§ 23-1. Асаблівасці рэфармацыйнага руху і Контррэфармацыя

2. Пратэстантызм у Швейцарыі і Англіі

У першай палове XVI ст. лютэранства распаўсюдзілася ў Аўстрыі, Скандынаўскіх краінах, краінах Балтыі, часткова ў Польшчы, Венгрыі і Францыі. Асаблівы размах рэфармацыйны рух набыў у Швейцарыі. Тут узнік новы напрамак Рэфармацыі — кальвінізм.

Пратэстанцкую царкву ў швейцарскім горадзе Жэнева ўзначаліў Жан Кальвін, які збег з Францыі ад пераследу католікаў. У 1536 г. у Базелі пабачыла свет яго галоўнае сачыненне — «Настаўленне ў хрысціянскай веры», у якім Кальвін выразна выклаў асноўныя палажэнні свайго веравучэння.

Як і Лютэр, Кальвін адвяргаў ідэю, што справы, здзейсненыя чалавекам, могуць гарантаваць выратаванне душы чалавека. Аднак калі Лютэр вучыў, што людзі могуць здабыць выратаванне праз веру ў Бога, то Кальвін сцвярджаў, што толькі Бог вырашае, ці атрымае чалавек вечнае жыццё.

Кальвін верыў у прадвызначэнне, г. зн. у тое, што Бог загадзя вырашае, хто з людзей атрымае выратаванне і асалоду на тым свеце, а хто — пагібель. Крытыкі Кальвіна папярэджвалі, што ідэя прадвызначэння прывядзе людзей да безадказных учынкаў. Навошта людзям весці годнае жыццё, пыталіся яны, калі Бог ужо прадвызначыў іх лёс? Але Кальвін адказваў, што калі людзі дабрадзейныя, набожныя і працавітыя, гэта служыць паказчыкам добрай боскай волі ў адносінах да іх.

Кальвін заснаваў царкву з моцным, дысцыплінаваным кіраўніцтвам. Кальвіністы прапаведавалі строгі аскетызм. Новае веравучэнне незвычайна хутка распаўсюджвалася ў Еўропе.

Кальвіністы мелі мноства паслядоўнікаў у буйнх гандлёвых цэнтрах, такіх як Нідэрланды. Кальвінізм прыцягваў гараджан сярэдняга дастатку, таму што ён адпавядаў іх веры ў тое, што людзі павінны працаваць не пакладаючы рук дзеля назапашвання багаццяў. Французскія кальвіністы, названыя гугенотамі, мелі моцныя пазіцыі ў Паўднёвай Францыі. У 1550-х гг. кальвінскі прапаведнік Джон Нокс распаўсюджваў новую веру ў Шатландыі. Паслядоўнікі кальвіністаў таксама ўстанавілі свае цэрквы ў Англіі, дзе яны пазней сталі вядомыя як пурытане.

Некаторыя еўрапейскія манархі выкарыстоўвалі прыняцце пратэстантызму, каб аслабіць у сваіх дзяржавах уплыў  папскага прастола. Лепшым прыкладам гэтага можа служыць адмова ад каталіцтва англійскага караля Генрыха VIII. Кароль быў сапраўдным католікам. У 1521 г. ён выступіў са з'едлівай крытыкай Лютэра. Гэты ўчынак прывёў у захапленне папу рымскага, які ўзнагародзіў Генрыха VIII тытулам «абаронца веры». Аднак праз некалькі гадоў усё змянілася.

Пасля 18-гадовага шлюбу з Кацярынай Арагонскай у Генрыха не было сына, які мог бы ўспадкаваць англійскі трон. Кацярына нарадзіла шмат дзяцей, у тым ліку семярых хлопчыкаў, але выжыла толькі адна дачка — Марыя Цюдор. Калі Генрых папрасіў папу скасаваць шлюб, каб мець магчымасць зноў ажаніцца, папа адказаў адмовай. Аднак Генрых не прызнаў паражэння.

Спачатку Генрых VIII адмовіўся ад абавязковай выплаты папскаму Рыму царкоўных падаткаў. У 1533 г. арцыбіскуп Кентэрберыйскі Томас Кранмер скасаваў шлюб Генрыха і Кацярыны Арагонскай, і кароль ажаніўся з Ганнай Балейн. У 1534 г. парламент абвясціў караля кіраўніком царквы Англіі. Гэта азначала, што англійскую царкву ўзначаліў кароль, а не папа. З гэтага часу царква ў Англіі стала называцца англіканскай.

Шлюбаразводны працэс, натуральна, быў толькі нагодай для разрыву з Рымам. Сапраўднай прычынай спынення залежнасці англійскай царквы ад папы з'яўлялася імкненне ўрада Генрыха VIII у поўнай меры скарыстацца вынікамі антыкаталіцкай прапаганды, якая патрабавала падпарадкавання царквы каралеўскай уладзе і канфіскацыі царкоўных багаццяў.

Большасць англійскіх пратэстантаў падтрымлівала палітыку караля і парламента ў адносінах да Рыма. Тых жа, хто адмаўляўся прыняць англіканства, кароль загадаў пакараць смерцю (напрыклад, Томаса Мора).

Неўзабаве Генрых распачаў далейшыя мерапрыемствы супраць каталіцкай царквы. У ходзе царкоўнай рэформы зямельныя ўладанні манастыроў былі секулярызаваныя на карысць казны і часткова прададзеныя знаці, багатым гараджанам і гандлярам. Кароль сам прызначаў біскупаў і размяркоўваў царкоўныя даходы.

Служба ў царкве вялася не на лацінскай, а на англійскай мове. Духавенства атрымала права ўступаць у шлюб. У той жа час захаваліся пасады біскупаў, багатае ўбранне храмаў, многія каталіцкія дагматы і абрады. У гэтым сэнсе англіканская царква мала адрозніваецца ад каталіцкай.

Такім чынам, англійская Рэфармацыя ажыццяўлялася пры актыўным удзеле абсалютысцкай дзяржавы.