§ 26. Кантрасты XVIII ст.: эпоха Асветніцтва і рэвалюцый

2. Тэорыі абмежаванай манархіі, народнага суверэнітэту і прынцып падзелу ўлады

У чыіх руках павінна быць сканцэнтравана вярхоўная ўлада? Гэтае пытанне непакоіла многіх дзеячаў Асветніцтва.

Вальтэр (Франсуа Мары Аруэ) найлепшай формай кіравання лічыў асветную манархію. Яго ідэалам быў правіцель, які вывучаў навуку кіравання грамадствам і абараняў асноўныя правы людзей.

Асаблівую ўвагу асветнікі надавалі ідэі народнага суверэнітэту, якая, на іх думку, атрымлівала найбольш поўнае ўвасабленне ў рэспубліканскім ладзе. Гэтую ідэю адстойваў французскі пісьменнік і філосаф Жан Жак Русо. Народны суверэнітэт — ​вяршэнства правоў народа — ​абгрунтоўваўся асветнікам «натуральнымі» правамі. Русо лічыў, што ўсе людзі ад прыроды роўныя і што ўсе тытулы і рангі павінны быць адмененыя. «Чалавек народжаны свабодным, — ​пісаў вялікі асветнік, — ​а між тым ён у ланцугах».

У «Грамадскім дагаворы» (1762) Ж. Ж. Русо апісаў ідэальныя грамадскія адносіны. У ідэальным грамадстве, паводле яго ўяўленняў, людзі заключаюць да­гавор адзін з адным, а не з правіцелем. Яны аддаюць частку сваіх натуральных свабод на карысць «агульнай справы» або дзеля дабра большасці, воля якой з’яўляецца законам для меншасці. Такім чынам, калі раней тэорыі дагавору зводзіліся да палітычнага пагаднення паміж людзьмі і правіцелем (Т. Гобс, Дж. Лок), то Ж. Ж. Русо прапанаваў ідэю сацыяльнага дагавору паміж усімі членамі грамадства. Пазней рэвалюцыянеры многіх краін кіраваліся ідэямі вялікага французскага мысліцеля.

Значную ролю ў абмежаванні ўлады манарха і руху грамадства да народнага суверэнітэту адыграла ідэя падзелу ўлады. Яна пачала афармляцца яшчэ ў XVII ст. Заснавальнікам вучэння аб падзеле ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую быў англійскі мысліцель Джон Лок. Невыпадкова менавіта Англія стала ўзорам дзяржаўнага ладу для філосафаў-­асветнікаў XVIII ст.

У далейшым ідэі Дж. Лока развіў выхадзец з арыстакратычнай сям’і барон Шарль Луі дэ Мантэск’ё. Ён лічыў, што функцыі кожнай галіны ўлады павінны быць дакладна вызначаны. У такім выпадку ніводная з галін не магла б уплываць на другую. Ідэі Ш. Мантэск’ё аб стрыманні і процівагах у арганізацыі ўлады, аб прынцыпе падзелу ўлады пазней будуць успрынятыя аўтарамі канстытуцыі ЗША і знойдуць у ёй непасрэднае адлюстраванне.