Печатать книгуПечатать книгу

§ 22. Пачатак еўрапейскай каланіяльнай экспансіі

Чаму людзі Новага часу імкнуліся за межы знаёмага свету?

Якія працэсы адбываліся ў Еўропе канца эпохі Сярэднявечча? Успомніце ўнутраныя ўмовы сацыяльнага і эканамічнага развіцця еўрапейскага грамадства да пачатку Новага часу. (Гісторыя Новага часу, 7 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 22. Пачатак еўрапейскай каланіяльнай экспансіі
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 21 Май 2024, 10:30

1. Вытокі каланіяльнай экспансіі і яе асаблівасці

Перыяд з сярэдзіны XV да сярэдзіны XVII ст. называецца эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Гэты час стаў пачаткам еўрапейскай каланіяльнай экспансіі.

Еўрапейцы Новага часу былі не першымі, хто плаваў на далёкую адлегласць: вікінгі і палінезійцы задоўга да іх здзяйснялі працяглыя марскія падарожжы. Да канца XV ст. еўрапейцы стварылі новы тып марскіх суднаў — ​каравелы, якія дазволілі ажыццяўляць далёкія падарожжы. Аднак еўрапейская экспансія Новага часу невыпадкова ўвайшла ў гісторыю як эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Яна была ўнікальнай, паколькі характарызавалася хуткасцю і маштабнасцю тэрытарыяльнага ахопу. За некалькі стагоддзяў еўрапейцы наладзілі кантакты практычна з усім зямным шарам. Еўрапейскія мараплаўцы праклалі шляхі на Усход — ​у Афрыку, Індыю, Паўднёва-­Усходнюю Азію, на Захад — ​у Паўднёвую і Паўночную Амерыку; адкрылі Аўстралію. Еўрапейцы таксама стварылі ўнікальныя тэхналогіі, невядомыя іншым народам. Але, самае галоўнае, яны валодалі агня­стрэльнай зброяй — ​той перавагай, якая вызначыла першыя поспехі еўрапейцаў у заваяванні свету.

Каланіяльная экспансія была распачатая Партугаліяй і Іспаніяй. Гэта тлумачыцца тым, што ў XV ст. гэтыя дзяржавы імкнуліся ліквідаваць манаполію італьянскіх гандляроў Венецыі і Генуі ў Міжземнамор’і. Для адкрыцця новых гандлёвых шляхоў яны арганізоўвалі шматлікія экспедыцыі.

Партугальцы марудна, але грунтоўна «асвой­валі» заходняе ўзбярэжжа Афрыкі. Ужо ў 1440-х гг. у Партугалію пачалі паступаць золата, слановая косць і нявольнікі з Гвінейскага ўзбярэжжа. Гэта стала прычынай далейшага руху партугальцаў на поўдзень. У хуткім часе быў адкрыты Мыс Добрай Надзеі і партугальскія караблі абагнулі Афрыку з поўдня, а затым Васка да Гама дасягнуў усходняга ўзбярэжжа Індыі.

Пачатак іспанскай экспансіі паклалі чатыры экспедыцыі (1492–1503) Хрыстафора Калумба. Іспанцы захапілі частку Антыльскіх астравоў і заснавалі першае паселішча на востраве Эспаньёла (Гаіці). У першай палове XVI ст. іспанцы замацаваліся на вялікай тэрыторыі Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.

2. Эканамічныя матывы, роля царквы і дзяржавы

Экспансія шмат у чым была абумоўлена зацікаўленасцю еўрапейцаў у вострых прыправах, а таксама прадметах раскошы. Акрамя таго, хуткае развіццё таварна-­грашовых адносін выклікала вялізны попыт на золата як найважнейшы аб’ект абмену. Каштоўны метал дастаўляўся ў Еўропу з Блізкага Усходу. Таксама праз арабскіх пасрэднікаў паступалі кітайскія і індыйскія тавары (напрыклад, вострыя прыправы), якія цаніліся на вагу золата. Аднак у другой палове XV ст. гэты гандаль амаль спыніўся з-за турэцкіх заваёў. Тады погляды еўрапейцаў накіраваліся ў бок акіяна — ​у пошуках марскіх шляхоў, якія вядуць у Індыю.

Умацаванне абсалютысцкай улады спачатку ў Іспаніі, а затым у Францыі і Англіі таксама падштурхоўвала да экспансіянісцкай палітыкі, паколькі для ўтрымання наёмнай арміі і шыкоўнага двара манархам патрабавалася ўсё больш грошай.

Не апошнюю ролю ў ініцыяванні экспедыцый адыгрывала царква, якая імкнулася распаўсюдзіць хрысціянства як мага больш шырока. Еўрапейцы шчыра верылі, што робяць богаўгодную справу, нясуць народам лепшы лад жыцця, ратуюць душы.

Каланіяльнай экспансіі еўрапейцаў садзейнічалі навуковыя і тэхнічныя дасягненні гэтай эпохі. З’яўленне каравелы, шырокае выкарыстанне компаса і астралябіі, па якой вызначалі месцазнаходжанне карабля, зрабілі сапраўдны пераварот у мараплаванні. Цяпер можна было смела выходзіць у адкрыты акіян, не баючыся заблудзіць. Вынаходства пораху і выкарыстанне агнястрэльнай зброі вызначылі ваенную перавагу еўрапейцаў. Цяга да навуковых адкрыццяў таксама адыграла важную ролю. Сярод вучоных XV ст. атрымала распаўсюджанне гіпотэза пра шарападобную форму Зямлі, што сур’ёзна паўплывала на рашэнне Х. Калумба здзейсніць марское падарожжа.

3. Барацьба еўрапейскіх краін за валоданне марскімі гандлёвымі шляхамі

Адкрыццё новых марскіх шляхоў і новых зямель прывяло да саперніцтва паміж еўрапейскімі дзяржавамі ў Азіі, а таксама ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы.

Спачатку вядучая роля ў еўрапейскай экспансіі належала Партугаліі. Будучы занадта слабай, каб захопліваць вялікія тэрыторыі, яна пачала ствараць апорныя базы (крэпасці і гандлёвыя факторыі) на ўсім працягу шляху ад Лісабона да Індыі і Паўднёва-­Усходняй Азіі.

Партугальская каланіяльная экспансія часта прымала даволі жорсткія формы. Напрыклад, пасля захопу горада Малака ў Паўднёва-­Усходняй Азіі (1511 г.) на працягу тыдня былі знішчаны ўсе мусульмане, якія сустрэліся на шляху партугальскіх салдат. З пачатку XV ст. партугальцы першымі з еўрапейцаў пачалі гандаль рабамі, якіх вывозілі з Афрыкі.

Усталяваўшы кантроль над Малукскімі астравамі, або Астравамі прыпраў, партугальцы сталі кантраляваць марскі гандаль Еўропы з Усходам. Цяпер яны самі маглі танна купляць вострыя прыправы ў Азіі і вельмі выгадна прадаваць іх на еўрапейскім рынку. Гэтая манаполія была настолькі моцнай, што нават егіпецкія і персідскія купцы ў XV ст. атрымлівалі вострыя прыправы праз партугальцаў. У хуткім часе ў Еўропе сталі скардзіцца на тое, што партугальцы ўсталёўваюць вельмі высокія цэны.

Ужо да канца XVI ст. разгарнулася вострае саперніцтва за гандлёвыя шляхі паміж Партугаліяй, Іспаніяй, з аднаго боку, і Францыяй, Англіяй і Нідэрландамі — ​з другога. Апошнія імкнуліся падарваць манаполію партугальскай і іспанскай кароны на гандаль з калоніямі ў Амерыцы.

У сярэдзіне XVI ст. Францыя спрабавала стварыць свае паселішчы ў Паўднёвай Амерыцы, аднак паступова амаль усе яны былі знішчаны. Стала зразумела, што Францыя занадта слабая, каб весці адкрытую барацьбу з Партугаліяй і Іспаніяй за калоніі.

Затое ў барацьбу ўключыліся англійскія шукальнікі прыгод, якіх падтрымлівала дзяржава. Англічане ўчынялі дзёрзкія напады на іспанскае ўзбярэжжа Амерыкі, захоплівалі і рабавалі іспанскія караблі, нагружаныя золатам і каштоўнымі таварамі. Гэтая здабыча затым паступала ў каралеўскую казну. Пірацтва наносіла настолькі адчувальны ўрон іспанцам, што прывяло да вайны паміж Іспаніяй і Англіяй (1585–1604). У ходзе ваенных дзеянняў Англіі, на здзіўленне Еўропы, спадарожнічаў поспех. Англія разгарнула кантрабандны гандаль (у тым ліку продаж рабоў з Афрыкі іспанскім каланістам) і ўсяляк заахвочвала пірацтва.

З канца XVI ст. Галандыя, якая дабілася незалежнасці ад Іспаніі, і Англія накіраваліся на Усход. Пачалася ўласна капіталістычная гісторыя каланіяльнай экс­пан­сіі. На працягу XVII–XVIII стст. вядучая роля ў ёй належала гандлёваму капіталу. Галандыя і Англія ставілі сабе за мэту манапалізаваць гандаль з Усходам і атрымаць з гэтага максімальную выгаду. Спачатку тэрытарыяльныя захопы былі нязначныя і ажыццяўляліся не дзеля эксплуатацыі мясцовага насельніцтва, а ў мэтах стварэння спрыяльных умоў для гандлю і выцяснення канкурэнтаў. Правадніком каланіяльнай палітыкі сталі гандлёвыя кампаніі, якія атрымалі ад дзяржавы права манапольнага гандлю з краінамі Усходу.

Першымі штурм партугальскай гандлёвай і марской манаполіі пачалі галандцы. У 1595 г. яны накіравалі флот на даследаванне Усходняй Індыі. У 1602 г. для фінансавання далейшых гандлёвых экспедыцый была заснаваная галандская Ост-­Індская гандлёвая кампанія. У дасягненні сваіх мэт галандцы былі такія ж бязлітасныя, як і партугальцы: яны нападалі на партугальскія караблі і гандлёвыя факторыі. У выніку ў XVII ст. Партугалія пазбылася дамінуючых пазіцый у гандлі вострымі прыправамі. Яна страціла ў барацьбе са сваім асноўным канкурэнтам — ​Галандыяй — ​найважнейшыя ўсходнія факторыі і калоніі: Малукскія астравы і порт Малаку ў Паўднёва-­Усходняй Азіі, порт Армуз у Іране, апорныя базы ў Японіі, Тайландзе, Індыі і М’янме. У Азіі Партугалія ўтрымала толькі некалькі факторый у Індыі і Кітаі, а ў Афрыцы — ​Анголу і Мазамбік.

Паколькі галандскія пазіцыі ў Паўднёва-­Усходняй Азіі былі вельмі моцныя, Англія і Францыя засяродзілі сваю ўвагу на Індыі. Абедзве краіны адпраўлялі гандлёвыя экспедыцыі і стваралі невялікія факторыі ўздоўж паўднёвых берагоў гэтай краіны. Ім удалося атрымаць тут гандлёвыя прывілеі часткова таму, што ў другой палове XVII ст. імперыя Вялікіх Маголаў аслабла. Да таго ж некаторыя індускія князі ўступалі ў саюзы з еўрапейцамі супраць сваіх мусульманскіх правіцеляў.

4. Стварэнне каланіяльных імперый

Першымі еўрапейскімі дзяржавамі, якія стварылі свае каланіяльныя імперыі яшчэ ў XVI ст., былі Партугалія і Іспанія.

Асновай партугальскай каланіяльнай імперыі сталі ўладанні ў Паўднёвай Амерыцы — ​Бразілія, заваяваная ў пачатку XVI ст. Для кіравання кожнай калоніяй кароль назначаў генерал-­капітана, а таксама даваў лаяльным падданым вялізныя надзелы зямлі. Данатарыа (землеўладальнік) кіраваў атрыманай тэрыторыяй і прыцягваў пасяленцаў апрацоўваць зямлю або гандляваць на сваёй зямлі.

Да 1580 г. Бразілія стала квітнеючай калоніяй. Як і іспанцы ў Вест-­Індыі (гістарычная назва астравоў Карыбскага мора), партугальцы ўвозілі ў Бразілію рабоў з Афрыкі для працы на плантацыях цукровага трыснягу. У канцы XVII ст. партугальцы адкрылі радовішчы алмазаў. Тысячы новых пасяленцаў рушылі ў калоніі.

Іспанская каланіяльная імперыя, як і партугальская, таксама стваралася «агнём і мячом». Паколькі шлях на Усход вакол Афрыкі кантралявалі партугальцы, іспанскія караблі ў пошуках Індыі выправіліся ў заходнім напрамку, праз Атлантычны і Ціхі акіяны. Пасля адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам іспанцы пачалі пакарэнне мясцовага насельніцтва. Яны мелі агнястрэльную зброю, былі закаваныя ў латы, перамяшчаліся вярхом на конях.

У Азіі ў 1521 г. падрыхтаваная Іспаніяй экспедыцыя пад камандаваннем партугальскага мараплаўца Фернана Магелана адкрыла Філіпінскія астравы, якія былі каланізаваныя ў другой палове XVI ст.

Золата, серабро і прыправы патокам пацяклі ў Іспанію. Асноўная доля гэтай здабычы адпраўлялася ў прыналежныя Іспаніі Нідэрланды — ​у горад Антверпен, які ў XVI ст. стаў гандлёвай сталіцай Заходняй Еўропы. Праз Антверпен прадавалі свае тавары і партугальцы. Такім чынам, Партугалія і Іспанія зрабіліся для Еўропы найважнейшай крыніцай атрымання каштоўных металаў, прыпраў і розных усходніх тавараў.

XVII ст. стала часам узвышэння галандскай каланіяльнай імперыі. Ужо ў пачатку стагоддзя галандскія гандляры выцеснілі з Малукскіх астравоў партугальцаў і іспанцаў, захапілі на востраве Ява горад Батавія (Джакарта), які ў хуткім часе стаў цэнтрам іх каланіяльных уладанняў. У 1641 г. галандцы захапілі Малаку — ​апорны пункт партугальскіх уладанняў у Паўднёва-­Усходняй Азіі. Яны заснавалі некалькі калоній на поўдні Афрыкі (Капская зямля) і захапілі шэраг невялікіх тэрыторый на заходнім узбярэжжы кантынента. Галандцы нават заснавалі калонію Новыя Нідэрланды ў Паўночнай Амерыцы. Аднак асноўныя галандскія каланіяльныя ўладанні знаходзіліся на Малайскім архіпелагу.

У другой палове XVII ст. Англіі ўдалося падарваць каланіяльную і марскую моц Галандыі. Апошняя змагла захаваць уладанні толькі ў Азіі, і тое дзякуючы ўзмацненню саперніцтва паміж Англіяй і Францыяй. З пачатку XVII ст. уздоўж усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі адно за адным сталі ўзнікаць англійскія паселішчы. У другой палове XVIII ст. пачалося заваяванне Індыі, якое ажыццяўлялася ўзброенымі сіламі англійскай Ост-­Індскай кампаніі. Англія ператваралася ў буйнейшую каланіяльную дзяржаву свету.

Вялікія геаграфічныя адкрыцці прывялі да пачатку працяглага працэсу збліжэння і ўстойлівага ўзаемадзеяння цывілізацый. Аднак ён быў азмрочаны еўрапейскай каланіяльнай экспансіяй, у выніку якой значная частка свету ператварылася ў крыніцу абагачэння Еўропы, яе эканамічнай і палітычнай магутнасці. Каланіяльная здабыча стала адной з крыніц першапачатковага накаплення капіталу, умацавання капіталізму і стварэння сусветнага рынку. Разам з тым еўрапейская каланіяльная экспансія забяспечыла пранікненне духоўнай і матэрыяльнай культуры Еўропы ў краіны Усходу і Амерыкі, пашырыла еўрапейскія веды пра іншыя грамадствы і сусвет у цэлым.

Пытанні

1. Якія краіны першымі прынялі ўдзел у геаграфічных адкрыццях? Рас­тлу­мач­це, чаму менавіта яны. Якія яшчэ дзяржавы ўдзельнічалі ў гэтым працэсе і чаму?

2. Ахарактарызуйце ролю дзяржавы і царквы ў каланіяльнай экспансіі еўрапейцаў.

3. Назавіце і растлумачце прычыны саперніцтва ў канцы XVI ст. паміж Партугаліяй, Іспаніяй, з аднаго боку, і Францыяй, Англіяй і Нідэрландамі — ​з другога.

4. Выкарыстоўваючы табліцу «Храналогія ранняга Новага часу» на с. 174–175, назавіце падзеі, звязаныя з Вялікімі геаграфічнымі адкрыццямі. Ахарактарызуйце значэнне Вялікіх геаграфічных адкрыццяў для гісторыі і геаграфіі.

5. Як змянілася каланіяльная палітыка еўрапейскіх краін у XVI ст.; у XVII ст.?

6. Праілюструйце змест параграфа. Выкарыстайце дадатковыя крыніцы інфармацыі. Да ілюстрацый падбярыце апісанні.