§ 24. Еўрапейская навука і культура канца XVI — XVII ст.

3. Ідэі сацыяльнай роўнасці і народнага суверэнітэту

Перад мысліцелямі XVII ст. асабліва востра паўстала пытанне аб ролі індывіда ў грамадстве. У гэты перыяд пачала фарміравацца тэорыя натуральнага права народа і дагаворнага паходжання дзяржавы, а таксама вучэнне аб народным суверэнітэце. Людзі, на думку Спінозы, валодаюць дараванымі прыродай «натуральнымі неадчужальнымі правамі», да ліку якіх ён адносіў свабоду і ўласнасць. Дзяржава павінна забяспечваць сваім грамадзянам гэтыя правы.

У той жа час атрымала развіццё канцэпцыя падзелу ўлады, прызнавалася важнасць прынцыпу вяршэнства закону ў дзяржаве.

Мысліцелі заняліся распрацоўкай прынцыпаў арганізацыі канстытуцыйнай дзяржавы. Згодна з іх поглядамі, яна павінна грунтавацца на народным ­суверэнітэце — ​вяршэнстве правоў народа, вытокам якіх з’яўляюцца «натуральныя» правы. Была сфармулявана канцэпцыя суверэннай улады правіцеля.

Вялікі ўклад у тэорыю суверэнітэту ўнёс англійскі філосаф Томас Гобс. Згодна з Т. Гобсам, каб пазбегнуць хаосу натуральнага стану, людзі дамовіліся перадаць сваю волю правіцелю. Правіцель павінен гарантаваць мір і парадак. Лепшы ўрад, паводле Т. Гобса, той, у якім правіцель мае абсалютную ўладу. Філосаф сцвярджаў, што, заключыўшы такі кантракт, людзі ўжо не могуць паўставаць, нават калі лічаць правіцеля тыранам. Такім чынам, ідэі Т. Гобса абгрунтоўвалі кіраванне абсалютных манархаў.

Усё больш мысліцеляў XVII ст. звярталася да ідэі сацыяльнай роўнасці, што сведчыла пра глыбокія змены ў еўрапейскім грамадстве. Сама ідэя роўнасці людзей была не новая. Гуманісты тлумачылі яе агульнай чалавечай прыродай, а прадстаўнікі Рэфармацыі — ​прыналежнасцю да адной веры. Папулярызацыі ідэі роўнасці таксама садзейнічалі капіталістычныя адносіны, якія патрабавалі недатыкальнасці прыватнай уласнасці незалежна ад таго, хто ёю валодаў — ​знатны чалавек або просты гараджанін.

Еўрапейскія мысліцелі XVII ст. прапанавалі свае мадэлі грамадскай арганізацыі, у якіх паспрабавалі рэалізаваць прынцыпы сацыяльнай роўнасці і народнага суверэнітэту. Сярод іх можна вылучыць два кірункі: ліберальны і сацыяльна-­ўтапічны.

Прадстаўнікі ліберальнага кірунку на першае месца ставілі свабоду чалавека. Менавіта свабода, на іх думку, з’яўляецца неабходнай умовай для развіцця грамадства і ўсталявання ў ім адоснай роўнасці. Лібералы адстойвалі непахіснасць прыватнай уласнасці. Яны лічылі, што людзі самі могуць дамовіцца паміж сабой, таму законаў у разумна ўладкаваным грамадстве павінна быць няшмат.

Такіх поглядаў прытрымліваўся знакаміты англійскі філосаф Джон Лок. У 1690 г. ён апублікаваў «Два трактаты аб кіраванні». Дж. Лок пагаджаўся з Т. Гобсам у тым, што мэтай урада з’яўляецца забеспячэнне парадку ў грамадстве. Ён таксама разглядаў урад як вынік грамадскага дагавору паміж правіцелем і падначаленымі. Аднак у астатнім ідэі Дж. Лока кардынальна адрозніваліся ад вучэння Т. Гобса.

Джон Лок глядзеў на чалавечую прыроду больш аптымістычна. Ён верыў у сілу чалавечага розуму, лічыў, што людзі здольныя супрацоўнічаць адзін з адным. Больш за тое, ён сцвярджаў, што калі правіцель з’яўляецца тыранам, значыць, ён парушае дагавор. Такім чынам, народ мае права на паўстанне.

Дж. Лок развіваў і іншыя ідэі, якія мелі значэнне для фарміравання еўрапейскай дэмакратыі. Ён лічыў, што людзі маюць натуральныя правы, уключаючы права на жыццё, свабоду і ўласнасць. Урад прызначаны толькі абараняць гэтыя правы, таму яго ўлада павінна быць абмежаваная.

Іншае бачанне сацыяльных адносін і ідэі роўнасці прапанавалі сацыялісты-­ўтапісты. Раннім прадстаўніком сацыялістычнага ўтапізму быў англічанін Джон Белерс, эканаміст і сацыяльны рэфарматар. Ён выступаў за пабудову справядлівага грамадства праз укараненне працоўнага выхавання і лічыў, што дабрабыт грамадства непасрэдна залежыць ад далучанасці народа да працоўнай дзейнасці. Дж. Белерс выступіў пад лозунгам «Хто не працуе, няхай не есць!». Арганізацыя працоўных каледжаў, у якіх будуць навучацца і багатыя і бедныя, згодна з Дж. Белерсам, з’яўлялася неабходнай умовай пачатку грамадскіх змен.

Ідэі роўнасці людзей перад законам і народнага суверэнітэту прывялі ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў да рэвалюцый, якія садзейнічалі зацвярджэнню сістэмы рэспубліканскага кіравання, і стварэння выбарных парламентаў.