§ 26. Кантрасты XVIII ст.: эпоха Асветніцтва і рэвалюцый

1. Ідэалогія Асветніцтва

Фарміраванне новага грамадства шмат у чым вызначалася ўзрастаннем веры еўрапейцаў у стваральную сілу чалавечага розуму. Мысліцелі ставілі пад сумненне грамадскі лад, традыцыі, вераванні. Не дзіва, што XVIII ст. увайшло ў гісторыю як век Розуму, або Асветніцтва.

Асветніцтва — ​сацыяльны і культурны рух, які спарадзіў новы светапогляд на аснове веры ва ўсёмагутнасць чалавечага розуму і ў грамадскі прагрэс.

Першапачаткова ідэі Асветніцтва былі распаўсюджаны сярод вузкай групы вучоных, якія не ўхвалялі ломку існых грамадскіх і палітычных інстытутаў. Аднак з другой паловы XVIII ст. новыя погляды праз друк хутка ахапілі сярэднія слаі гарадскога еўрапейскага насельніцтва. З гэтага часу Асветніцтва прапанавала свету новыя мадэлі грамадскага ладу і больш актыўныя метады іх дасягнення.

У хуткім часе ідэі Асветніцтва ахапілі ўсю Еўропу. Свайго росквіту Асветніцтва дасягнула ў Францыі. У розных краінах Еўропы гэтая з’ява мела свае асаблівасці. У той жа час існавалі ідэі і паняцці, агульныя для новай эпохі.

У Францыі Асветніцтва пачало афармляцца сярод крытыкаў сацыяльна-­палітычнай сістэмы, што існавала ў той час. У Шатландыі і германскіх дзяржавах яно расквітнела ва ўніверсітэтах. У Прусіі, Аўстрыі і Іспаніі распаўсюджваннем ідэй Асветніцтва займаліся манархі.

Выдатнымі прадстаўнікамі французскага Асветніцтва былі Шарль Луі дэ Мантэск’ё, Вальтэр і Жан ­Жак Русо. Вялікай папулярнасцю карысталіся таксама ідэі шатландскага эканаміста Адама Сміта і нямецкага філосафа Імануіла Канта.

Асветнікі не прымалі царкоўнага вучэння аб недасканаласці прыроды чалавека. Яны верылі ў творчыя сілы людзей, верылі ў прагрэс, у тое, што гісторыя рухаецца да лепшага, развіваецца ад несправядлівага ўладкавання грамадства да справядлівага. Многім здавалася, што Асветніцтва прывядзе чалавецтва да шчасця, што праз адукацыю можна перабудаваць грамадства на прынцыпах разумнасці і справядлівасці. Сваімі мэтамі асветнікі абвясцілі свабоду, дабрабыт і шчасце людзей, мір, ненасілле і верацярпімасць.

Асветнікі прапанавалі ідэю натуральнага права. Яны лічылі, што ўсе людзі ад прыроды маюць роўныя правы. Адрозненні ў грамадстве ўсталяваныя не Богам, а людзьмі. Значыць, людзі могуць змяніць тое, што яны самі стварылі. Гэта была сапраўды рэвалюцыйная ідэя. Невыпадкова ідэі Асветніцтва сталі ідэалагічнай платформай рэвалюцый другой паловы XVIII ст.