§ 25. Еўрапейскі абсалютызм

3. Рэвалюцыя і ўсталяванне парламенцкай манархіі ў Англіі

Як і ў астатніх еўрапейскіх дзяржавах, у Англіі ў XVII–XVIII стст. склалася моцнае цэнтралізаванае кіраванне, але ў форме не абсалютнай, а абмежаванай манархіі. Англічане прынялі многія ідэі заснавальніка лібералізму Дж. Лока. Яны лічылі, што дзяржава павінна абараняць асноўныя свабоды і што ўлада даецца правіцелю са згоды яго падданых. Ідэі і інстытуты, што ўзніклі ў Англіі, стварылі ўмовы для фарміравання больш дэмакратычнай формы праўлення.

Каралеўская ўлада ў Англіі была абмежаваная Вялікай хартыяй вольнасцяў. Англійскія манархі павінны былі таксама лічыцца з рашэннямі парламента. Ужо да XVI ст. англійскі парламент заваяваў права зацвярджаць новыя падаткі і законы, прапанаваныя каралём. Аднак усё роўна ў манархаў заставалася больш улады, чым у парламента. Яны назначалі чыноўнікаў і суддзяў, склікалі і распускалі парламент, вызначалі знешнюю палітыку краіны. Апошнія правіцелі дынастыі Цюдораў — ​Генрых VIII і яго дачка Лізавета I — ​усведамлялі важнасць канструктыўнага ўзаемадзеяння з парламентам. Правіцелі ж новай дынастыі Сцюартаў — ​Якаў І і Карл І — ​верылі ў «боскае права каралёў» і нярэдка канфліктавалі з парламентам. Асабліва складанымі былі іх адносіны з ніжняй палатай парламента — ​палатай абшчын. Большасць яе прадстаўнікоў складалі дваране-­прадпрымальнікі, блізкія да буржуа, — ​джэнтры. Найбольш вострыя рознагалоссі паміж манархамі і парламентам узнікалі па фінансавых пытаннях.

Парламент рэзка крытыкаваў бяздарную знешнюю палітыку ўрада і выступаў супраць збору каралём незацверджаных падаткаў і практыкі прымусовых пазык. На працягу 1630-х гг. Карл І з-за сваёй палітыкі набыў шмат ворагаў. У Англіі ўсталяваўся рэжым тэрору.

Супрацьстаянне караля і парламента перарасло ў 1642 г. у востры канфлікт. Грамадзянская вайна ў Англіі працягвалася з 1642 па 1648 г. На баку караля выступілі пераважна дваране і сельскія жыхары (асабліва ў Паўночна-­Заходняй Ан­гліі). Прыхільнікаў караля называлі кавалерамі (ад слоў «конныя вершнікі», або «кавалерыя»).

Парламент набіраў вой­скі ў асноўным з прадстаўнікоў сярэдняга класа (асабліва з гарадоў Паўднёва-­Усходняй Англіі). За парламент змагаліся многія пурытане. Прыхільнікаў парламента называлі «круглагаловымі», паколькі яны каротка стрыгліся, каб падкрэсліць сваё адрозненне ад арыстакратаў, якія насілі доўгія валасы.

У 1645 г. ваенны і палітычны дзеяч Олівер Кромвель рэарганізаваў армію парламента ў так званую армію «новага ўзору». Пад яго энергічным кіраваннем яна ператварылася ў добра арганізаваную і магутную сілу. У некалькіх баях яна разбіла кавалераў і ў 1646 г. узяла ў палон самога караля.

У студзені 1649 г. суд прыгаварыў Карла I да смерці. Затым палата абшчын скасавала манархію і палату лордаў і абвясціла Англію рэспублікай. Такім чынам, грамадзянская вайна прывяла да рэвалюцыі ў сістэме ўладкавання англійскай дзяржавы.

Олівер Кромвель стаў на чале рэспублікі, вядомай пад назвай Садружнасць. О. Кромвель быў чалавекам высокіх маральных прынцыпаў. Ён падтрымліваў рэлігійную цярпімасць да ўсіх пратэстантаў, але не да католікаў. Ён спадзяваўся, што з дапамогай парламента зможа аднавіць мір.

Але грамадзянская вайна трагічным чынам раздзяліла Англію. Некаторыя рэфарматары хацелі працягу рэвалюцыі. Адна група — ​левелеры, узначаленыя Джонам Лілбернам, — ​патрабавала адмены дваранскіх тытулаў. Яны таксама лічылі, што права голасу на парламенцкіх выбарах павінны мець усе англійскія мужчыны. Але гэта была занадта смелая для таго часу ідэя (галасаваць магла толькі невялікая колькасць уласнікаў).

У 1652 г. Кромвель распусціў парламент. Затым ён прыняў тытул лорда-­пратэктара і кіраваў Англіяй як дыктатар да сваёй смерці ў 1658 г. Як лорд-пратэктар Кромвель увёў у краіне ваенную дыктатуру.
Армейскія чыноўнікі ўсталявалі строгія пурытанскія парадкі. Яны зачынілі тэатры, забаранілі газеты і танцы, узмацнілі законы, якія былі накіраваныя на недапушчэнне дуэляў, забаранялі брыдкаслоўе, блюзнерства і такую «бескарысную і бязбожніцкую» дзейнасць, як прагулка ў дзень адпачынку.

Палітыка, што праводзілася О. Кромвелем, была надзвычай непапулярная ў Англіі. Народ жадаў аднаўлення манархіі. Пасля смерці Кромвеля зноў сабраўся Доўгі парламент. У 1660 г. ён запрасіў сына Карла I, які жыў у Францыі, вярнуцца ў Англію і каранавацца ў якасці Карла II.

Так была адноўлена манархія, але грамадзянская вайна і стварэнне Садружнасці мелі значныя наступствы. Новы кароль быў асцярожны ў сваіх адносінах з парламентам. А парламент прымаў меры, каб не дазволіць Карлу ІІ і наступным правіцелям выкарыстоўваць уладу па ўласным жаданні. У 1679 г. быў прыняты важны закон — ​Хабеас корпус, які абараняў людзей ад самавольнага арышту па ініцыятыве каралеўскай улады.

Станаўленне нацыянальных дзяржаў, працяглыя вой­ны, вострая патрэба ў грашах, геаграфічныя адкрыцці, а таксама канец магутнасці царквы — ​усе гэтыя фактары прадвызначылі з’яўленне абсалютных манархій. У выніку знаць і саслоўна-­прадстаўнічыя органы паступова страчвалі свой уплыў. Рэлігія і грамадства апынуліся пад непасрэдным кантролем манархаў. Іх апорай стаў разгалінаваны бюракратычны апарат.