§ 23. Рэфармацыя і рэлігійныя вой­ны

4. Раскол Еўропы на каталіцкую і пратэстанцкую

З распаўсюджаннем пратэстантызму раней адзіная каталіцкая частка Еўропы апынулася падзеленай на два варожыя лагеры. У Італіі, Іспаніі і Партугаліі, дзе захавалася каталіцкая рэлігія, пераследавалі пратэстантаў, а ў паўночных дзяржавах, якія прынялі пратэстантызм, — ​Англіі, Шатландыі, Швецыі і большай частцы Германіі — ​мелі месца ганенні на католікаў.

Яшчэ ў 1529 г. імператар Карл V заклікаў аднавіць каталіцкае богаслужэнне і выкараніць вучэнне Лютэра ў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Большасць германскіх князёў падтрымалі імператара. Аднак 5 князёў-­лютэран і 14 гарадоў заявілі пратэст, адкуль і пайшла іх агульная назва — ​пратэстанты. У адказ імператар Карл V пачаў у 1547 г. ваенную кампанію ў мэтах прымусіць лютэранскіх князёў вярнуцца ва ўлонне каталіцкай царквы. Князі-лютэране аб’ядналіся ў саюз. Ваенныя дзеянні ішлі з пераменным поспехам, ніводзін з бакоў не мог атрымаць перамогу. У 1555 г. у Аўгс­бургу быў падпісаны мір, згодна з якім лютэранства станавілася афіцыйнай рэлігіяй. Вышэйшае дваранства, духавенства і знатныя гараджане Свяшчэннай Рымскай імперыі атрымлівалі права самім выбіраць веравызнанне. Аўгсбургскі мір афіцыйна замацаваў новы раскол хрысціянства.

Да 1555 г. князі ў Паўночнай Германіі былі лютэранамі, а большасць князёў у Паўднёвай Германіі — ​католікамі. Але спрэчкі паміж католікамі і пратэстантамі не скончыліся. Па меры таго як у рэфарматараў станавілася ўсё больш паслядоўнікаў, канфлікт разрастаўся ўсё шырэй і шырэй. Вострую форму ён набыў у Францыі. Дзяржава больш як на 30 гадоў паглыбілася ў рэлігійныя гугеноцкія вой­ны (1562–1598).

Асабліва разбуральны характар мела Трыццацігадовая вайна (1618–1648). У яе была ўцягнута большасць еўрапейскіх краін. Буйнейшыя дзяржавы вялі смяротную барацьбу за гегемонію ў Еўропе. Непасрэднай прычынай канфлікту стала спроба аўстрыйскіх Габсбургаў, падтрыманых сваімі іспанскімі сваякамі, сілай вярнуць каталіцкую рэлігію ў Германіі. Французскі кароль, хоць і быў католікам, падтрымаў саюз пратэстанцкіх правіцеляў Германіі супраць палітычных патрабаванняў Габс­бур­гаў.

У ходзе працяглых і бязлітасных ваенных дзеянняў габсбургскі лагер пацярпеў паражэнне. Спустошаная Германія ляжала ў руінах. У 1648 г. быў падпісаны Вестфальскі мір. Ён замацаваў палітычную раздробленасць Германіі і існаванне на яе тэрыторыі як каталіцкіх, так і пратэстанцкіх дзяржаў. Найбольшыя выгады з Трыццацігадовай вайны атрымала Францыя. Прыдбаўшы значныя тэрытарыяльныя ўладанні, яна стала самай магутнай дзяржавай Еўропы.