Печатать книгуПечатать книгу

§ 26. Кантрасты XVIII ст.: эпоха Асветніцтва і рэвалюцый

Як ідэі эпохі Асветніцтва змянілі светапогляд людзей?

Назавіце найважнейшыя навуковыя адкрыцці і тэхнічныя вынаходствы XVI–XVIII стст. Да якіх змен у еўрапейскім грамадстве прывялі развіццё капіталізму і Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Адраджэнне і Рэфармацыя? (Гісторыя Новага часу, 7 клас; § 21–23 гэтага дапаможніка)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 26. Кантрасты XVIII ст.: эпоха Асветніцтва і рэвалюцый
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 21 Май 2024, 05:21

1. Ідэалогія Асветніцтва

Фарміраванне новага грамадства шмат у чым вызначалася ўзрастаннем веры еўрапейцаў у стваральную сілу чалавечага розуму. Мысліцелі ставілі пад сумненне грамадскі лад, традыцыі, вераванні. Не дзіва, што XVIII ст. увайшло ў гісторыю як век Розуму, або Асветніцтва.

Асветніцтва — ​сацыяльны і культурны рух, які спарадзіў новы светапогляд на аснове веры ва ўсёмагутнасць чалавечага розуму і ў грамадскі прагрэс.

Першапачаткова ідэі Асветніцтва былі распаўсюджаны сярод вузкай групы вучоных, якія не ўхвалялі ломку існых грамадскіх і палітычных інстытутаў. Аднак з другой паловы XVIII ст. новыя погляды праз друк хутка ахапілі сярэднія слаі гарадскога еўрапейскага насельніцтва. З гэтага часу Асветніцтва прапанавала свету новыя мадэлі грамадскага ладу і больш актыўныя метады іх дасягнення.

У хуткім часе ідэі Асветніцтва ахапілі ўсю Еўропу. Свайго росквіту Асветніцтва дасягнула ў Францыі. У розных краінах Еўропы гэтая з’ява мела свае асаблівасці. У той жа час існавалі ідэі і паняцці, агульныя для новай эпохі.

У Францыі Асветніцтва пачало афармляцца сярод крытыкаў сацыяльна-­палітычнай сістэмы, што існавала ў той час. У Шатландыі і германскіх дзяржавах яно расквітнела ва ўніверсітэтах. У Прусіі, Аўстрыі і Іспаніі распаўсюджваннем ідэй Асветніцтва займаліся манархі.

Выдатнымі прадстаўнікамі французскага Асветніцтва былі Шарль Луі дэ Мантэск’ё, Вальтэр і Жан ­Жак Русо. Вялікай папулярнасцю карысталіся таксама ідэі шатландскага эканаміста Адама Сміта і нямецкага філосафа Імануіла Канта.

Асветнікі не прымалі царкоўнага вучэння аб недасканаласці прыроды чалавека. Яны верылі ў творчыя сілы людзей, верылі ў прагрэс, у тое, што гісторыя рухаецца да лепшага, развіваецца ад несправядлівага ўладкавання грамадства да справядлівага. Многім здавалася, што Асветніцтва прывядзе чалавецтва да шчасця, што праз адукацыю можна перабудаваць грамадства на прынцыпах разумнасці і справядлівасці. Сваімі мэтамі асветнікі абвясцілі свабоду, дабрабыт і шчасце людзей, мір, ненасілле і верацярпімасць.

Асветнікі прапанавалі ідэю натуральнага права. Яны лічылі, што ўсе людзі ад прыроды маюць роўныя правы. Адрозненні ў грамадстве ўсталяваныя не Богам, а людзьмі. Значыць, людзі могуць змяніць тое, што яны самі стварылі. Гэта была сапраўды рэвалюцыйная ідэя. Невыпадкова ідэі Асветніцтва сталі ідэалагічнай платформай рэвалюцый другой паловы XVIII ст.

2. Тэорыі абмежаванай манархіі, народнага суверэнітэту і прынцып падзелу ўлады

У чыіх руках павінна быць сканцэнтравана вярхоўная ўлада? Гэтае пытанне непакоіла многіх дзеячаў Асветніцтва.

Вальтэр (Франсуа Мары Аруэ) найлепшай формай кіравання лічыў асветную манархію. Яго ідэалам быў правіцель, які вывучаў навуку кіравання грамадствам і абараняў асноўныя правы людзей.

Асаблівую ўвагу асветнікі надавалі ідэі народнага суверэнітэту, якая, на іх думку, атрымлівала найбольш поўнае ўвасабленне ў рэспубліканскім ладзе. Гэтую ідэю адстойваў французскі пісьменнік і філосаф Жан Жак Русо. Народны суверэнітэт — ​вяршэнства правоў народа — ​абгрунтоўваўся асветнікам «натуральнымі» правамі. Русо лічыў, што ўсе людзі ад прыроды роўныя і што ўсе тытулы і рангі павінны быць адмененыя. «Чалавек народжаны свабодным, — ​пісаў вялікі асветнік, — ​а між тым ён у ланцугах».

У «Грамадскім дагаворы» (1762) Ж. Ж. Русо апісаў ідэальныя грамадскія адносіны. У ідэальным грамадстве, паводле яго ўяўленняў, людзі заключаюць да­гавор адзін з адным, а не з правіцелем. Яны аддаюць частку сваіх натуральных свабод на карысць «агульнай справы» або дзеля дабра большасці, воля якой з’яўляецца законам для меншасці. Такім чынам, калі раней тэорыі дагавору зводзіліся да палітычнага пагаднення паміж людзьмі і правіцелем (Т. Гобс, Дж. Лок), то Ж. Ж. Русо прапанаваў ідэю сацыяльнага дагавору паміж усімі членамі грамадства. Пазней рэвалюцыянеры многіх краін кіраваліся ідэямі вялікага французскага мысліцеля.

Значную ролю ў абмежаванні ўлады манарха і руху грамадства да народнага суверэнітэту адыграла ідэя падзелу ўлады. Яна пачала афармляцца яшчэ ў XVII ст. Заснавальнікам вучэння аб падзеле ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую быў англійскі мысліцель Джон Лок. Невыпадкова менавіта Англія стала ўзорам дзяржаўнага ладу для філосафаў-­асветнікаў XVIII ст.

У далейшым ідэі Дж. Лока развіў выхадзец з арыстакратычнай сям’і барон Шарль Луі дэ Мантэск’ё. Ён лічыў, што функцыі кожнай галіны ўлады павінны быць дакладна вызначаны. У такім выпадку ніводная з галін не магла б уплываць на другую. Ідэі Ш. Мантэск’ё аб стрыманні і процівагах у арганізацыі ўлады, аб прынцыпе падзелу ўлады пазней будуць успрынятыя аўтарамі канстытуцыі ЗША і знойдуць у ёй непасрэднае адлюстраванне.

3. Асветны абсалютызм

Ідэі Асветніцтва падарылі грамадству надзею на роўнасць перад законам. Неабходнасць у палітычных рэформах станавілася ўсё больш відавочнай. За стагоддзе насельніцтва Еўропы вырасла на 58 %. У сельскай гаспадарцы адбывалася распаўсюджванне рацыянальных, навуковых вытворчых метадаў. Але самае галоўнае — ​ішоў актыўны пераход да машыннай, капіталістычнай вытворчасці. Рост галечы, разарэнне цэлых гарадоў з-за вой­наў, хваробы сталі бедствам для гараджан.

Палітыка абсалютных манархій, у аснове якой былі ідэалы Асветніцтва, увайшла ў гісторыю пад назвай асветны абсалютызм. Асветны абсалютызм пачаў распаўсюджвацца ў Еўропе з другой паловы XVIII ст. Улада манарха пачала тлумачыцца не боскай воляй, а грамадскім дагаворам. Асветны правіцель, каб даказаць права на ўладу, павінен быў палепшыць жыццё сваіх грамадзян. Вальтэр лічыў, што асветная манархія з’яўляецца адзіна правільнай формай кіравання. Асветнікі спадзяваліся, што адукаваныя ў духу новых ідэй манархі змогуць правесці ў сваіх дзяржавах неабходныя рэформы.

Многія правіцелі, названыя гісторыкамі «асвечанымі дэспатамі», запрашалі да двара філосафаў і вучоных, каб тыя дапамаглі ім распрацаваць рэформы, накіраваныя на ўмацаванне дзяржавы. Так, у Прусію да двара Вільгельма II Вялікага з дынастыі Гогенцолернаў быў запрошаны сам Вальтэр. На працягу XVIII ст. Гогенцолерны ўсталявалі абсалютную манархію і ператварылі Прусію з маленькага каралеўства ў вялікую еўрапейскую дзяржаву.

Палітыка асветнага абсалютызму не змагла ў поўнай меры трансфармаваць грамадства і палітычныя інстытуты пад патрабаванні часу. Нярэдка рэфармаванне грамадства праходзіла ў форме рэвалюцый, накіраваных перш за ўсё супраць абсалютызму.

У XVIII ст. гісторыя заходняй цывілізацыі адзначана двума буйнейшымі рэвалюцыйнымі пераваротамі — ​Вайной за незалежнасць ЗША і Вялікай французскай рэвалюцыяй, якія мелі буржуазны характар. Абедзве рэвалюцыі прайшлі пад уплывам ідэалогіі Асветніцтва, іх наступствы шмат у чым прадвызначылі развіццё дэмакратыі як формы дзяржаўнага кіравання.

Пытанні

1. Сфармулюйце азначэнне паняцця «Асветніцтва». Калі і дзе яно ўзнікла і атрымала шырокае распаўсюджанне? Чаму мы можам гаварыць пра XVIII ст. як пра эпоху Асветніцтва?

2. Складзіце схему (ментальную карту, гекс), прысвечаную Асветніцтву: прычыны Асветніцтва, асветнікі і іх ідэі, палітыка «асветнага абсалютызму», прыклады гэтай палітыкі ў краінах Заходняй Еўропы.

3. Якім пытанням палітычнай тэорыі асветнікі надавалі асаблівую ўвагу?

4. Як вы думаеце, пазітыўную ці негатыўную ролю адыгралі ідэі Асветніцтва ў развіцці грамадства? Чаму?

5. Якія асаблівасці сістэмы поглядаў эпохі Асветніцтва маглі садзейнічаць развіццю рэвалюцыйных настрояў у грамадстве, а якія — ​наадварот?

6. Якія ідэі Асветніцтва пакладзены ў аснову галоўных дзяржаўных дакументаў ЗША?

7. Выкарыстоўваючы віртуальныя калекцыі музеяў, падбярыце ілюстрацыі да асноўных падзей эпохі Асветніцтва. Якія высновы можна зрабіць на падставе падабранай вамі «раскадроўкі»?