Печатать книгуПечатать книгу

§ 26-1. Эканамічнае развіццё і сацыяльная структура еўрапейскага грамадства ў XVIII ст.

Якія абставіны прамысловага перавароту спрыялі росту дабрабыту народа і захаванню грамадзянскага міру, а якія — росту рэвалюцыйных настрояў?

Да якіх змен у еўрапейскім грамадстве прывёў Новы час? (Гісторыя Новага часу, 7 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 26-1. Эканамічнае развіццё і сацыяльная структура еўрапейскага грамадства ў XVIII ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 21 Май 2024, 01:36

1. Арыстакратыя, духавенства, буржуазія і сярэднія пласты

XVIII ст. стала часам якасных змен у сацыяльнай структуры Еўропы. Грамадства XVI—XVII стст. было іерархічным, што дазваляла захоўваць сацыяльную стабільнасць. Структура гэтай іерархіі з часам змянялася. У XVI ст. да эліты належалі выключна дваране, якія валодалі большай часткай зямлі. У Заходняй Еўропе дваране складалі групу людзей з высокім дабрабытам, якія карысталіся палітычнымі прывілеямі. У XVII ст. да іх далучыліся багатыя купцы і банкіры, крыху пазней — прамыслоўцы. Некаторыя гандляры былі нашмат багацейшымі за дваран. Арыстакратычным стагоддзем заставалася таксама і XVIII.

Дваранства і буржуазія характарызаваліся агульнасцю каштоўнасцяў і інтарэсаў, хоць часам уступалі ў канфлікты, як гэта адбылося ў перыяд Вялікай Французскай рэвалюцыі. У Англіі яны сумесна супрацьстаялі манархіі. Нават у тых дзяржавах, дзе дваранства не магло сапернічаць з манархіяй, арыстакраты дамагаліся росту свайго эканамічнага дабрабыту. Нароўні з маладой буржуазіяй англійскія і галандскія дваране-землеўладальнікі інвеставалі ў міжнародны гандаль, уключаліся ў капіталістычныя адносіны. Яны часта выкарыстоўвалі свой капітал для куплі акцый гандлёвых кампаній на новым фондавым рынку або для куплі аблігацый, прададзеных урадам на новым рынку аблігацый.

Да XVIII ст. буржуазія ўмацавала свае пазіцыі. Паколькі і дваране, і буржуа квітнелі дзякуючы інвестыцыям і гандлю, у іх былі агульныя інтарэсы. Аднак іх матывы моцна адрозніваліся. Арыстакраты, якія складалі верхавіну дваранства, далучаліся да камерцыі, каб захаваць прэстыж і прывілеі. Прадстаўнікі ж буржуазіі дамагаліся прызнання ў найвышэйшых колах. Для гэтага яны куплялі дваранскія тытулы або заключалі шлюбы з арыстакратамі.

Дваранства і буржуазія таксама падзялялі цікавасць да навукі і прагрэсу, што стала адметнай рысай эпохі Асветніцтва. Гэта вызначыла паглыбленне супярэчнасцяў паміж імі і духавенствам. Апошняе захоўвала прыхільнасць да сярэднявечнага рэлігійнага мыслення і традыцый.

Новай з'явай у сацыяльным жыцці еўрапейскага грамадства стала з'яўленне сярэдніх пластоў, новых сацыяльных груп, прадстаўнікі якіх не былі багатымі ці прывілеяванымі, але былі адукаванымі, мелі нядрэнныя прыбыткі і не адносіліся да беднякоў. Сярэднія пласты аформіліся яшчэ ў XVII ст., але сталі адыгрываць значную ролю з XVIII ст. Гэта былі дробныя гандляры, уладальнікі крам, заможныя фермеры, чыноўнікі і г. д. Для вядзення спраў яны наймалі адмысловых людзей. Яны жылі з камфортам, мелі добрыя манеры, плацілі падаткі, удзельнічалі ў дабрачыннасці, выконвалі абавязкі ў мясцовых органах улады.

У канцы XVII — пачатку XVIII ст. стаў змяняцца сам прынцып, у адпаведнасці з якім адбываўся падзел грамадства. Сацыяльныя групы сталі вызначацца не толькі саслоўнай прыналежнасцю, рангам і знатнасцю але і ўзроўнем даходаў. Так пачалося станаўленне класавага грамадства, вядучую ролю ў якім пазней адыгрывалі буржуазія і пралетарыят.

2. Сельскае і гарадское жыццё. Міграцыя насельніцтва

У пачатку XVI ст. колькасць насельніцтва Еўропы складала ўсяго 90—95 млн чалавек. Але ўжо да 1700 г. еўрапейцаў стала ў два разы больш — каля 180 млн. Рост колькасці насельніцтва стаў пастаяннай з'явай, нягледзячы на мноства адмоўных фактараў. Да канца XVIII ст. жыхары еўрапейскіх гарадоў заставаліся яшчэ ў меншасці. Пераважная большасць людзей жыла ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, у Францыі толькі шостая частка насельніцтва пражывала ў горадзе.

Частыя войны, масавы голад, эпідэміі адмоўна ўплывалі на якасць жыцця і прырост насельніцтва. Пры гэтым смяротнасць у гарадах, асабліва дзіцячая, была вышэй, чым у вёсцы. Асабліва страшным бедствам стала чума, завезеная ў Еўропу з Азіі генуэзскімі маракамі яшчэ ў XIV ст. Пры вельмі нізкім узроўні медыцыны і асабістай гігіены хваробы ўяўлялі вялікую небяспеку. Сярэдняя працягласць жыцця складала 40—45 гадоў, рэдка хто дажываў да 70.

Высокі ўзровень смяротнасці, хваробы, забруджаная вада, адсутнасць каналізацыі, перанаселенасць, беднасць і прыток імігрантаў з вёскі былі тыповымі для еўрапейскіх гарадоў XVIII ст. Найвышэйшую пазіцыю ў гарадской іерархіі займалі невялікія групы гарадской эліты, якія складаліся з арыстакратыі. Гарадскія сярэднія пласты ўключалі чыноўнікаў, банкіраў, камерсантаў, купцоў і гандляроў, а таксама прадстаўнікоў запатрабаваных прафесій. Астатнюю частку гараджан складалі ў асноўным некваліфікаваныя работнікі, занятыя ў сферы вытворчасці і абслугоўвання. На сацыяльным дне знаходзіліся гарадскія жабракі.

Аднак еўрапейскія гарады развіваліся, мяняліся, паступова змены адбываліся і ў вёсцы. Сельскія жыхары памежжа, дзе пагроза ваенных дзеянняў была высокая, пакідалі родныя краі і перасяляліся ў гарады. Так, у XVI—XVII стст. з карты Еўропы знікалі цэлыя вёскі. Агароджванне зямель таксама спрыяла міграцыі насельніцтва ў гарады.

Вялікую ролю ў зменах, што перажывала вёска, адыгралі сельскагаспадарчыя пераўтварэнні, якія ў такіх дзяржавах, як Англія, прынялі характар аграрнай рэвалюцыі. Аграрная рэвалюцыя XVIII ст. звязаная з працэсам камерцыялізацыі вёскі. Ствараліся новыя схемы збыту тавараў, укараняліся і распаўсюджваліся новыя сельскагаспадарчыя культуры і прылады працы. Усё гэта часта суправаджалася стварэннем буйнх капіталістычных фермерскіх гаспадарак, а таксама канцэнтрацыяй зямлі ў руках памешчыкаў.

У некаторых рэгіёнах дробныя землеўладальнікі, колькасць якіх пастаянна расла, пакутавалі ад павелічэння сеньёрыяльных збораў і падаткаў. У іншых рэгіёнах ім быў прадастаўлены выбар: стаць наёмнымі сельскімі працоўнымі ці адмовіцца ад сельскай гаспадаркі і папоўніць насельніцтва гарадоў.

Аграрная рэвалюцыя таксама прывяла да таго, што ўсё меншая і меншая колькасць сельскіх жыхароў павінна была забяспечваць прадуктамі харчавання насельніцтва, колькасць якога пастаянна павялічвалася.

Рост насельніцтва патрабаваў вырабу большай колькасці адзення. Рэзка павялічыўся попыт на тканіны. Традыцыйна выраб адзення быў прэрагатывай гарадскіх рамеснікаў. Аднак з распаўсюджваннем кірмашоў іх манаполія аказалася падарванай. Гандляры скуплялі гатовае адзенне ўсюды, дзе маглі яго знайсці. Часцяком сем'і фермераў закуплялі сыравіну і самастойна выраблялі вопратку на продаж. Прадзенне, ткацтва сталі ў вёсцы найбольш распаўсюджанымі заняткамі, дапаўняючы сельскія работы.

Да сярэдзіны XVIII ст. саматужная вытворчасць пачала развівацца ў новым напрамку. У вёсцы імкліва пачала ўзнікаць мануфактурная вытворчасць, арганізаваная прадпрымальнікамі, землеўладальнікамі ці нават дзяржавай. Сыравіна цэнтралізавана раздавалася сем'ям, якія аддавалі прадпрымальніку гатовую прадукцыю, а ён затым збываў яе і закупляў новую сыравіну для вытворчасці. Для многіх сельскіх жыхароў мануфактурная вытворчасць станавілася асноўнай крыніцай заробку. Маленькія агароды, якія яны мелі, не маглі забяспечыць іх усім неабходным, таму людзі сталі цалкам залежаць ад прадпрымальнікаў і гандлю.

Рост колькасці насельніцтва быў таксама звязаны са змяненнем рацыёну еўрапейцаў. Акрамя хлеба, мяса і віна ўвайшлі ва ўжыванне завезеныя з далёкіх краін бульба, шпінат, кукуруза, зялёны гарошак, шакалад, кава і гарбата. Аржаны хлеб усё больш выцясняўся пшанічным.

 

3. Навуковы і тэхнічны прагрэс

Станаўленне навуковай карціны свету прывяло да новых тэхнічных адкрыццяў у розных галінах ведаў. Новыя вынаходкі мелі прыкладн характар. Ім хутка знаходзілі прымяненне ва ўмовах фарміравання капіталістычных адносін.

У 1701 г. англійскі агратэхнік Джэтра Тал вынайшаў сеялку, якая да нашага часу выкарыстоўваецца фермерамі. Гэта выклікала сапраўдную рэвалюцыю ў сельскай гаспадарцы. Велізарнае значэнне для марскога транспарту мела вынаходніцтва англічанінам Джонам Харысанам марскога хранометра — навігацыйнага гадзінніка. Гэты інструмент выкарыстоўваўся для вызначэння шыраты і даўгаты. У 1783 г. француз Жан П'ер Бланшар вынайшаў першы ў свеце парашут. У тым жа годзе браты Мантгальф’е сканструявалі паветраны шар.

Увядзенне газавага асвятлення замест алейных лямпаў у канцы XVIII ст. да непазнавальнасці змяніла гарады. Асветленыя вуліцы з'явіліся ў Англіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краінах. Людзі пераключыліся на выкарыстанне газу і вугалю для атрымання энергіі. Гэта вынаходніцтва выклікала «вугальны бум» у Еўропе.

Самай значнай навінкай XVIII ст. стала вынаходніцтва ў 1769 г. паравога рухавіка. З'явіўся рухавік універсальнага тыпу, які можна было выкарыстоўваць пры рабоце самых розных механізмаў. Жывёльная сіла замянялася вугальнай энергіяй і паравым рухавіком.

Пачатак прамысловай рэвалюцыі азнаменаваў глабальную трансфармацыю ўсіх сфер жыцця грамадства. Пастаяннае ўкараненне тэхналагічных навінак было накіравана на патанненне прадукцыі і павышэнне яе якасці, а таксама на скарачэнне часу вытворчасці.

Не толькі навуковыя адкрыцці і вынаходніцтвы, але таксама перадавыя тэхналогіі алыгралі важную ролю ў станаўленні новых эканомікі і грамадства. Напрыклад, важным тэхналагічным новаўвядзеннем у сельскай гаспадарцы стала вырошчванне канюшыны і кармавой рэпы (турнэпса). Гэтыя культуры не толькі служылі кормам для жывёлы, але і спрыялі хуткаму аднаўленню ўраджайнасці глебы.

У канцы XVII ст. землеўладальнікі Норфалка (Англія) вынайшлі сістэму севазвароту, якая прадугледжвала пачарговы пасеў чатырох культур (пшаніцы, турнэпса, ячменю і канюшыны) такім чынам, каб захоўваць ураджайнасць глеб. Такі метад дазваляў пазбягаць знаходжання зямлі пад папарам і забяспечваў стабільны прыбытак.

Заліваючы ў зімовы перыяд нізіны, размешчаныя каля ручаёў і рэк, англійскія і дацкія фермеры прадухілялі прамярзанне глебы ва ўмовах адносна мяккіх зім. Раннія пасевы на ёй дазволілі захоўваць жыццё жывёлам (ягнятам, цялятам), якім раней узімку не хапала корму.

У гэты ж час пачала закладвацца сістэма рэгіянальнай спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. У залежнасці ад попыту фермеры выбіралі, адводзіць поле пад пашы або вырошчваць на ім сельскагаспадарчыя культуры. Вывядзенне новых парод у жывёлагадоўлі прывяло да павелічэння аб'ёмаў вытворчасці воўны, малака, скуры, мыла і тлушчу для свечак.

4. Сістэма адукацыі

Да эпохі Асветніцтва сістэма адукацыі ў Еўропе прапаноўвала навучанне абмежаванаму колу прафесій. У першую чаргу рыхтавалі святароў, юрыстаў і лекараў. Прычым адукацыю атрымлівалі ў асноўным мужчыны — дваране, гандляры і прадстаўнікі пэўных прафесій. Аднак ідэя Дж. Лока аб тым, што ўсе людзі валодаюць аднолькавымі здольнасцямі і, такім чынам, кожны мае права на адукацыю, перавярнула сферу адукацыі. У XVII—XVIII стст. яна ахоплівала сярэднія пласты, і нават беднякі часам маглі чытаць, радзей — пісаць свае імёны. Гэта адносілася перш за ўсё да гарадскіх жыхароў, асноўная маса сельскіх жыхароў заставалася непісьменнай. Вялікі попыт на адукацыю існаваў сярод буржуазіі, якая ўбіралася ў сілу. Прафесійныя і камерцыйныя класы станавіліся ўсё больш запатрабаванымі.

У Англіі ўзровень пісьменнасці сярод мужчын у 1640-х гг. складаў каля 30 %. Да сярэдзіны XVIII ст. ён павялічыўся да 60 %. У Францыі ў канцы XVII ст. былі пісьменнымі каля 29 % мужчын і 14 % жанчын. Да сярэдзіны XVIII ст. лічбы выраслі да 48 % і 27 % адпаведна.

Значную ролю ў павелічэнні колькасці дасведчаных людзей адыгралі хрысціянскія місіянеры і духавенства, асабліва пратэстанцкага веравызнання. Пісьменнасць стала ключом да чытання і разумення Бібліі, якая друкавалася пратэстантамі на многіх мовах. Таму распаўсюджванне вучонасці ў пратэстанцкай Паўночнай Еўропе ішло значна больш хуткімі тэмпамі, чым на каталіцкім поўдні.

Распаўсюджванню пісьменнасці садзейнічаў рост попыту на друкаваную прадукцыю, у структуры якой доля рэлігійных кніг няўхільна скарачалася. У XVIII ст. павялічылася колькасць выданняў на нацыянальных мовах. Дзяржаўныя публічныя бібліятэкі сталі адным з дасягненняў эпохі Асветніцтва. Яны былі бясплатныя для ўсіх. Ва ўмовах, калі кнігі заставаліся даволі дарагімі, бібліятэкі нярэдка з'яўляліся для бедных людзей адзінай магчымасцю атрымаць веды.

У другой палове XVIII ст. стала відавочна, што грамадства мае патрэбу ў новым, больш універсальным, падыходзе да адукацыі. Перадавы вопыт прадэманстравала Прусія. Там была ўведзена дзяржаўная сістэма навучання, якая прадугледжвала ахоп усяго насельніцтва. Яе асновы былі закладзены Фрыдрыхам Вялікім, які выдаў у 1763 г. указ, згодна з якім усе хлопчыкі і дзяўчынкі з 5 да 13—14 гадоў павінны былі вучыцца ў школах, якія фінансаваліся дзяржавай (мясцовымі суполкамі). Прусія стала адной з першых дзяржаў, якія ўвялі абавязковае навучанне ў пачатковай школе.

Курс пачатковай адукацыі ў Прусіі быў васьмігадовым. Акрамя чытання і пісьма дзеці вывучалі спевы і асновы хрысціянскіх ведаў. За дадатковую плату яны маглі прайсці курсы матэматыкі. Фрыдрых таксама ўніфікаваў далейшыя этапы адукацыйнага працэсу. Каб працягнуць навучанне, дзеці па жаданню бацькоў маглі паступаць у рэальныя вучылішчы або гімназіі, якія служылі для падрыхтоўкі да ўніверсітэту. У 1788 г. у прускіх сярэдніх школах быў уведзены экзамен, па выніках якога можна было паступаць ва ўніверсітэт і на дзяржаўную службу.

Пруская адукацыйная сістэма хутка распаўсюдзілася па Еўропе і пранікла ў ЗША.

Такім чынам, у эпоху Асветніцтва ў еўрапейскім грамадстве адбыліся значныя змены, сярод якіх важнае месца занялі аграрная рэвалюцыя і прамысловы пераварот. Гэтыя перамены шмат у чым вызначылі сацыяльную і палітычную будучыню Еўропы. Яны былі абумоўлены канкурэнцыяй буржуазіі і дваранства, а таксама з'яўленнем новай сацыяльнай групы — сярэдніх пластоў. Саслоўнае дзяленне грамадства паступова змянялася класавым, заснаваным не на паходжанні, а на родзе заняткаў і ўзроўні даходаў. З улікам патрэб новага, капіталістычнага, грамадства пачала змяняцца сістэма адукацыі. Яна ахоплівала ўсё большую колькасць людзей.

Пытанні

1. Што дазваляла захоўваць сацыяльную стабільнасць у еўрапейскім грамадстве ў XVI—XVII стст.? Як змянялася структура грамадства ў гэты перыяд? Ахарактарызуйце становішча розных сацыяльных пластоў. Падбярыце прыметнікі, якія характарызуюць кожны з іх.

2. Назавіце прычыну паглыблення супярэчнасцяў паміж дваранствам і буржуазіяй, з аднаго боку, і духавенствам — з другога.

3. Назавіце не менш за дзве прычыны, якія садзейнічалі ўнутранай міграцыі насельніцтва.

4. Ахарактарызуйце еўрапейскі горад XVIII ст.

5. Чым адрознівалася сістэма севазвароту, вынайдзеная жыхарамі горада Норфалк, ад тых, што існавалі раней?

6. Якія змены прыўнёс у жыццё грамадства навуковы і тэхнічны прагрэс? Складзіце табліцу, у якой будуць пералічаныя вынаходніцтвы XVIII ст.

7. Назавіце і ахарактарызуйце змены, якія адбыліся ў еўрапейскай адукацыі.

8. Чаму пруская адукацыйная сістэма распаўсюдзілася ў Еўропе і ЗША? Чым яна была прывабная для еўрапейцаў?

9. Уявіце, што вы — еўрапейскі гараджанін XVIII ст. Падрыхтуйце ліст нам, сучасным людзям, пра жыццё ў вашым населеным пункце.