§ 22. Пачатак еўрапейскай каланіяльнай экспансіі

3. Барацьба еўрапейскіх краін за валоданне марскімі гандлёвымі шляхамі

Адкрыццё новых марскіх шляхоў і новых зямель прывяло да саперніцтва паміж еўрапейскімі дзяржавамі ў Азіі, а таксама ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы.

Спачатку вядучая роля ў еўрапейскай экспансіі належала Партугаліі. Будучы занадта слабай, каб захопліваць вялікія тэрыторыі, яна пачала ствараць апорныя базы (крэпасці і гандлёвыя факторыі) на ўсім працягу шляху ад Лісабона да Індыі і Паўднёва-­Усходняй Азіі.

Партугальская каланіяльная экспансія часта прымала даволі жорсткія формы. Напрыклад, пасля захопу горада Малака ў Паўднёва-­Усходняй Азіі (1511 г.) на працягу тыдня былі знішчаны ўсе мусульмане, якія сустрэліся на шляху партугальскіх салдат. З пачатку XV ст. партугальцы першымі з еўрапейцаў пачалі гандаль рабамі, якіх вывозілі з Афрыкі.

Усталяваўшы кантроль над Малукскімі астравамі, або Астравамі прыпраў, партугальцы сталі кантраляваць марскі гандаль Еўропы з Усходам. Цяпер яны самі маглі танна купляць вострыя прыправы ў Азіі і вельмі выгадна прадаваць іх на еўрапейскім рынку. Гэтая манаполія была настолькі моцнай, што нават егіпецкія і персідскія купцы ў XV ст. атрымлівалі вострыя прыправы праз партугальцаў. У хуткім часе ў Еўропе сталі скардзіцца на тое, што партугальцы ўсталёўваюць вельмі высокія цэны.

Ужо да канца XVI ст. разгарнулася вострае саперніцтва за гандлёвыя шляхі паміж Партугаліяй, Іспаніяй, з аднаго боку, і Францыяй, Англіяй і Нідэрландамі — ​з другога. Апошнія імкнуліся падарваць манаполію партугальскай і іспанскай кароны на гандаль з калоніямі ў Амерыцы.

У сярэдзіне XVI ст. Францыя спрабавала стварыць свае паселішчы ў Паўднёвай Амерыцы, аднак паступова амаль усе яны былі знішчаны. Стала зразумела, што Францыя занадта слабая, каб весці адкрытую барацьбу з Партугаліяй і Іспаніяй за калоніі.

Затое ў барацьбу ўключыліся англійскія шукальнікі прыгод, якіх падтрымлівала дзяржава. Англічане ўчынялі дзёрзкія напады на іспанскае ўзбярэжжа Амерыкі, захоплівалі і рабавалі іспанскія караблі, нагружаныя золатам і каштоўнымі таварамі. Гэтая здабыча затым паступала ў каралеўскую казну. Пірацтва наносіла настолькі адчувальны ўрон іспанцам, што прывяло да вайны паміж Іспаніяй і Англіяй (1585–1604). У ходзе ваенных дзеянняў Англіі, на здзіўленне Еўропы, спадарожнічаў поспех. Англія разгарнула кантрабандны гандаль (у тым ліку продаж рабоў з Афрыкі іспанскім каланістам) і ўсяляк заахвочвала пірацтва.

З канца XVI ст. Галандыя, якая дабілася незалежнасці ад Іспаніі, і Англія накіраваліся на Усход. Пачалася ўласна капіталістычная гісторыя каланіяльнай экс­пан­сіі. На працягу XVII–XVIII стст. вядучая роля ў ёй належала гандлёваму капіталу. Галандыя і Англія ставілі сабе за мэту манапалізаваць гандаль з Усходам і атрымаць з гэтага максімальную выгаду. Спачатку тэрытарыяльныя захопы былі нязначныя і ажыццяўляліся не дзеля эксплуатацыі мясцовага насельніцтва, а ў мэтах стварэння спрыяльных умоў для гандлю і выцяснення канкурэнтаў. Правадніком каланіяльнай палітыкі сталі гандлёвыя кампаніі, якія атрымалі ад дзяржавы права манапольнага гандлю з краінамі Усходу.

Першымі штурм партугальскай гандлёвай і марской манаполіі пачалі галандцы. У 1595 г. яны накіравалі флот на даследаванне Усходняй Індыі. У 1602 г. для фінансавання далейшых гандлёвых экспедыцый была заснаваная галандская Ост-­Індская гандлёвая кампанія. У дасягненні сваіх мэт галандцы былі такія ж бязлітасныя, як і партугальцы: яны нападалі на партугальскія караблі і гандлёвыя факторыі. У выніку ў XVII ст. Партугалія пазбылася дамінуючых пазіцый у гандлі вострымі прыправамі. Яна страціла ў барацьбе са сваім асноўным канкурэнтам — ​Галандыяй — ​найважнейшыя ўсходнія факторыі і калоніі: Малукскія астравы і порт Малаку ў Паўднёва-­Усходняй Азіі, порт Армуз у Іране, апорныя базы ў Японіі, Тайландзе, Індыі і М’янме. У Азіі Партугалія ўтрымала толькі некалькі факторый у Індыі і Кітаі, а ў Афрыцы — ​Анголу і Мазамбік.

Паколькі галандскія пазіцыі ў Паўднёва-­Усходняй Азіі былі вельмі моцныя, Англія і Францыя засяродзілі сваю ўвагу на Індыі. Абедзве краіны адпраўлялі гандлёвыя экспедыцыі і стваралі невялікія факторыі ўздоўж паўднёвых берагоў гэтай краіны. Ім удалося атрымаць тут гандлёвыя прывілеі часткова таму, што ў другой палове XVII ст. імперыя Вялікіх Маголаў аслабла. Да таго ж некаторыя індускія князі ўступалі ў саюзы з еўрапейцамі супраць сваіх мусульманскіх правіцеляў.