцтва. Гэта вызначыла паглыбленне супярэчнасцяў паміж імі і духавенствам. Апошняе захоўвала прыхільнасць да сярэднявечнага рэлігійнага мыслення і традыцый.

Новай з'явай у сацыяльным жыцці еўрапейскага грамадства стала з'яўленне сярэдніх пластоў, новых сацыяльных груп, прадстаўнікі якіх не былі багатымі ці прывілеяванымі, але былі адукаванымі, мелі нядрэнныя прыбыткі і не адносіліся да беднякоў. Сярэднія пласты аформіліся яшчэ ў XVII ст., але сталі адыгрываць значную ролю з XVIII ст. Гэта былі дробныя гандляры, уладальнікі крам, заможныя фермеры, чыноўнікі і г. д. Для вядзення спраў яны наймалі адмысловых людзей. Яны жылі з камфортам, мелі добрыя манеры, плацілі падаткі, удзельнічалі ў дабрачыннасці, выконвалі абавязкі ў мясцовых органах улады.

У канцы XVII — пачатку XVIII ст. стаў змяняцца сам прынцып, у адпаведнасці з якім адбываўся падзел грамадства. Сацыяльныя групы сталі вызначацца не толькі саслоўнай прыналежнасцю, рангам і знатнасцю але і ўзроўнем даходаў. Так пачалося станаўленне класавага грамадства, вядучую ролю ў якім пазней адыгрывалі буржуазія і пралетарыят.