§ 24. Еўрапейская навука і культура канца XVI — XVII ст.

2. Фарміраванне новай карціны свету

Поспехі прыродазнаўства (адкрыццё закона сусветнага прыцягнення, будовы Сусвету, анатоміі чалавека і інш.) аказалі вялікі ўплыў на развіццё грамадскіх навук. Выкарыстоўваючы законы прыродазнаўства, найперш механікі, мысліцелі часта спрабавалі растлумачыць прыроду чалавека і законы развіцця грамадства.

Французскі філосаф Рэнэ Дэкарт на першае месца ў тлумачэнні развіцця прыроды, грамадства і чалавека паставіў розум. Ён стаў заснавальнікам кірунку ў філасофіі, які атрымаў назву рацыяналізму (ад лац. ratio — ​розум). Ідэі рацыяналізму набылі шырокае распаўсюджанне і аказалі вялікі ўплыў на еўрапейскую навуку і культуру. Згодна з Р. Дэкартам, грамадства і жывы арганізм функцыянуюць у адпаведнасці з законамі механікі. Каб наблізіцца да ісціны, лічыў вучоны, неабходныя аналіз і разважанне. Ён выказаў сваю ідэю ў сцвярджэнні: «Я мыслю, значыць, існую».

Вядомы нідэрландскі філосаф XVII ст. Бенядзікт Спіноза вывучаў законы прыроды і грамадства, грунтуючыся на законах геаметрыі. Ён лічыў, што прырода, якая і ёсць Бог, спарадзіла сама сябе.

Супраць Спінозы выступілі многія абаронцы рэлігіі. Адным з іх быў Готфрыд Лейбніц, нямецкі філосаф, гісторык, юрыст, матэматык і фізік. Г. Лейбніц лічыў, што Бог стварыў «аптымальны», дасканалы свет, і таму ён амаль не ўмешваецца ў справы людзей. Свет жа функцыянуе ў адпаведнасці са складанымі законамі, у ім усё мае сваю прычыну і вынік.

У канцы XVI ст. у Даніі была пабудавана абсерваторыя, дзе астраном Ціхо Браге вывучаў планеты і зоркі. Ён скрупулёзна запісваў усё ўбачанае. Назіранні Ц. Браге, зробленыя простым вокам, былі самымі падрабязнымі ў той час. Пасля яго смерці нямецкі астраном і матэматык Іаган Кеплер выкарыстаў гэтыя даследаванні для пацвярджэння тэорыі М. Каперніка. Больш за тое, ён даказаў, што планеты верцяцца вакол Сонца не па ідэальнай акружнасці, як лічыў М. Капернік, а па іншым тыпе арбіты — ​эліпсе. Італьянскі астраном Галілеа Галілей інструментальна — ​з дапамогай тэлескопа — ​даказаў, што планеты сапраўды верцяцца вакол Сонца.

Адкрыты англійскім матэматыкам Ісаакам Ньютанам закон сусветнага прыцягнення быў пакладзены ў аснову новага нерэлігійнага апісання Сусвету. Вучоны разглядаў Сусвет як велізарную, добра наладжаную машыну, якая працуе ў адпаведнасці з пэўнымі законамі прыроды.


Адкрыцці ў галіне медыцыны таксама нанеслі моцны ўдар па рэлігійнай карціне свету. Поспехі прыродазнаўчых навук былі дасягнутыя ў вострай барацьбе супраць царквы, якая спрабавала захаваць манаполію на тлумачэнне ўсяго, што адбываецца ў свеце. Каталіцкая царква прызнала погляды Галілеа Галілея ерэтычнымі і забараніла яго кнігі. Рэлігійныя ганенні зведалі Рэнэ Дэкарт і Іаган Кеплер. Аднак вучоныя яшчэ доўга імкнуліся сумясціць навуковыя погляды і боскае тлумачэнне многіх з’яў. Ньютан, напрыклад, прызнаваў, што нябесныя целы былі прыведзены ў рух «першапачатковым боскім штуршком». Тым не менш развіццё прыродазнаўства садзейнічала абмежаванню рэлігійнага ўплыву ў тлумачэнні карціны свету. Навука сканцэнтравала ўвагу на разуменні «бліжэйшых» прычын таго, што адбываецца ў свеце, царква — ​на канчатковых, «боскіх» прычынах.

Вынікам навуковай рэвалюцыі XVII ст., выкарыстання новага метаду навуковага даследавання стала стварэнне новай навуковай карціны свету.