§ 23. Рэфармацыя і рэлігійныя вой­ны

3. Распаўсюджванне Рэфармацыі ў Еўропе і заснаванне пратэстанцкіх цэркваў

Вучэнне Лютэра спарадзіла рух, які хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Германіі і стаў вядомы як лютэранства. Афіцыйна лютэранскі царкоўны абрад прыняў Лівон­скі ордэн, што паскорыла распаўсюджанне вучэння Лютэра па берагах Балтыйскага мора. Тое ж зрабіла і Прусія. Ідэі Лютэра праніклі на тэрыторыю нядаўна ўтворанай Рэчы Паспалітай.

Пасля 1529 г. усе рухі рэфарматараў атрымалі агульную назву пратэстантызм. Ідэі пратэстантызму станавіліся ўсё больш папулярнымі ў Еўропе. Паступова з’явіліся розныя пратэстанцкія цэрквы.

Другая хваля Рэфармацыі звязана перш за ўсё з імем французскага тэолага Жана Кальвіна (1509–1564), які стварыў найбольш паслядоўнае пратэстанцкае вучэнне — ​кальвінізм. Яго трактат «Настаўленне ў хрысціянскай веры» выказваў інтарэсы буржуазіі. Найважнейшым палажэннем вучэння Кальвіна стаў догмат аб абсалютным наканаванні.

Кальвін вучыў, што адным людзям Бог наканаваў пагібель, іншым — ​вы­бра­ным — ​ратаванне і вечную асалоду, незалежна ад іх маральнасці і ўчынкаў. Кальвін лічыў валоданне маёмасцю і яе прымнажэнне справай богаўгоднай. Але ён падкрэсліваў, што распараджацца багаццем трэба з праведнымі мэтамі. ­Кальвін апраўдваў накапленні, імкненне атрымаць прыбытак, найстражэйшую беражлівасць і разлік — ​якасці, неабходныя для дзелавога і прадпрымальнага чалавека.

Пасяліўшыся ў 1541 г. у Жэневе, Кальвін пачаў рэформу рэлігійнага жыцця. Ён усталяваў строгі нагляд за паводзінамі грамадзян і жорсткія пакаранні за злачынствы супраць маралі і веры. Нязгодных з вучэннем Кальвіна або высылалі з горада, або каралі смерцю.

Бясспрэчным укладам Кальвіна ў рэлігійную рэформу сталі прапанаваная ім структура царквы і абшчыны, а таксама прапаганда дысцыпліны і сціпласці ў жыцці вернікаў. Царкоўная арганізацыя кальвіністаў будавалася па рэспубліканскім прынцыпе. Кіраўнікі (старэйшыны) выбіраліся з ліку вернікаў, іерархія сярод іх адсутнічала. Выбіраліся і прапаведнікі. Разам гэтыя людзі прымалі рашэнні па пытаннях веравучэння, нормаў жыцця. Самакіраваная кальвінісцкая царква не залежала ад дзяржавы.

Кальвінізм пачаў актыўна распаўсюджвацца і за межамі Швейцарыі. Прыхільнікі вучэння Кальвіна ў Францыі сталі вядомыя як гугеноты. Абшчыны кальвіністаў з’явіліся ў Шатландыі, у Паўночна-­Заходняй Еўропе, асабліва шмат іх было ў Даніі. Кальвінізм пранікнуў таксама ў Вялікае Княства Літоўскае і Венгрыю. Вялікі ўплыў вучэнне Кальвіна аказала на Англію.

У Англіі незадавальненне каталіцкай царквой наспявала ўжо даўно, перш за ўсё сярод гараджан, якія адмаўляліся плаціць царкоўную дзесяціну. Спачатку пратэстантызм на англійскіх землях распаўсюджваўся павольна, паколькі каралеўская ўлада ўсяляк гэтаму перашкаджала. Нападкі на афіцыйную царкву ўлады разглядалі як пагрозу дзяржаве. Аднак сітуацыя змянілася з-за адмовы папы рымскага Клімента VII даць развод англійскаму каралю Генрыху VIII (1509–1547). Парламент і народ падтрымалі караля, які абвясціў сябе ў 1534 г. кіраўніком царквы. Так у Англіі ўтварылася асобная пратэстанцкая царква — ​англіканская, што падпарадкоўвалася не папу, а каралю. Каталіцкія догматы і абрады захаваліся. Пры гэтым матэрыяльна царква была моцна ўшчэмлена: манастыры былі закрыты, а іх маёмасць і землі перададзены ў казну.

Кароль Генрых VIII жорстка пераследаваў і католікаў, якія хацелі падпарадкоўвацца папу рымскаму, і пратэстантаў, што патрабавалі больш глыбокіх (у тым ліку і сацыяльных) рэформаў. Апошнія ў далейшым сталі вядомыя як пурытане. Пурытанскі рух паступова падрыхтаваў рэлігійную і палітычную апазіцыю англійскаму абсалютызму і стаў «ідэалагічным сцягам» рэвалюцый у Нідэрландах і Англіі.

Акрамя лютэранства, кальвінізму, англіканства ў XVI ст. у Еўропе з’явіліся і іншыя пратэстанцкія цэрквы, якія лёгка маглі прыстасавацца да існавання як у раздробленых дзяржавах і дробных княствах, так і ў моцных каралеўствах.