§ 23-1. Асаблівасці рэфармацыйнага руху і Контррэфармацыя

3. Ідэі Рэфармацыі і паўстанне ў Нідэрландах

Ідэі Рэфармацыі атрымалі шырокае распаўсюджванне ў Нідэрландах, што багацелі дзякуючы гандлю і знаходзіліся пад іспанскім панаваннем. Іспанскія манархі разглядалі краіну як невычэрпную крыніцу даходаў, таму падаткі, якія пастаянна раслі, сталі сапраўдным бічом для насельніцтва. Не дзіўна, што і буржуазія, і дваране, і сялянства ненавідзелі іспанцаў і каталіцкую царкву. У 1550—1560-х гг. у краіне ўзмацніўся ўплыў кальвіністаў. Паўсюдна ўзнікалі пратэстанцкія абшчыны, узначаленыя багатымі гараджанамі. Дваранская апазіцыя іспанскім Габсбургам пагадзілася абараняць кальвінскую царкву, якая падкупала грашыма і мела ўплыў на народ.

У 1566 г. стыхійна пачалося і хутка ахапіла ўсю краіну іканаборскае паўстанне. Паўстанцы грамілі каталіцкія храмы, манастыры, знішчалі абразы і статуі святых (адсюль назва паўстання). Напалоханая размахам народных хваляванняў, дваранская апазіцыя стала дапамагаць іспанцам. У выніку іканаборскае паўстанне было разгромлена. Аднак яно паклала пачатак доўгаму перыяду ўзброенай барацьбы Нідэрландаў супраць іспанскага валадарства. Разам са збяднелым дваранствам у ёй вялікую ролю адыграла буржуазія, якая падзяляла погляды Кальвіна. Гэта была сапраўдная буржуазная рэвалюцыя.

Барацьба была жорсткай і незвычайна бязлітаснай. Інквізіцыя вынесла ўнікальны ў сваім родзе прысуд: асудзіла на смерць як ерэтыкоў усіх жыхароў Нідэрландаў. Пасля доўгіх кровапралітных войнаў у паўночнай частцы краіны ў 1581 г. была абвешчана пратэстанцкая Рэспубліка Злучаных правінцый, якую (па назве адной з правінцый) часта таксама называюць Галандыяй, або Галандскай Рэспублікай. Паўднёвыя Нідэрланды (сучасная Бельгія) засталіся на час пад уладай іспанцаў.