Печатать книгуПечатать книгу

§ 25. Еўрапейскі абсалютызм

Ці з’яўляўся абсалютызм прагрэсам у палітычным развіцці еўрапейскага грамадства?

Як змянялася палітычная карта Еўропы на працягу першага перыяду Новага часу? (Гісторыя Новага часу, 7 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 25. Еўрапейскі абсалютызм
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 06:17

1. Барацьба вялікіх дзяржаў за панаванне ў Еўропе ў XVI–XVIII стст.

Канец XV — ​пачатак XVI ст. — ​час першых крокаў на шляху да фарміравання нацыянальных дзяржаў, якое заняло тры наступныя стагоддзі. Новыя манархіі аб’ядналі тэрыторыі з рознымі мовамі, культурай і гістарычным мінулым.

Вой­ны як сродак вядзення палітыкі ў гэты перыяд сталі больш маштабнымі. Яны набывалі агульнаеўрапейскі характар, а дзякуючы ўдасканаленню тэхналогій апынуліся дарагімі і вялі да большых чалавечых ахвяр.

У першай палове XVI ст. за панаванне ў Еўропе змагаліся французская дынастыя Валуа, аўстрыйскія і іспанскія Габсбургі. У выніку гэтага супрацьстаяння ў 1557 г. Францыя і Свяшчэнная Рымская імперыя, так і не атрымаўшы вырашальнай перамогі, абвясцілі сябе банкрутамі, растраціўшы пазычаныя домам Фугераў грошы ў ваенных паходах.

Не паспела Францыя аднавіцца пасля нядаўняга канфлікту, як апынулася ў віры рэлігійных вой­наў (1562–1598). Іспанію ж зацягнула барацьба з Галандыяй. На ўсход разгарнулася проціборства паміж Расіяй, Рэччу Паспалітай і Швецыяй. Узмацненне апошняй змяніла суадносіны сіл у паўночна-­ўсходнім рэгіёне Еўропы і пачало пагражаць магутнасці аўстрый­скіх Габсбургаў. Да 1618 г. разрозненыя тэатры ваенных дзеянняў зліліся ў адзін з самых буйны`х канфліктаў XVII ст. — ​Трыццацігадовую вайну (1618–1648).

Вестфальскі мір 1648 г., які азнаменаваў заканчэнне вайны, адкрыў новую эру еўрапейскай міжнароднай палітыкі, звязаную з так званай Вестфальскай сістэмай міжнародных адносін. Пазіцыі Габсбургаў і Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Еўропе пахіснуліся. Імператар ужо не мог умешвацца ў справы германскіх дзяржаў. Габсбургі спынілі спробы пашырэння тэрыторыі за кошт іншых еўрапейскіх краін. Аслаблі таксама Іспанія і Данія. Расія ўступіла ў працяглы перыяд ізаляцыі ад Заходняй Еўропы. Адначасова адбылося ўмацаванне пазіцый Галандыі і Швецыі. Вестфальскі мір пацвердзіў тэрытарыяльныя і палітычныя змены, якія мелі месца за папярэднія 50 гадоў. Акрамя таго, новы мір азнаменаваў устанаўленне геаграфічных межаў распаўсюджання каталіцызму і пратэстантызму, якія ў далейшым мала змяніліся. Але самым важным было тое, што трансфармаваліся прынцыпы міжнароднай палітыкі. У выніку складвання Вестфальскай сістэмы яе дзеючай асобай стаў выступаць не манарх, а суверэнная дзяржава.

Вестфальскі мір падрыхтаваў французскую гегемонію ў Еўропе. Тэрытарыяльныя набыткі, а таксама падтрымка германскіх пратэстанцкіх княстваў ператварылі Францыю ў еўрапейскага лідара больш як на паўстагоддзя. Аднак Вайна за Іспанскую спадчыну (1701–1714) азнаменавала не толькі падзенне Іспаніі, але і аслабленне міжнародных пазіцый Францыі. Канфлікт вёўся ў Еўропе і за яе межамі. У Паўночнай Амерыцы Англія і Францыя пачалі барацьбу за заморскія землі. Доўгая вайна аслабіла ўсе дзяржавы, і ў 1713 г. ва Утрэхце быў падпісаны мірны дагавор. Францыі ўдалося захаваць свае граніцы. Аўстрыі дасталіся іспанскія Нідэрланды. Вялікабрытанія (у 1707 г. Англія і Шатландыя аб’ядналіся ў Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі) атрымала Гібралтар.

Так вяршэнству Францыі ў Еўропе прыйшоў канец. У міжнароднай палітыцы запанаваў прынцып балансу сіл. Гэта азначала, што ніводная з дзяржаў не была дастаткова магутнай, каб дамінаваць у Еўропе.

Да сярэдзіны XVIII ст. на ролю еўрапейскіх лідараў прэтэндавалі дзве германскія дзяржавы — ​Аўстрыя і Прусія. Вялікабрытанія і Расія таксама адгрывалі важную ролю ў еўрапейскай палітыцы. Майстэрства дыпламатыі вялікіх дзяржаў у гэты час было ў тым, каб шляхам стварэння саюзаў і альянсаў падтрымаць ужо існуючы баланс сіл.

Між тым рознагалоссі паміж вялікімі еўрапейскімі дзяржавамі былі даволі моцнымі. Невыпадкова ў вайну за аўстрыйскую спадчыну (1740–1748) было ўцягнута мноства еўрапейскіх дзяржаў. Аднак па ўмовах міру ўсе тэрыторыі вярталіся тым краінам, якім яны належалі да вайны. Толькі Прусія пад кіраўніцтвам караля Фрыдрыха II Вялікага (1740–1786) замацавала за сабой Сілезію. Аўстрыя імкнулася вярнуць Сілезію, а Прусія і Расія хацелі пашырыць свае ўладанні. Вялікабрытанія і Францыя працягвалі сапернічаць за тэрыторыі ў Індыі і Паўночнай Амерыцы. У хуткім часе сутыкненне інтарэсаў прывяло еўрапейскія дзяржавы да Сямігадовай вайны (1756–1763), якая праходзіла на тэрыторыі трох кантынентаў: у Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы. У выніку вайны Англія стала вядучай каланіяльнай ­дзяржавай. Згодна з мірнымі дагаворамі 1763 г. Вялікабрытанія атрымала Канаду і ўсе французскія землі на ўсход ад ракі Місісіпі. Францыя захавала свае гандлёвыя факторыі ў Індыі, а таксама два «цукровых» астравы ў Вест-­Індыі. Прусія ж здолела замацаваць за сабой Сілезію. У выніку паспяховых заваёўніцкіх вой­наў Фрыдрыха II Прусія да канца XVIII ст. стала магутнай дзяржавай і галоўным сапернікам Аўстрыі ў барацьбе за ўладу ў Германіі.
Сямігадовая вайна пакінула Вялікабрытанію і Францыю ў вялікіх даўгах. Палітыка, якую праводзілі гэтыя краіны ў мэтах пагашэння сваіх даўгоў, у далейшым прывяла да падрыву брытанскага панавання ў Паўночнай Амерыцы і падзенню абсалютнай манархіі ў Францыі.

2. Станаўленне абсалютысцкіх дзяржаў

У XVII–XVIII стст. у Еўропе з’явілася новая форма дзяржаўнай улады — ​абсалютная манархія, пры якой уся ўлада (заканадаўчая, выканаўчая і судовая®) належала манарху. Саслоўна-­прадстаўнічая манархія, пры якой некаторыя саслоўі ўдзельнічалі ў кіраванні дзяржавай, перастала адпавядаць патрэбам нацыянальных дзяржаў.

Станаўленне класавага грамадства ў процівагу саслоўнаму падзелу, развіццё капіталістычных адносін, увядзенне сістэмы пастаяннага падаткаабкладання, а таксама навуковая рэвалюцыя садзейнічалі афармленню абсалютызму. Навуковыя ўяўленні аб тым, што Сонца — ​цэнтр нашай часткі Сусвету, былі перакладзены на сферу палітыкі, якая стала тлумачыцца зыходзячы з натуральнага парадку рэчаў. Невыпадкова кароль Францыі Людовік XIV называў сябе «каралём-­сонцам»: тым самым ён адзначаў, што манарх знаходзіцца ў цэнтры палітычнай сістэмы. Папулярнасць цэнтралізаваных дзяржаў з абсалютнай уладай манарха ўмацоўвалі спадзяванні на парадак і бяспеку, якіх чакалі еўрапейцы, стомленыя ад вой­наў і разрухі.

Найбольш яскравы прыклад абсалютызму — ​Францыя перыяду кіравання караля Людовіка XIV (1643–1715). Ваенныя поспехі Францыі, даходы ад заморскіх уладанняў, асабліва ад плантацый цукровага трыснягу з французскіх калоній Ка­рыб­ска­га мора, стварылі неабходную матэрыяльную базу для неабмежаванай улады манарха. Раскоша французскага двара стала сімвалам поспеху кіравання дзяржавай і ўзорам для пераймання. Яшчэ адным сімвалам велічы ўлады манарха стала будаўніцтва шыкоўнага палаца — ​Версаля.

Аднак глеба для французскага абсалютызму была падрыхтавана раней. Кардынал Рышэлье, з’яўляючыся першым міністрам з 1624 г., аслабіў пазіцыі арыстакратыі і незалежных пратэстанцкіх гарадоў.

23-гадовы Людовік вырашыў кіраваць краінай самастойна. У перыяд свайго кіравання ён нікога не назначаў на пасаду першага міністра. Незадаволеную арыстакратыю ён задобрыў грашовымі выплатамі, вызваленнем ад выплаты рэгулярных падаткаў і дзяржаўнымі пасадамі. Людовік XIV здолеў акружыць сябе таленавітымі людзьмі, такімі як міністр Жан Батыст Кальбер. Ж. Б. Кальбер вёў палітыку, накіраваную на ўмацаванне ўнутранай эканомікі і яе абарону ад канкурэнцыі тавараў з іншых дзяржаў. Аднак нават умелая пратэкцыянісцкая палітыка Кальбера не змагла ўберагчы Францыю ад разарэння. Тым не менш пераемнікі Людовіка XIV прадоўжылі палітыку абсалютызму.

Многія еўрапейскія дзяржавы сталі капіраваць эканамічны і ваенны курс французскага караля. Выкарыстоўвалі яго вопыт дружалюбныя да Францыі германскія дзяржавы Свяшчэннай Рымскай імперыі. Нават самыя невялікія з іх імкнуліся будаваць мініяцюрныя копіі Версаля, мець пастаянную армію, дзяржаўную царкву і праводзіць пратэкцыянісцкую палітыку.

Іншыя краіны Еўропы не пераймалі непасрэдна французскія інстытуты абсалютызму, але дзейнічалі ў кірунку ўмацавання каралеўскай улады. Прыкладам такой дзяржавы можа служыць Англія.

3. Рэвалюцыя і ўсталяванне парламенцкай манархіі ў Англіі

Як і ў астатніх еўрапейскіх дзяржавах, у Англіі ў XVII–XVIII стст. склалася моцнае цэнтралізаванае кіраванне, але ў форме не абсалютнай, а абмежаванай манархіі. Англічане прынялі многія ідэі заснавальніка лібералізму Дж. Лока. Яны лічылі, што дзяржава павінна абараняць асноўныя свабоды і што ўлада даецца правіцелю са згоды яго падданых. Ідэі і інстытуты, што ўзніклі ў Англіі, стварылі ўмовы для фарміравання больш дэмакратычнай формы праўлення.

Каралеўская ўлада ў Англіі была абмежаваная Вялікай хартыяй вольнасцяў. Англійскія манархі павінны былі таксама лічыцца з рашэннямі парламента. Ужо да XVI ст. англійскі парламент заваяваў права зацвярджаць новыя падаткі і законы, прапанаваныя каралём. Аднак усё роўна ў манархаў заставалася больш улады, чым у парламента. Яны назначалі чыноўнікаў і суддзяў, склікалі і распускалі парламент, вызначалі знешнюю палітыку краіны. Апошнія правіцелі дынастыі Цюдораў — ​Генрых VIII і яго дачка Лізавета I — ​усведамлялі важнасць канструктыўнага ўзаемадзеяння з парламентам. Правіцелі ж новай дынастыі Сцюартаў — ​Якаў І і Карл І — ​верылі ў «боскае права каралёў» і нярэдка канфліктавалі з парламентам. Асабліва складанымі былі іх адносіны з ніжняй палатай парламента — ​палатай абшчын. Большасць яе прадстаўнікоў складалі дваране-­прадпрымальнікі, блізкія да буржуа, — ​джэнтры. Найбольш вострыя рознагалоссі паміж манархамі і парламентам узнікалі па фінансавых пытаннях.

Парламент рэзка крытыкаваў бяздарную знешнюю палітыку ўрада і выступаў супраць збору каралём незацверджаных падаткаў і практыкі прымусовых пазык. На працягу 1630-х гг. Карл І з-за сваёй палітыкі набыў шмат ворагаў. У Англіі ўсталяваўся рэжым тэрору.

Супрацьстаянне караля і парламента перарасло ў 1642 г. у востры канфлікт. Грамадзянская вайна ў Англіі працягвалася з 1642 па 1648 г. На баку караля выступілі пераважна дваране і сельскія жыхары (асабліва ў Паўночна-­Заходняй Ан­гліі). Прыхільнікаў караля называлі кавалерамі (ад слоў «конныя вершнікі», або «кавалерыя»).

Парламент набіраў вой­скі ў асноўным з прадстаўнікоў сярэдняга класа (асабліва з гарадоў Паўднёва-­Усходняй Англіі). За парламент змагаліся многія пурытане. Прыхільнікаў парламента называлі «круглагаловымі», паколькі яны каротка стрыгліся, каб падкрэсліць сваё адрозненне ад арыстакратаў, якія насілі доўгія валасы.

У 1645 г. ваенны і палітычны дзеяч Олівер Кромвель рэарганізаваў армію парламента ў так званую армію «новага ўзору». Пад яго энергічным кіраваннем яна ператварылася ў добра арганізаваную і магутную сілу. У некалькіх баях яна разбіла кавалераў і ў 1646 г. узяла ў палон самога караля.

У студзені 1649 г. суд прыгаварыў Карла I да смерці. Затым палата абшчын скасавала манархію і палату лордаў і абвясціла Англію рэспублікай. Такім чынам, грамадзянская вайна прывяла да рэвалюцыі ў сістэме ўладкавання англійскай дзяржавы.

Олівер Кромвель стаў на чале рэспублікі, вядомай пад назвай Садружнасць. О. Кромвель быў чалавекам высокіх маральных прынцыпаў. Ён падтрымліваў рэлігійную цярпімасць да ўсіх пратэстантаў, але не да католікаў. Ён спадзяваўся, што з дапамогай парламента зможа аднавіць мір.

Але грамадзянская вайна трагічным чынам раздзяліла Англію. Некаторыя рэфарматары хацелі працягу рэвалюцыі. Адна група — ​левелеры, узначаленыя Джонам Лілбернам, — ​патрабавала адмены дваранскіх тытулаў. Яны таксама лічылі, што права голасу на парламенцкіх выбарах павінны мець усе англійскія мужчыны. Але гэта была занадта смелая для таго часу ідэя (галасаваць магла толькі невялікая колькасць уласнікаў).

У 1652 г. Кромвель распусціў парламент. Затым ён прыняў тытул лорда-­пратэктара і кіраваў Англіяй як дыктатар да сваёй смерці ў 1658 г. Як лорд-пратэктар Кромвель увёў у краіне ваенную дыктатуру.
Армейскія чыноўнікі ўсталявалі строгія пурытанскія парадкі. Яны зачынілі тэатры, забаранілі газеты і танцы, узмацнілі законы, якія былі накіраваныя на недапушчэнне дуэляў, забаранялі брыдкаслоўе, блюзнерства і такую «бескарысную і бязбожніцкую» дзейнасць, як прагулка ў дзень адпачынку.

Палітыка, што праводзілася О. Кромвелем, была надзвычай непапулярная ў Англіі. Народ жадаў аднаўлення манархіі. Пасля смерці Кромвеля зноў сабраўся Доўгі парламент. У 1660 г. ён запрасіў сына Карла I, які жыў у Францыі, вярнуцца ў Англію і каранавацца ў якасці Карла II.

Так была адноўлена манархія, але грамадзянская вайна і стварэнне Садружнасці мелі значныя наступствы. Новы кароль быў асцярожны ў сваіх адносінах з парламентам. А парламент прымаў меры, каб не дазволіць Карлу ІІ і наступным правіцелям выкарыстоўваць уладу па ўласным жаданні. У 1679 г. быў прыняты важны закон — ​Хабеас корпус, які абараняў людзей ад самавольнага арышту па ініцыятыве каралеўскай улады.

Станаўленне нацыянальных дзяржаў, працяглыя вой­ны, вострая патрэба ў грашах, геаграфічныя адкрыцці, а таксама канец магутнасці царквы — ​усе гэтыя фактары прадвызначылі з’яўленне абсалютных манархій. У выніку знаць і саслоўна-­прадстаўнічыя органы паступова страчвалі свой уплыў. Рэлігія і грамадства апынуліся пад непасрэдным кантролем манархаў. Іх апорай стаў разгалінаваны бюракратычны апарат.

Пытанні

1. Назавіце прычыны канфліктаў другой паловы XVI — ​першай паловы XVII ст.

2. Як змянілася міжнародная палітыка пасля заключэння Вестфальскага міру?

3. Ахарактарызуйце палітычнае становішча Францыі, Прусіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі ў XVII ст.

4. Чаму на змену саслоўна-­прадстаўнічай манархіі прыйшла абсалютная? Назавіце не менш чым тры прычыны.

5. Чаму фраза Людовіка XIV «Дзяржава — ​гэта я» выяўляе сутнасць абсалютызму?

6. Ці садзейнічала палітыка абсалютызму ўмацаванню асабістых правоў чалавека ў грамадстве?

7. Як склаўся і развіваўся абсалютызм у Англіі?

8. Параўнайце англійскі і французскі абсалютызм. Назавіце агульныя і адметныя рысы.