§ 24. Еўрапейская навука і культура канца XVI — XVII ст.

4. Літаратура і мастацтва

Новыя з’явы ў жыцці еўрапейскага грамадства яскрава адбіліся ў культуры XVII ст., якая зведала на сабе ўплыў трох стыляў: маньерызму, барока і класіцызму.


Яшчэ з другой паловы XVI ст. у выяўленчым мастацтве, архітэктуры і літаратуры ўсталяваўся новы стыль — ​маньерызм (ад італ. maniera — ​манера, стыль). Зарадзіўшыся ў Італіі ў 1520-я гг., ён дамінаваў у Еўропе да 1620-х гг. Маньерызм стаў сімвалам крушэння гарманічнага, ідэальнага свету эпохі Адраджэння, у якім чалавек выяўляўся ў ідэальных вобразах. Маньерызм звярнуў увагу на адмоўны бок жыцця — ​на пакуты чалавека і супярэчлівасць яго натуры, у якой маглі ўжывацца і высакародныя і ганебныя жаданні. Маньерызм паказваў уяўнасць магутнасці чалавека ў часта варожым для яго свеце.

Цікавасць да антычнай класікі змянілася захапленнем эліністычнай філасофіяй, якая паказвала залежнасць чалавека ад боскіх сіл. Акцэнт рабіўся на містычным, нерацыянальным успрыманні свету, пагрозлівага і непрыязнага да чалавека.

У літаратуры маньерызм праявіўся ва ўскладненай структуры твора, вытанчанасці стылю, кантраснасці вобразаў і выкарыстанні алегорый.

У жывапісе гэты стыль праявіўся ў імкненні мастакоў перадаць унутраны вобраз, а не як мага дакладней адлюстраваць знешнюю рэальнасць. Візуальна гэта праявілася ў ламанасці контураў, змеепадобных лініях, свядомым скажэнні прапорцый чалавечага цела, рэзкіх колеравых дысанансах. У архітэктуры назіралася перавага складаных паркавых кантрасных кампазіцый. Незвычайныя прасторавыя эфекты ўзмацняліся спалучэннем розных матэрыялаў (прыродны камень, бронза, мармур). Выкарыстанне лесвіц, дэкаратыўнасць, арнаментальнасць, пластыка, а таксама манументальная скульптура сталі характэрнымі рысамі маньерызму.

Маньерызм стаў пераходным стылем ад Адраджэння да барока (ад італ. barocco — ​мудрагелісты, дзіўны), які панаваў у Еўропе на працягу практычна ўсяго XVII ст. Некаторыя даследчыкі разглядаюць маньерызм не як асобны стыль, а як частку барока. Сапраўды, абодва стылі вельмі падобныя. Тым не менш прадстаўнікі барока асудзілі маньерызм з-за адыходу ад рэальнасці. Для барока былі характэрныя рэлігійнасць, узвышанасць, цэласнасць і заканамернасць пабудовы сюжэта або формы. У стылі барока ўпершыню ў гісторыі злучыліся класічныя формы Рэнесансу і рамантычнае бачанне рэальнасці. Рэлігійнае каталіцкае светаўспрыманне набыло тут містычнае адценне. Невыпадкова барока называюць «стылем каталіцызму». Гэтая асаблівасць мастацтва барока спачатку праявілася ў Італіі, крыху пазней — ​у Іспаніі, Рэчы Паспалітай. Шырокае распаўсюджанне барока атрымала ў ВКЛ, ператварыўшыся тут у стыль віленскага барока.

Барока ў першую чаргу ўвасобіла памкненні каталіцкай Контррэфармацыі. Асаблівага росквіту яно дасягнула ў Мадрыдзе, Празе, Вене і Бруселі. Крыху пазней стыль барока распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе і трапіў у Лацінскую Амерыку. Першая барочная царква Іль Джэзу была пабудавана ў Рыме ў 1584 г. Яе фасад стаў узорам для будаўніцтва многіх цэркваў як у Італіі, так і далёка за яе межамі (Парыж, Гродна, Львоў і інш.). Першы ў Рэчы Паспалітай барочны архітэктурны помнік — ​Фарны касцёл у Нясвіжы — ​быў пабудаваны ўжо ў 1593 г. італьянскім майстрам Джавані Бернардоні на ўзор Іль Джэзу.

Буйнейшым італьянскім архітэктарам барока, які працаваў у XVII ст., быў Джавані Ларэнца Берніні. Усяму свету вядомая плошча Святога Пятра ў Рыме, створаная па яго праекце. Раскошная каланада ўтварае штучную перспектыву і зрокава павялічвае памеры сабора. Менавіта Берніні завяршыў пачатае Мі­ке­лан­джэла Буанароці будаўніцтва базілікі Св. Пятра ў Рыме. Рух, эмацыянальнасць і драматычныя эфекты вызначаюць інтэр’ер базілікі, асабліва выкананы архітэктарам трон Св. Пятра.

З другой паловы XVII ст. культурным цэнтрам Еўропы стала Францыя. Менавіта там адбылося вяртанне да класічных формаў эпохі Адраджэння і станаўленне новага стылю. Класіцызму (ад лац. classicus — ​узорны) былі ўласцівыя выразнасць, прастата і прапарцыянальнасць.

Выразнікам новых павеваў у жывапісе стаў французскі жывапісец Нікала Пусен. Яго сюжэтны зварот да Грэцыі і Рыма, ціхамірнасць пейзажаў, перанятыя з антычнасці позы выяўленых людзей і выкарыстанне карычневых тонаў сталі неад’емнымі рысамі стылю класіцызму.

У літаратуры станаўленне класічных формаў было звязана з французскім паэтам Франсуа Малербам. Сваімі вершамі ён рэфармаваў французскую мову і фактычна ўкараніў новыя паэтычныя каноны:

І вось прыйшоў Малерб, і даў французам першы
Памеру, рытму падначаленыя вершы…
Магутнасць слоў, парадкам злучаных, адкрыў
І музу правілам няўхільным пакарыў.

Н. Буало. «Паэтычнае мастацтва», 1674 г. (пераклад Н. Кучмель)

Прадстаўнікі класіцызму зыходзілі з таго, што існуюць вечныя законы творчасці, якія чалавек павінен вывучаць з пазіцыі розуму і якімі павінен кіравацца. Не дзіва, што класіцысты імкнуліся адлюстраваць не рэальнае жыццё, а ідэальнае. Толькі ў адрозненне ад канцэпцый маньерыстаў і прадстаўнікоў барока іх ідэал высакароднай асобы быў спароджаны не фантазіямі і пачуццямі, а розумам і быў прызначаны ўдасканальваць грамадства. Асаблівую ўвагу класіцысты надавалі тэатральнаму мастацтву, якое было самым папулярным у XVII ст. У эпоху класіцызму адбыўся росквіт драматургіі. Творы П’ера Карнэля, Жана Расіна і Мальера сталі прыкладам класічных драматычных твораў XVII ст.

Навука і культура канца XVI — XVII ст. па-свой­му адлюстравалі змяненні, якія перажывала еўрапейскае грамадства. Навука ўсё далей адыходзіла ад царкоўных догмаў, знайшоўшы апору ў рацыянальным спасціжэнні рэчаіснасці. Культура ж эмацыянальна адлюстравала шырокую палітру чалавечых перажыванняў той эпохі. Вера ў магутнасць чалавечай прыроды, уласцівая Рэнесансу, хутка змянілася няўпэўненасцю і ўцёкамі ад рэальнасці ў маньерызме. Афарбаванае рэлігійнасцю барока стала спробай прымірыць рэалізм першага і рамантызм другога стыляў. Класіцызм жа адлюстраваў імкненне людзей, стомленых ад вой­наў і разрухі, да парадку і прастаты, якія стваралі ў грамадстве ілюзію абароненасці.