§ 25. Еўрапейскі абсалютызм

1. Барацьба вялікіх дзяржаў за панаванне ў Еўропе ў XVI–XVIII стст.

Канец XV — ​пачатак XVI ст. — ​час першых крокаў на шляху да фарміравання нацыянальных дзяржаў, якое заняло тры наступныя стагоддзі. Новыя манархіі аб’ядналі тэрыторыі з рознымі мовамі, культурай і гістарычным мінулым.

Вой­ны як сродак вядзення палітыкі ў гэты перыяд сталі больш маштабнымі. Яны набывалі агульнаеўрапейскі характар, а дзякуючы ўдасканаленню тэхналогій апынуліся дарагімі і вялі да большых чалавечых ахвяр.

У першай палове XVI ст. за панаванне ў Еўропе змагаліся французская дынастыя Валуа, аўстрыйскія і іспанскія Габсбургі. У выніку гэтага супрацьстаяння ў 1557 г. Францыя і Свяшчэнная Рымская імперыя, так і не атрымаўшы вырашальнай перамогі, абвясцілі сябе банкрутамі, растраціўшы пазычаныя домам Фугераў грошы ў ваенных паходах.

Не паспела Францыя аднавіцца пасля нядаўняга канфлікту, як апынулася ў віры рэлігійных вой­наў (1562–1598). Іспанію ж зацягнула барацьба з Галандыяй. На ўсход разгарнулася проціборства паміж Расіяй, Рэччу Паспалітай і Швецыяй. Узмацненне апошняй змяніла суадносіны сіл у паўночна-­ўсходнім рэгіёне Еўропы і пачало пагражаць магутнасці аўстрый­скіх Габсбургаў. Да 1618 г. разрозненыя тэатры ваенных дзеянняў зліліся ў адзін з самых буйны`х канфліктаў XVII ст. — ​Трыццацігадовую вайну (1618–1648).

Вестфальскі мір 1648 г., які азнаменаваў заканчэнне вайны, адкрыў новую эру еўрапейскай міжнароднай палітыкі, звязаную з так званай Вестфальскай сістэмай міжнародных адносін. Пазіцыі Габсбургаў і Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Еўропе пахіснуліся. Імператар ужо не мог умешвацца ў справы германскіх дзяржаў. Габсбургі спынілі спробы пашырэння тэрыторыі за кошт іншых еўрапейскіх краін. Аслаблі таксама Іспанія і Данія. Расія ўступіла ў працяглы перыяд ізаляцыі ад Заходняй Еўропы. Адначасова адбылося ўмацаванне пазіцый Галандыі і Швецыі. Вестфальскі мір пацвердзіў тэрытарыяльныя і палітычныя змены, якія мелі месца за папярэднія 50 гадоў. Акрамя таго, новы мір азнаменаваў устанаўленне геаграфічных межаў распаўсюджання каталіцызму і пратэстантызму, якія ў далейшым мала змяніліся. Але самым важным было тое, што трансфармаваліся прынцыпы міжнароднай палітыкі. У выніку складвання Вестфальскай сістэмы яе дзеючай асобай стаў выступаць не манарх, а суверэнная дзяржава.

Вестфальскі мір падрыхтаваў французскую гегемонію ў Еўропе. Тэрытарыяльныя набыткі, а таксама падтрымка германскіх пратэстанцкіх княстваў ператварылі Францыю ў еўрапейскага лідара больш як на паўстагоддзя. Аднак Вайна за Іспанскую спадчыну (1701–1714) азнаменавала не толькі падзенне Іспаніі, але і аслабленне міжнародных пазіцый Францыі. Канфлікт вёўся ў Еўропе і за яе межамі. У Паўночнай Амерыцы Англія і Францыя пачалі барацьбу за заморскія землі. Доўгая вайна аслабіла ўсе дзяржавы, і ў 1713 г. ва Утрэхце быў падпісаны мірны дагавор. Францыі ўдалося захаваць свае граніцы. Аўстрыі дасталіся іспанскія Нідэрланды. Вялікабрытанія (у 1707 г. Англія і Шатландыя аб’ядналіся ў Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі) атрымала Гібралтар.

Так вяршэнству Францыі ў Еўропе прыйшоў канец. У міжнароднай палітыцы запанаваў прынцып балансу сіл. Гэта азначала, што ніводная з дзяржаў не была дастаткова магутнай, каб дамінаваць у Еўропе.

Да сярэдзіны XVIII ст. на ролю еўрапейскіх лідараў прэтэндавалі дзве германскія дзяржавы — ​Аўстрыя і Прусія. Вялікабрытанія і Расія таксама адгрывалі важную ролю ў еўрапейскай палітыцы. Майстэрства дыпламатыі вялікіх дзяржаў у гэты час было ў тым, каб шляхам стварэння саюзаў і альянсаў падтрымаць ужо існуючы баланс сіл.

Між тым рознагалоссі паміж вялікімі еўрапейскімі дзяржавамі былі даволі моцнымі. Невыпадкова ў вайну за аўстрыйскую спадчыну (1740–1748) было ўцягнута мноства еўрапейскіх дзяржаў. Аднак па ўмовах міру ўсе тэрыторыі вярталіся тым краінам, якім яны належалі да вайны. Толькі Прусія пад кіраўніцтвам караля Фрыдрыха II Вялікага (1740–1786) замацавала за сабой Сілезію. Аўстрыя імкнулася вярнуць Сілезію, а Прусія і Расія хацелі пашырыць свае ўладанні. Вялікабрытанія і Францыя працягвалі сапернічаць за тэрыторыі ў Індыі і Паўночнай Амерыцы. У хуткім часе сутыкненне інтарэсаў прывяло еўрапейскія дзяржавы да Сямігадовай вайны (1756–1763), якая праходзіла на тэрыторыі трох кантынентаў: у Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы. У выніку вайны Англія стала вядучай каланіяльнай ­дзяржавай. Згодна з мірнымі дагаворамі 1763 г. Вялікабрытанія атрымала Канаду і ўсе французскія землі на ўсход ад ракі Місісіпі. Францыя захавала свае гандлёвыя факторыі ў Індыі, а таксама два «цукровых» астравы ў Вест-­Індыі. Прусія ж здолела замацаваць за сабой Сілезію. У выніку паспяховых заваёўніцкіх вой­наў Фрыдрыха II Прусія да канца XVIII ст. стала магутнай дзяржавай і галоўным сапернікам Аўстрыі ў барацьбе за ўладу ў Германіі.
Сямігадовая вайна пакінула Вялікабрытанію і Францыю ў вялікіх даўгах. Палітыка, якую праводзілі гэтыя краіны ў мэтах пагашэння сваіх даўгоў, у далейшым прывяла да падрыву брытанскага панавання ў Паўночнай Амерыцы і падзенню абсалютнай манархіі ў Францыі.