§ 23. Рэфармацыя і рэлігійныя вой­ны

2. Пачатак Рэфармацыі ў Германіі

У пачатку XVI ст. у Германіі склалася вельмі напружаная сітуацыя. Па краіне прайшлася хваля паўстанняў сялян і гараджан. Абвастрыліся супярэчнасці паміж збяднелым рыцарствам і князямі. У палітычна раздробленай дзяржаве каталіцкая царква адчувала сябе паўнаўладнай гаспадыняй. Адкрытае рабаванне і самавольства, назапашванне багацця і раскоша выклікалі абурэнне каталіцкай царквой. Таму не дзіўна, што менавіта ў Германіі пачаўся шырокі антыцаркоўны рух.

Выразнікам агульнага незадавальнення стаў вучоны манах і прафесар Вітэн­бергскага ўніверсітэта Марцін Лютэр (1483–1546), які ўзначаліў рэфармацыйны, або пратэстанцкі, рух. У 1517 г. ён адкрыта выступіў супраць каталіцкай царквы, адмаўляючы яе ролю як адзінага пасрэдніка паміж Богам і чалавекам.

Ратаванне душы чалавека, лічыў Лютэр, не залежыць ад царкоўных таінстваў, абрадаў і ахвяраванняў на карысць царквы, а дасягаецца чыстай верай. Тым самым адмаўлялася роля духавенства як найвышэйшага рэлігійнага аўтарытэту. Лютэр заклікаў да секулярызацыі царкоўных зямель (іх перадачы ў дзяржаўную ўласнасць) і закрыцця манастыроў, да поўнай аўтаноміі вернікаў ад царкоўнай іерархіі і папства. Ён гаварыў пра тое, што хрысціяне павінны верыць у Свяшчэннае Пісанне і разумець яго, а не бяздумна падпарадкоўвацца папу.

Царква хацела расправіцца з Лютэрам. Толькі заступніцтва нямецкіх князёў, якія імкнуліся завалодаць царкоўнымі землямі і зменшыць уплыў папства ў Германіі, выратавала яму жыццё. Большасць насельніцтва Германіі прыняло рэформу Лютэра. Яго паслядоўнікі пакінулі каталіцкую царкву.

Выступаючы супраць царквы, Лютэр не заклікаў змяняць само грамадства. Ён прызнаваў сацыяльную несправядлівасць і лічыў, што яе нельга знішчыць. Згодна з вучэннем Лютэра, сапраўдны хрысціянін павінен падпарадкоўвацца ўладзе, якая забяспечвае спакой і парадак у грамадстве. Яго вучэнне выказвала найперш погляды багатых гараджан і нямецкіх князёў. Яны імкнуліся аслабіць папскую ўладу, але захаваць існуючае становішча ў грамадстве. Лютэр быў рашучым праціўнікам сялянскай вайны, якая ўспыхнула ў Германіі ў 1524–1526 гг. Ён не падтрымаў патрабаванні сялян аб адмене прыгоннага права. Вялікі рэфарматар пракляў паўстанцаў і заклікаў да расправы над імі: «Няхай усякі, хто можа, сячэ іх, рэжа і коле».