§ 22. Пачатак еўрапейскай каланіяльнай экспансіі

4. Стварэнне каланіяльных імперый

Першымі еўрапейскімі дзяржавамі, якія стварылі свае каланіяльныя імперыі яшчэ ў XVI ст., былі Партугалія і Іспанія.

Асновай партугальскай каланіяльнай імперыі сталі ўладанні ў Паўднёвай Амерыцы — ​Бразілія, заваяваная ў пачатку XVI ст. Для кіравання кожнай калоніяй кароль назначаў генерал-­капітана, а таксама даваў лаяльным падданым вялізныя надзелы зямлі. Данатарыа (землеўладальнік) кіраваў атрыманай тэрыторыяй і прыцягваў пасяленцаў апрацоўваць зямлю або гандляваць на сваёй зямлі.

Да 1580 г. Бразілія стала квітнеючай калоніяй. Як і іспанцы ў Вест-­Індыі (гістарычная назва астравоў Карыбскага мора), партугальцы ўвозілі ў Бразілію рабоў з Афрыкі для працы на плантацыях цукровага трыснягу. У канцы XVII ст. партугальцы адкрылі радовішчы алмазаў. Тысячы новых пасяленцаў рушылі ў калоніі.

Іспанская каланіяльная імперыя, як і партугальская, таксама стваралася «агнём і мячом». Паколькі шлях на Усход вакол Афрыкі кантралявалі партугальцы, іспанскія караблі ў пошуках Індыі выправіліся ў заходнім напрамку, праз Атлантычны і Ціхі акіяны. Пасля адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам іспанцы пачалі пакарэнне мясцовага насельніцтва. Яны мелі агнястрэльную зброю, былі закаваныя ў латы, перамяшчаліся вярхом на конях.

У Азіі ў 1521 г. падрыхтаваная Іспаніяй экспедыцыя пад камандаваннем партугальскага мараплаўца Фернана Магелана адкрыла Філіпінскія астравы, якія былі каланізаваныя ў другой палове XVI ст.

Золата, серабро і прыправы патокам пацяклі ў Іспанію. Асноўная доля гэтай здабычы адпраўлялася ў прыналежныя Іспаніі Нідэрланды — ​у горад Антверпен, які ў XVI ст. стаў гандлёвай сталіцай Заходняй Еўропы. Праз Антверпен прадавалі свае тавары і партугальцы. Такім чынам, Партугалія і Іспанія зрабіліся для Еўропы найважнейшай крыніцай атрымання каштоўных металаў, прыпраў і розных усходніх тавараў.

XVII ст. стала часам узвышэння галандскай каланіяльнай імперыі. Ужо ў пачатку стагоддзя галандскія гандляры выцеснілі з Малукскіх астравоў партугальцаў і іспанцаў, захапілі на востраве Ява горад Батавія (Джакарта), які ў хуткім часе стаў цэнтрам іх каланіяльных уладанняў. У 1641 г. галандцы захапілі Малаку — ​апорны пункт партугальскіх уладанняў у Паўднёва-­Усходняй Азіі. Яны заснавалі некалькі калоній на поўдні Афрыкі (Капская зямля) і захапілі шэраг невялікіх тэрыторый на заходнім узбярэжжы кантынента. Галандцы нават заснавалі калонію Новыя Нідэрланды ў Паўночнай Амерыцы. Аднак асноўныя галандскія каланіяльныя ўладанні знаходзіліся на Малайскім архіпелагу.

У другой палове XVII ст. Англіі ўдалося падарваць каланіяльную і марскую моц Галандыі. Апошняя змагла захаваць уладанні толькі ў Азіі, і тое дзякуючы ўзмацненню саперніцтва паміж Англіяй і Францыяй. З пачатку XVII ст. уздоўж усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі адно за адным сталі ўзнікаць англійскія паселішчы. У другой палове XVIII ст. пачалося заваяванне Індыі, якое ажыццяўлялася ўзброенымі сіламі англійскай Ост-­Індскай кампаніі. Англія ператваралася ў буйнейшую каланіяльную дзяржаву свету.

Вялікія геаграфічныя адкрыцці прывялі да пачатку працяглага працэсу збліжэння і ўстойлівага ўзаемадзеяння цывілізацый. Аднак ён быў азмрочаны еўрапейскай каланіяльнай экспансіяй, у выніку якой значная частка свету ператварылася ў крыніцу абагачэння Еўропы, яе эканамічнай і палітычнай магутнасці. Каланіяльная здабыча стала адной з крыніц першапачатковага накаплення капіталу, умацавання капіталізму і стварэння сусветнага рынку. Разам з тым еўрапейская каланіяльная экспансія забяспечыла пранікненне духоўнай і матэрыяльнай культуры Еўропы ў краіны Усходу і Амерыкі, пашырыла еўрапейскія веды пра іншыя грамадствы і сусвет у цэлым.