§ 23. Рэфармацыя і рэлігійныя вой­ны

1. Прычыны і перадумовы Рэфармацыі

Рэфармацыя (ад лац. reformatio — ​пера­ўтварэнне) — ​самы масавы рэлігійны і сацыяльна-­палітычны рух XVI ст. Гэта быў перыяд барацьбы за рэфармаванне каталіцкай царквы, якая перажывала ў XIV–XVI стст. вельмі цяжкі крызіс. У шырокім сэнсе Рэфармацыя ўяўляла сабой першую значную бітву буржуазіі, якая зараджалася, супраць феадалізму і яго ідэалагічнай асновы — ​веравучэння царквы, якое больш не адпавядала прадпрымальнаму духу Новага часу. Адраджэнне аказала вялізны ўплыў на афармленне рэфармацыйнага руху. Гуманісты заклікалі да новага прачытання Бібліі і прац аўтарытэтных хрысціянскіх багасловаў, чаму садзейнічала распаўсюджанне кнігадрукавання. Іх ідэі аб неабходнасці ўнутранага ачышчэння чалавека ад грахоў вельмі хутка сталі пагрозай для каталіцкай царквы.

Часта папы і епіскапы вялі непрыстойнае для царкоўных іерархаў жыццё. Нярэдка прадстаўнікі вышэйшага духавенства адначасова займалі некалькі царкоўных пасад. Некаторыя наогул ігнаравалі свае абавязкі і наймалі за грошы людзей, каб тыя выконвалі за іх усю работу.

Папы і духавенства змагаліся за захаванне прывілей царквы, у той час як магутныя манархі цяпер імкнуліся абмежаваць яе ўмяшанне ў справы сваіх дзяржаў.

Гэтая барацьба патрабавала немалых сродкаў. Таму была павялічана плата за правядзенне царкоўных абрадаў. Папы таксама дазволілі продаж індульгенцый. Індульгенцыя — ​гэта поўнае або частковае дараванне грахоў за плату, а таксама сведчанне аб гэтым.

Такая практыка выклікала абурэнне. Неабходнасць у царкоўных рэформах наспявала ўжо даўно, задоўга да Рэфармацыі. Занепакоеныя маральным разбэшчаннем папства і духавенства, многія багасловы і свяшчэннікі спрабавалі знутры аднавіць аўтарытэт і чысціню каталіцкай цар­квы. Аднак папы не хацелі прызнаць неабходнасць змен. Анала­гіч­ныя спробы рэфарматараў у XIV–XV стст. — ​Дж. Уікліфа ў Англіі і Я. Гуса ў Чэхіі — ​таксама не мелі пос­пеху. Папства змагалася з любой праявай іншадумства. Па ўсёй Еўропе палалі вогнішчы інквізіцыі, на якіх спальвалі ерэтыкоў і абвінавачаных у вядзьмарстве. Упартых манархаў адлучалі ад царквы. Але інквізіцыя так і не змагла падавіць дух незадавальнення каталіцкай царквой.

У адрозненне ад гуманістаў, арыентаваных на адукаваную частку грамадства, дзеячы Рэфармацыі звярталіся за падтрымкай да розных слаёў насельніцтва. У рэфармацыйны рух былі ўцягнутыя гараджане, сяляне, вучоныя-­багасловы, студэнты, збяднелае дваранства і нават каранаваныя асобы. Пачаўшыся ў Германіі, Рэфармацыя вельмі хутка ахапіла амаль усе еўрапейскія краіны.