Печатать книгуПечатать книгу

§ 23-1. Асаблівасці рэфармацыйнага руху і Контррэфармацыя

Рэфармацыя — гэта перыяд уздыму творчасці і культуры ці заняпад духоўнасці еўрапейцаў?

Назавіце рэлігіі, якія існавалі ў Еўропе ў перыяд Сярэднявечча, і рэгіёны іх распаўсюджвання. (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас). Якія змены ў еўрапейскім грамадстве прывялі да развіцця капіталізму і Вялікіх геаграфічных адкрыццяў? (§ 21 і § 23 дадзенага вучэбнага дапаможніка) Ахарактарызуйце асноўныя ідэі Рэфармацыі. Назавіце прычыны пачатку рэлігійных войнаў. (Гісторыя Новага часу, 7 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 23-1. Асаблівасці рэфармацыйнага руху і Контррэфармацыя
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 17 Май 2024, 03:51

1. Рэфармацыя і сялянская вайна ў Германіі

У XVI ст. рух за рэформу каталіцкай царквы пачаўся ў Германіі з дзейнасці выхадца з бюргерскага асяроддзя манаха Марціна Лютэра. Менавіта ён паклаў пачатак Рэфармацыі, вывесіўшы ў кастрычніку 1517 г. на дзвярах царквы ў горадзе Вітэнбергу зварот да навукоўцаў і духавенства, у якім асуджаўся продаж індульгенцый і сцвярджалася, што яны не могуць ні вызваліць душу з чыстца, ні адмяніць здзейснены грэх. На працягу некалькіх тыдняў пасланне Лютэра было надрукавана вялікім тыражом і распаўсюджана па Еўропе.

Калі вестка пра выступленні Лютэра дайшла да Рыма, папа Леў X абвінаваціў у ерасі «дзёрзкага вітэнбергскага манаха» і пракляў яго. У адказ Лютэр абвясціў самога папу ерэтыком і публічна спаліў папскую булу (грамату), тым самым канчаткова разарваўшы адносіны з рымскай каталіцкай царквой. У 1521 г. саюзнік папы, імператар Карл V, выклікаў Лютэра на Імперскі сойм (сход прадстаўнікоў саслоўяў Свяшчэннай Рымскай імперыі) у горадзе Вормсе і запатрабаваў адмовіцца ад сваіх поглядаў.

Сутнасць вучэння Лютэра пра выратаванне душы чалавека складалі тры асновы: «толькі верай, толькі ласкай, толькі Пісаннем». Вялікі рэфарматар лічыў, што людзі могуць дасягнуць выратавання выключна верай у Божую ласку. Праўдзіва адданым Бог даруе сваю ласку. Пры гэтым ні зносіны са святарамі, ні таінствы не з'яўляюцца абавязковымі для выратавання. Лютэр таксама адвяргаў аўтарытэт Святога Прастола як пасрэдніка паміж Богам і вернікамі: «Папа не з'яўляецца суддзёй у справах, якія адносяцца да слова Божага і веры». Адзіным арыенцірам для хрысціяніна, паводле поглядаў Лютэра, з'яўляецца Свяшчэннае пісанне — Біблія. Лютэр пераклаў яе на нямецкую мову і праводзіў службы па-нямецку, каб прыхаджане маглі разумець, пра што гаворыць прапаведнік.

Лютэр таксама спрасціў рэлігійныя службы і рытуалы. Ён выступаў за тое, каб святарам было дазволена жаніцца, бо Біблія гэтага не забараняе. Такія змены былі прынятыя лютэранскімі цэрквамі, заснаванымі паслядоўнікамі Лютэра.

Ідэі Лютэра атрымалі шырокае распаўсюджванне ў Германіі. Многія святары падтрымалі яго крытыку царкоўных злоўжыванняў. Гараджане віталі рэформы Лютэра, паколькі былі незадаволеныя вялікімі царкоўнымі падаткамі на карысць Рыма. Гарадскія ўлады, якія ўсталі на бок Лютэра, захоплівалі царкоўную ўласнасць і засноўвалі незалежныя цэрквы.

Германскія князі падтрымалі Лютэра і яго паслядоўнікаў, бо імкнуліся да незалежнасці ад правіцеля Свяшчэннай Рымскай імперыі. Як і гараджане, яны прысвойвалі царкоўныя землі і спынялі адпраўленне падаткаў у Рым.

Рэформы Лютэра прыцягвалі і сялян, і гарадскіх беднякоў. Ніжэйшыя слаі насельніцтва імкнуліся вызваліцца не толькі ад улады каталіцкай царквы і цяжару царкоўных падаткаў, але і ад усіх прыгнятальнікаў наогул.

У 1524 г. у Германіі пачалася Сялянская вайна. Сяляне ў Паўднёвай Германіі паднялі ўзброенае паўстанне супраць знаці і царквы. Яны патрабавалі не павялічваць феадальныя павіннасці, а таксама права выбіраць уласнага святара, збіраць дровы і паляваць у гаспадарскіх лясах.

Аднак Лютэр не падтрымаў сялянскае паўстанне. Ён падкрэсліваў, што асновай яго рэформы з'яўляецца пакорлівасць існуючым парадкам і ўладзе. Ён стаў на бок знаці — князёў і дваран, якія бязлітасна задушылі паўстанне.

Яшчэ адно сялянскае паўстанне ўспыхнула ў 1525 г. у цэнтральнай Германіі — Цюрынгіі. Узначаліў яго святар Томас Мюнцэр. Ён асудзіў Лютэра за кампраміс з феадаламі. Мюнцэр меркаваў, што канец свету непазбежны і што задача сапраўдных вернікаў — дапамагчы Богу пачаць новую гістарычную эпоху. Паўстанцы займалі гарады, адбіралі царкоўную і феадальную зямлю і дзялілі яе паміж сабой. Тым не менш яны не змаглі супрацьстаяць знаці. Паўстанне было цалкам разгромлена, а Мюнцэр забіты. Сялянская вайна ў Германіі 1524—1525 гг. стала ў той час найбуйнейшым выступленнем сялян Заходняй Еўропы.

2. Пратэстантызм у Швейцарыі і Англіі

У першай палове XVI ст. лютэранства распаўсюдзілася ў Аўстрыі, Скандынаўскіх краінах, краінах Балтыі, часткова ў Польшчы, Венгрыі і Францыі. Асаблівы размах рэфармацыйны рух набыў у Швейцарыі. Тут узнік новы напрамак Рэфармацыі — кальвінізм.

Пратэстанцкую царкву ў швейцарскім горадзе Жэнева ўзначаліў Жан Кальвін, які збег з Францыі ад пераследу католікаў. У 1536 г. у Базелі пабачыла свет яго галоўнае сачыненне — «Настаўленне ў хрысціянскай веры», у якім Кальвін выразна выклаў асноўныя палажэнні свайго веравучэння.

Як і Лютэр, Кальвін адвяргаў ідэю, што справы, здзейсненыя чалавекам, могуць гарантаваць выратаванне душы чалавека. Аднак калі Лютэр вучыў, што людзі могуць здабыць выратаванне праз веру ў Бога, то Кальвін сцвярджаў, што толькі Бог вырашае, ці атрымае чалавек вечнае жыццё.

Кальвін верыў у прадвызначэнне, г. зн. у тое, што Бог загадзя вырашае, хто з людзей атрымае выратаванне і асалоду на тым свеце, а хто — пагібель. Крытыкі Кальвіна папярэджвалі, што ідэя прадвызначэння прывядзе людзей да безадказных учынкаў. Навошта людзям весці годнае жыццё, пыталіся яны, калі Бог ужо прадвызначыў іх лёс? Але Кальвін адказваў, што калі людзі дабрадзейныя, набожныя і працавітыя, гэта служыць паказчыкам добрай боскай волі ў адносінах да іх.

Кальвін заснаваў царкву з моцным, дысцыплінаваным кіраўніцтвам. Кальвіністы прапаведавалі строгі аскетызм. Новае веравучэнне незвычайна хутка распаўсюджвалася ў Еўропе.

Кальвіністы мелі мноства паслядоўнікаў у буйнх гандлёвых цэнтрах, такіх як Нідэрланды. Кальвінізм прыцягваў гараджан сярэдняга дастатку, таму што ён адпавядаў іх веры ў тое, што людзі павінны працаваць не пакладаючы рук дзеля назапашвання багаццяў. Французскія кальвіністы, названыя гугенотамі, мелі моцныя пазіцыі ў Паўднёвай Францыі. У 1550-х гг. кальвінскі прапаведнік Джон Нокс распаўсюджваў новую веру ў Шатландыі. Паслядоўнікі кальвіністаў таксама ўстанавілі свае цэрквы ў Англіі, дзе яны пазней сталі вядомыя як пурытане.

Некаторыя еўрапейскія манархі выкарыстоўвалі прыняцце пратэстантызму, каб аслабіць у сваіх дзяржавах уплыў  папскага прастола. Лепшым прыкладам гэтага можа служыць адмова ад каталіцтва англійскага караля Генрыха VIII. Кароль быў сапраўдным католікам. У 1521 г. ён выступіў са з'едлівай крытыкай Лютэра. Гэты ўчынак прывёў у захапленне папу рымскага, які ўзнагародзіў Генрыха VIII тытулам «абаронца веры». Аднак праз некалькі гадоў усё змянілася.

Пасля 18-гадовага шлюбу з Кацярынай Арагонскай у Генрыха не было сына, які мог бы ўспадкаваць англійскі трон. Кацярына нарадзіла шмат дзяцей, у тым ліку семярых хлопчыкаў, але выжыла толькі адна дачка — Марыя Цюдор. Калі Генрых папрасіў папу скасаваць шлюб, каб мець магчымасць зноў ажаніцца, папа адказаў адмовай. Аднак Генрых не прызнаў паражэння.

Спачатку Генрых VIII адмовіўся ад абавязковай выплаты папскаму Рыму царкоўных падаткаў. У 1533 г. арцыбіскуп Кентэрберыйскі Томас Кранмер скасаваў шлюб Генрыха і Кацярыны Арагонскай, і кароль ажаніўся з Ганнай Балейн. У 1534 г. парламент абвясціў караля кіраўніком царквы Англіі. Гэта азначала, што англійскую царкву ўзначаліў кароль, а не папа. З гэтага часу царква ў Англіі стала называцца англіканскай.

Шлюбаразводны працэс, натуральна, быў толькі нагодай для разрыву з Рымам. Сапраўднай прычынай спынення залежнасці англійскай царквы ад папы з'яўлялася імкненне ўрада Генрыха VIII у поўнай меры скарыстацца вынікамі антыкаталіцкай прапаганды, якая патрабавала падпарадкавання царквы каралеўскай уладзе і канфіскацыі царкоўных багаццяў.

Большасць англійскіх пратэстантаў падтрымлівала палітыку караля і парламента ў адносінах да Рыма. Тых жа, хто адмаўляўся прыняць англіканства, кароль загадаў пакараць смерцю (напрыклад, Томаса Мора).

Неўзабаве Генрых распачаў далейшыя мерапрыемствы супраць каталіцкай царквы. У ходзе царкоўнай рэформы зямельныя ўладанні манастыроў былі секулярызаваныя на карысць казны і часткова прададзеныя знаці, багатым гараджанам і гандлярам. Кароль сам прызначаў біскупаў і размяркоўваў царкоўныя даходы.

Служба ў царкве вялася не на лацінскай, а на англійскай мове. Духавенства атрымала права ўступаць у шлюб. У той жа час захаваліся пасады біскупаў, багатае ўбранне храмаў, многія каталіцкія дагматы і абрады. У гэтым сэнсе англіканская царква мала адрозніваецца ад каталіцкай.

Такім чынам, англійская Рэфармацыя ажыццяўлялася пры актыўным удзеле абсалютысцкай дзяржавы.

3. Ідэі Рэфармацыі і паўстанне ў Нідэрландах

Ідэі Рэфармацыі атрымалі шырокае распаўсюджванне ў Нідэрландах, што багацелі дзякуючы гандлю і знаходзіліся пад іспанскім панаваннем. Іспанскія манархі разглядалі краіну як невычэрпную крыніцу даходаў, таму падаткі, якія пастаянна раслі, сталі сапраўдным бічом для насельніцтва. Не дзіўна, што і буржуазія, і дваране, і сялянства ненавідзелі іспанцаў і каталіцкую царкву. У 1550—1560-х гг. у краіне ўзмацніўся ўплыў кальвіністаў. Паўсюдна ўзнікалі пратэстанцкія абшчыны, узначаленыя багатымі гараджанамі. Дваранская апазіцыя іспанскім Габсбургам пагадзілася абараняць кальвінскую царкву, якая падкупала грашыма і мела ўплыў на народ.

У 1566 г. стыхійна пачалося і хутка ахапіла ўсю краіну іканаборскае паўстанне. Паўстанцы грамілі каталіцкія храмы, манастыры, знішчалі абразы і статуі святых (адсюль назва паўстання). Напалоханая размахам народных хваляванняў, дваранская апазіцыя стала дапамагаць іспанцам. У выніку іканаборскае паўстанне было разгромлена. Аднак яно паклала пачатак доўгаму перыяду ўзброенай барацьбы Нідэрландаў супраць іспанскага валадарства. Разам са збяднелым дваранствам у ёй вялікую ролю адыграла буржуазія, якая падзяляла погляды Кальвіна. Гэта была сапраўдная буржуазная рэвалюцыя.

Барацьба была жорсткай і незвычайна бязлітаснай. Інквізіцыя вынесла ўнікальны ў сваім родзе прысуд: асудзіла на смерць як ерэтыкоў усіх жыхароў Нідэрландаў. Пасля доўгіх кровапралітных войнаў у паўночнай частцы краіны ў 1581 г. была абвешчана пратэстанцкая Рэспубліка Злучаных правінцый, якую (па назве адной з правінцый) часта таксама называюць Галандыяй, або Галандскай Рэспублікай. Паўднёвыя Нідэрланды (сучасная Бельгія) засталіся на час пад уладай іспанцаў.

4. Рэлігійныя войны ў Францыі

У рэфармацыйным руху ў Францыі ўдзельнічала вялікая колькасць дваран, якія не хацелі губляць свае вольнасці і прывілеі. Правадырамі французскіх пратэстантаў (гугенотаў) былі блізкія сваякі французскіх каралёў дынастыі Валуа з роду Бурбонаў. Іх узначаліў кароль Навары Генрых Наварскі. Ім супрацьстаялі дваране-католікі. Так у краіне разгарнуліся кровапралітныя «гугеноцкія войны» (1562—1598 гг.).

Гугеноты разлічвалі на дапамогу англійскіх, галандскіх і нямецкіх пратэстантаў. Католікаў падтрымліваў іспанскі кароль. Барацьба паміж пратэстанцкай і каталіцкай знаццю паставіла Францыю на мяжу нацыянальнай катастрофы. Краіна была практычна разбурана. Іспанскі кароль Філіп II і папа рымскі абдумвалі магчымасць узвядзення на французскі трон іспанскага прынца.

У 1589 г. пасля забойства караля Генрыха III дынастыя Валуа спыніла сваё існаванне. Генрых Наварскі заняў французскі трон пад імем Генрыха IV. Новы кароль выдатна ўсведамляў, што неабходна аднавіць мір у краіне і спыніць рэлігійныя войны. Так як Парыж, сталіца Францыі, быў каталіцкім, ён вырашыў прыняць каталіцтва. Пратэстанты і католікі пайшлі на прымірэнне. Вяльможы абодвух веравызнанняў атрымалі за прызнанне Генрыха IV каралём шчодрыя ўзнагароды.

У 1598 г. Генрых IV выдаў Нанцкі эдыкт, які гарантаваў гугенотам абарону іх правоў: свабоду веравызнання і публічных набажэнстваў, дазвол будаваць цэрквы ў пэўных месцах і збіраць царкоўныя з'езды. Гугеноты захоўвалі за сабой крэпасці і гарнізоны на поўдні і паўднёвым захадзе краіны.

5. Контррэфармацыя і яе вынікі

Па меры таго як пашыраўся пратэстанцкі рух, каталіцкая царква прымала меры, каб спыніць яго і вярнуць сабе духоўнае лідарства ў хрысціянскім свеце. Прыхільнікаў Рэфармацыі яна абвясціла ерэтыкамі. Гэтая палітыка атрымала назву Контррэфармацыі.

Папа рымскі Павел III узначаліў рэформу каталіцкай царквы. Ён прызначаў на высокія царкоўныя пасады навукоўцаў-багасловаў, што падзялялі яго погляды. Ён таксама склíкаў Усяленскі сабор каталіцкай царквы, каб абмеркаваць рэформы і аб'яднаць усе сілы, якія засталіся вернымі Святому прэстолу. Трыдэнцкі сабор асудзіў дагматы новых вучэнняў, пацвердзіў дагматы каталіцызму і вяршэнства рымскіх пап над царкоўнымі саборамі. Ён таксама ўвёў строгую царкоўную цэнзуру, узмацніў ганенні на пратэстантаў. Каталіцкія правіцелі Іспаніі, Францыі і Італіі падтрымалі рашэнні сабора. Заходняе хрысціянства канчаткова раскалолася на дзве плыні — католікаў і пратэстантаў.

Для барацьбы з Рэфармацыяй каталіцкая царква выкарыстала новы манаскі ордэн, створаны ў 1534 г. Іспанскі дваранін Ігнацій Лаёла заснаваў Таварыства Ісуса, больш вядомае як ордэн езуітаў. Лаёла напісаў кнігу «Духоўныя практыкаванні», у якой выклаў асноўныя прынцыпы таварыства.

У 1540 г. папа рымскі афіцыйна зацвердзіў Таварыства Ісуса. Ордэн быў арганізаваны паводле ваенных прынцыпаў: загады рымскага папы і генерала ордэна не абмяркоўваліся, а безумоўна выконваліся; падтрымлівалася суровая дысцыпліна; малодшыя члены ордэна пакорліва падпарадкоўваліся старэйшым. Езуіты, у адрозненне ад манахаў, жылі па-мірскому. Іх галоўнай задачай было знаходзіцца ў цэнтры грамадскага жыцця і ўплываць на яго, як таго патрабавалі інтарэсы каталіцкай царквы. Члены ордэна дзейнічалі па ўсім свеце, пранікаючы ў вышэйшыя колы дзяржаў, дамагаліся ўплыву на каралёў і іх асяроддзе ў інтарэсах папы. Дзякуючы намаганням Таварыства Ісуса многіх пратэстантаў ад Германіі і да Усходняй Еўропы ўдалося вярнуць ва ўлонне каталіцкай царквы.

Былі зроблены і іншыя крокі, каб спыніць распаўсюджанне пратэстанцкіх ідэй. Так, у многіх краінах інквізіцыя яшчэ больш жорстка, чым раней, змагалася з пратэстантамі, катуючы і спальваючы іх на вогнішчах за хоць якое падазрэнне ў адступніцтве ад каталіцкай веры. Асабліва лютавала інквізіцыя ў Іспаніі, Партугаліі і Італіі. Акрамя таго, папа выдаў спіс забароненых для католікаў кніг, якія спальваліся на гарадскіх плошчах. Такім чынам царква спадзявалася прадухіліць распаўсюджанне пратэстанцкіх ідэй. Гэты спіс пастаянна папаўняўся творамі літаратуры і навуковымі працамі, і на гарадскіх плошчах працягвалі палаць вогнішчы з кніг.

У ходзе Рэфармацыі заходняе хрысціянства раскалолася на дзве плыні — каталіцызм і пратэстантызм. Да 1600 г. мяжа паміж каталіцкімі і пратэстанцкімі рэгіёнамі Еўропы была дакладна вызначана. Яна захавалася амаль у нязменным выглядзе да сённяшняга дня. Лютэране, кальвіністы і іншыя пратэстанцкія плыні атрымалі распаўсюджанне ў Паўночнай Германіі, Англіі, Шатландыі, Скандынавіі. Католікі захавалі моцныя пазіцыі ў Італіі, Францыі, Іспаніі, Ірландыі і Паўднёвай Германіі.

Пытанні

1. Назавіце прычыны Рэфармацыі.

2. Ахарактарызуйце рух за рэформу каталіцкай царквы ў Германіі. Выкарыстоўвайце ў характарыстыцы наступныя паняцці: Рэфармацыя, індульгенцыя, лютэранства, пастары, пратэстантызм, кальвінізм. Назавіце прычыны паражэння сялянскага паўстання ў Германіі.

3. Ахарактарызуйце пратэстанцкія веравучэнні. Назавіце падобныя рысы і адрозненні. Вызначце, чым выкліканыя адрозненні ў вучэннях.

4. Вылучыце асаблівасці веравучэння і ўладкавання англіканскай царквы.

5. Якія ідэі рэфарматарскага руху былі ўспрынятыя ў Нідэрландах? Чаму менавіта яны?

6. Зрабіце выснову аб выніковасці мер, прадпрынятых каталіцкай царквой для барацьбы з Рэфармацыяй.

7. Складзіце табліцу або стужку часу «Асноўныя падзеі Рэфармацыі». З яе дапамогай вызначце асноўныя вынікі Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў еўрапейскіх краінах. Зрабіце выснову аб тым, ці дасягнула Контррэфармацыя сваіх мэтаў. Растлумачце, чаму.

 8. Падбярыце інфармацыю аб адной з галоўных дзеючых асоб Рэфармацыі. Падрыхтуйце на яе аснове артыкул «10 цікавых фактаў з жыцця...»