§ 22. Пачатак еўрапейскай каланіяльнай экспансіі

1. Вытокі каланіяльнай экспансіі і яе асаблівасці

Перыяд з сярэдзіны XV да сярэдзіны XVII ст. называецца эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Гэты час стаў пачаткам еўрапейскай каланіяльнай экспансіі.

Еўрапейцы Новага часу былі не першымі, хто плаваў на далёкую адлегласць: вікінгі і палінезійцы задоўга да іх здзяйснялі працяглыя марскія падарожжы. Да канца XV ст. еўрапейцы стварылі новы тып марскіх суднаў — ​каравелы, якія дазволілі ажыццяўляць далёкія падарожжы. Аднак еўрапейская экспансія Новага часу невыпадкова ўвайшла ў гісторыю як эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Яна была ўнікальнай, паколькі характарызавалася хуткасцю і маштабнасцю тэрытарыяльнага ахопу. За некалькі стагоддзяў еўрапейцы наладзілі кантакты практычна з усім зямным шарам. Еўрапейскія мараплаўцы праклалі шляхі на Усход — ​у Афрыку, Індыю, Паўднёва-­Усходнюю Азію, на Захад — ​у Паўднёвую і Паўночную Амерыку; адкрылі Аўстралію. Еўрапейцы таксама стварылі ўнікальныя тэхналогіі, невядомыя іншым народам. Але, самае галоўнае, яны валодалі агня­стрэльнай зброяй — ​той перавагай, якая вызначыла першыя поспехі еўрапейцаў у заваяванні свету.

Каланіяльная экспансія была распачатая Партугаліяй і Іспаніяй. Гэта тлумачыцца тым, што ў XV ст. гэтыя дзяржавы імкнуліся ліквідаваць манаполію італьянскіх гандляроў Венецыі і Генуі ў Міжземнамор’і. Для адкрыцця новых гандлёвых шляхоў яны арганізоўвалі шматлікія экспедыцыі.

Партугальцы марудна, але грунтоўна «асвой­валі» заходняе ўзбярэжжа Афрыкі. Ужо ў 1440-х гг. у Партугалію пачалі паступаць золата, слановая косць і нявольнікі з Гвінейскага ўзбярэжжа. Гэта стала прычынай далейшага руху партугальцаў на поўдзень. У хуткім часе быў адкрыты Мыс Добрай Надзеі і партугальскія караблі абагнулі Афрыку з поўдня, а затым Васка да Гама дасягнуў усходняга ўзбярэжжа Індыі.

Пачатак іспанскай экспансіі паклалі чатыры экспедыцыі (1492–1503) Хрыстафора Калумба. Іспанцы захапілі частку Антыльскіх астравоў і заснавалі першае паселішча на востраве Эспаньёла (Гаіці). У першай палове XVI ст. іспанцы замацаваліся на вялікай тэрыторыі Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.