§ 24. Еўрапейская навука і культура канца XVI — XVII ст.

1. Навуковая рэвалюцыя

Тэхнічныя вынаходствы XVI–XVII стст. (тэлескоп, ртутны барометр і інш.) выклікалі ўздым у развіцці прыродазнаўчых навук і медыцыны. Новыя тэхналогіі і ўдасканаленыя метады даследавання сталі характэрнымі рысамі навуковай рэвалюцыі, якая абумовіла навукова-тэхнічны прагрэс і вызначыла сучаснае развіццё свету. Сутнасцю навуковай рэвалюцыі стала грандыёзнае накапленне ведаў, змяненне каштоўнасцяў і поглядаў людзей адносна прыроды і грамадства.

Часткай навуковай рэвалюцыі стала фарміраванне новых падыходаў да вывучэння прыроды і грамадства. Англійскі філосаф і палітык Фрэнсіс Бэкан (1561–1626) сфармуляваў сутнасць новага метаду навуковага пазнання — эмпірычнага. Сярэднявечны схаластычны метад разваг (метад дэдукцыі), які ўсё яшчэ панаваў у навуцы, грунтаваўся на тым, што спачатку вылучалася палажэнне, якое патрабавала доказаў, а затым да яго падбіраліся самі доказы (разважанне ад агульнага да асобнага). Індуктыўны метад Ф. Бэкана прадугледжваў спачатку аналіз асобных фактаў, пасля чаго на іх падставе рабілася заключэнне (разважанне ад асобнага да агульнага).

Паступова быў выпрацаваны падыход, які атрымаў вядомасць як навуковы метад. Ён аб’ядноўваў назіранне і асэнсаванне. Навуковы метад уяўляе сабой паслядоўнае спалучэнне трох элементаў даследавання: спачатку грунтоўнае назіранне і эксперымент, затым тлумачэнне назіранняў і эксперыменту з дапамогай розуму. На завяршальным этапе даследавання навуковыя высновы (тэорыі) пацвярджаюцца матэматычна.