§ 23-1. Асаблівасці рэфармацыйнага руху і Контррэфармацыя

1. Рэфармацыя і сялянская вайна ў Германіі

У XVI ст. рух за рэформу каталіцкай царквы пачаўся ў Германіі з дзейнасці выхадца з бюргерскага асяроддзя манаха Марціна Лютэра. Менавіта ён паклаў пачатак Рэфармацыі, вывесіўшы ў кастрычніку 1517 г. на дзвярах царквы ў горадзе Вітэнбергу зварот да навукоўцаў і духавенства, у якім асуджаўся продаж індульгенцый і сцвярджалася, што яны не могуць ні вызваліць душу з чыстца, ні адмяніць здзейснены грэх. На працягу некалькіх тыдняў пасланне Лютэра было надрукавана вялікім тыражом і распаўсюджана па Еўропе.

Калі вестка пра выступленні Лютэра дайшла да Рыма, папа Леў X абвінаваціў у ерасі «дзёрзкага вітэнбергскага манаха» і пракляў яго. У адказ Лютэр абвясціў самога папу ерэтыком і публічна спаліў папскую булу (грамату), тым самым канчаткова разарваўшы адносіны з рымскай каталіцкай царквой. У 1521 г. саюзнік папы, імператар Карл V, выклікаў Лютэра на Імперскі сойм (сход прадстаўнікоў саслоўяў Свяшчэннай Рымскай імперыі) у горадзе Вормсе і запатрабаваў адмовіцца ад сваіх поглядаў.

Сутнасць вучэння Лютэра пра выратаванне душы чалавека складалі тры асновы: «толькі верай, толькі ласкай, толькі Пісаннем». Вялікі рэфарматар лічыў, што людзі могуць дасягнуць выратавання выключна верай у Божую ласку. Праўдзіва адданым Бог даруе сваю ласку. Пры гэтым ні зносіны са святарамі, ні таінствы не з'яўляюцца абавязковымі для выратавання. Лютэр таксама адвяргаў аўтарытэт Святога Прастола як пасрэдніка паміж Богам і вернікамі: «Папа не з'яўляецца суддзёй у справах, якія адносяцца да слова Божага і веры». Адзіным арыенцірам для хрысціяніна, паводле поглядаў Лютэра, з'яўляецца Свяшчэннае пісанне — Біблія. Лютэр пераклаў яе на нямецкую мову і праводзіў службы па-нямецку, каб прыхаджане маглі разумець, пра што гаворыць прапаведнік.

Лютэр таксама спрасціў рэлігійныя службы і рытуалы. Ён выступаў за тое, каб святарам было дазволена жаніцца, бо Біблія гэтага не забараняе. Такія змены былі прынятыя лютэранскімі цэрквамі, заснаванымі паслядоўнікамі Лютэра.

Ідэі Лютэра атрымалі шырокае распаўсюджванне ў Германіі. Многія святары падтрымалі яго крытыку царкоўных злоўжыванняў. Гараджане віталі рэформы Лютэра, паколькі былі незадаволеныя вялікімі царкоўнымі падаткамі на карысць Рыма. Гарадскія ўлады, якія ўсталі на бок Лютэра, захоплівалі царкоўную ўласнасць і засноўвалі незалежныя цэрквы.

Германскія князі падтрымалі Лютэра і яго паслядоўнікаў, бо імкнуліся да незалежнасці ад правіцеля Свяшчэннай Рымскай імперыі. Як і гараджане, яны прысвойвалі царкоўныя землі і спынялі адпраўленне падаткаў у Рым.

Рэформы Лютэра прыцягвалі і сялян, і гарадскіх беднякоў. Ніжэйшыя слаі насельніцтва імкнуліся вызваліцца не толькі ад улады каталіцкай царквы і цяжару царкоўных падаткаў, але і ад усіх прыгнятальнікаў наогул.

У 1524 г. у Германіі пачалася Сялянская вайна. Сяляне ў Паўднёвай Германіі паднялі ўзброенае паўстанне супраць знаці і царквы. Яны патрабавалі не павялічваць феадальныя павіннасці, а таксама права выбіраць уласнага святара, збіраць дровы і паляваць у гаспадарскіх лясах.

Аднак Лютэр не падтрымаў сялянскае паўстанне. Ён падкрэсліваў, што асновай яго рэформы з'яўляецца пакорлівасць існуючым парадкам і ўладзе. Ён стаў на бок знаці — князёў і дваран, якія бязлітасна задушылі паўстанне.

Яшчэ адно сялянскае паўстанне ўспыхнула ў 1525 г. у цэнтральнай Германіі — Цюрынгіі. Узначаліў яго святар Томас Мюнцэр. Ён асудзіў Лютэра за кампраміс з феадаламі. Мюнцэр меркаваў, што канец свету непазбежны і што задача сапраўдных вернікаў — дапамагчы Богу пачаць новую гістарычную эпоху. Паўстанцы займалі гарады, адбіралі царкоўную і феадальную зямлю і дзялілі яе паміж сабой. Тым не менш яны не змаглі супрацьстаяць знаці. Паўстанне было цалкам разгромлена, а Мюнцэр забіты. Сялянская вайна ў Германіі 1524—1525 гг. стала ў той час найбуйнейшым выступленнем сялян Заходняй Еўропы.