§ 23-1. Асаблівасці рэфармацыйнага руху і Контррэфармацыя

5. Контррэфармацыя і яе вынікі

Па меры таго як пашыраўся пратэстанцкі рух, каталіцкая царква прымала меры, каб спыніць яго і вярнуць сабе духоўнае лідарства ў хрысціянскім свеце. Прыхільнікаў Рэфармацыі яна абвясціла ерэтыкамі. Гэтая палітыка атрымала назву Контррэфармацыі.

Папа рымскі Павел III узначаліў рэформу каталіцкай царквы. Ён прызначаў на высокія царкоўныя пасады навукоўцаў-багасловаў, што падзялялі яго погляды. Ён таксама склíкаў Усяленскі сабор каталіцкай царквы, каб абмеркаваць рэформы і аб'яднаць усе сілы, якія засталіся вернымі Святому прэстолу. Трыдэнцкі сабор асудзіў дагматы новых вучэнняў, пацвердзіў дагматы каталіцызму і вяршэнства рымскіх пап над царкоўнымі саборамі. Ён таксама ўвёў строгую царкоўную цэнзуру, узмацніў ганенні на пратэстантаў. Каталіцкія правіцелі Іспаніі, Францыі і Італіі падтрымалі рашэнні сабора. Заходняе хрысціянства канчаткова раскалолася на дзве плыні — католікаў і пратэстантаў.

Для барацьбы з Рэфармацыяй каталіцкая царква выкарыстала новы манаскі ордэн, створаны ў 1534 г. Іспанскі дваранін Ігнацій Лаёла заснаваў Таварыства Ісуса, больш вядомае як ордэн езуітаў. Лаёла напісаў кнігу «Духоўныя практыкаванні», у якой выклаў асноўныя прынцыпы таварыства.

У 1540 г. папа рымскі афіцыйна зацвердзіў Таварыства Ісуса. Ордэн быў арганізаваны паводле ваенных прынцыпаў: загады рымскага папы і генерала ордэна не абмяркоўваліся, а безумоўна выконваліся; падтрымлівалася суровая дысцыпліна; малодшыя члены ордэна пакорліва падпарадкоўваліся старэйшым. Езуіты, у адрозненне ад манахаў, жылі па-мірскому. Іх галоўнай задачай было знаходзіцца ў цэнтры грамадскага жыцця і ўплываць на яго, як таго патрабавалі інтарэсы каталіцкай царквы. Члены ордэна дзейнічалі па ўсім свеце, пранікаючы ў вышэйшыя колы дзяржаў, дамагаліся ўплыву на каралёў і іх асяроддзе ў інтарэсах папы. Дзякуючы намаганням Таварыства Ісуса многіх пратэстантаў ад Германіі і да Усходняй Еўропы ўдалося вярнуць ва ўлонне каталіцкай царквы.

Былі зроблены і іншыя крокі, каб спыніць распаўсюджанне пратэстанцкіх ідэй. Так, у многіх краінах інквізіцыя яшчэ больш жорстка, чым раней, змагалася з пратэстантамі, катуючы і спальваючы іх на вогнішчах за хоць якое падазрэнне ў адступніцтве ад каталіцкай веры. Асабліва лютавала інквізіцыя ў Іспаніі, Партугаліі і Італіі. Акрамя таго, папа выдаў спіс забароненых для католікаў кніг, якія спальваліся на гарадскіх плошчах. Такім чынам царква спадзявалася прадухіліць распаўсюджанне пратэстанцкіх ідэй. Гэты спіс пастаянна папаўняўся творамі літаратуры і навуковымі працамі, і на гарадскіх плошчах працягвалі палаць вогнішчы з кніг.

У ходзе Рэфармацыі заходняе хрысціянства раскалолася на дзве плыні — каталіцызм і пратэстантызм. Да 1600 г. мяжа паміж каталіцкімі і пратэстанцкімі рэгіёнамі Еўропы была дакладна вызначана. Яна захавалася амаль у нязменным выглядзе да сённяшняга дня. Лютэране, кальвіністы і іншыя пратэстанцкія плыні атрымалі распаўсюджанне ў Паўночнай Германіі, Англіі, Шатландыі, Скандынавіі. Католікі захавалі моцныя пазіцыі ў Італіі, Францыі, Іспаніі, Ірландыі і Паўднёвай Германіі.