Францыск Скарына

* Прадмовы Францыска Скарыны

Назвы прадмоў адлюстроўваюць асаблівасці іх зместу, структуры і стылістыкі. Прадмовы мелі значны аб’ём, складаліся з некалькіх частак, утрымлівалі падрабязныя апісанні, гістарычныя, тэалагічныя, юрыдычныя каментарыі. Сказанні, як правіла, змяшчалі кароткія анатацыі да кніг з лаканічнымі тлумачэннямі інфармацыйнага характару. Можна меркаваць, што прадмовы Скарына пісаў для менш распаўсюджаных тэкстаў Старога Запавету, а сказанні — да добра вядомых кніг Новага Запавету. У прадмовах аўтар вёў з чытачом гаворку пра духоўныя каштоўнасці, любоў да Радзімы, сэнс жыцця. Пасляслоўі прадстаўлены сціслымі звесткамі пра выдаўца, перакладчыка, рэдактара, месца выхаду кнігі і кароткімі малітвамі, адсылкамі і каментарыямі да асноўнага тэксту.

Прадмова да ўсёй Бібліі раскрывае сутнасць асветніцкай місіі Скарыны. Першадрукар разглядаў Кнігу Кніг не проста як невычэрпную крыніцу ведаў, мудрасці і вынік шматвяковага духоўнага вопыту чалавецтва, але і прапаноўваў выкарыстоўваць яе ў якасці падручніка па сямі вольных навуках — граматыцы, логіцы, рыторыцы, музыцы, арыфметыцы, геаметрыі, астраноміі: «Тут — поўнае навучанне сямі навук вызваленых!

Жадаеш ведаць Граматыку, ці, па-нашаму кажучы, грамату, якая вучыць правільна чытаць і гаварыць, — звяртайся да Бібліі. Чытай у ёй кнігу «Псалтыр».

Наважышся асвоіць Логіку, што вучыць пры дапамозе аргументаў адрозніваць праўду ад хлусні, — чытай «Кнігу святога Іова» або «Пасланні святога апостала Паўла».

Задумаеш авалодаць Рыторыкай, якая ёсць само Красамоўства, — чытай кнігі Саламонавы…»

Вобразна, рытмічна напісана прадмова да кнігі «Псалтыр». Менавіта такой мовы патрабаваў змест выдання, бо гэта пераклады псалмоў (песень). «...Псалмы — гэта скарб, безліч каштоўных камянёў! Яны розную немач духоўную і цялесную выганяюць! Душу і розум прасвятляюць! Гнеў і лютасць уціхамірваюць! Мір і пакой чыняць! Смутак і скруху адганяюць! Пачуцці ў малітвах даюць! Людзей зычлівымі робяць!» Асветнік бачыў у «Псалтыры» лекі для цела і акрасу для душы, лічыў, што ў гэтай кнізе кожны чалавек знойдзе штосьці важнае для сябе. Карысць «усялякага слова» першадрукар знаходзіў у тым, што яно робіць чалавека лепшым: «вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае».

Навукоўцы гавораць. Толькі адну з біблейскіх кніг Скарына выдаў двойчы, і толькі адна прадмова была ім перадрукавана ў пазнейшы час. Гэтая кніга — «Псалтыр», гэтая прадмова — «Прадмова да “Псалтыра”». <…> Ён не склаў паэтычных пералажэнняў псалмоў, як, скажам, Іаган Мюліус з Лібенродэ, Ян Каханоўскі, Джон Мілтан або Сімяон Полацкі, але ў віленскі перыяд сваёй творчасці стварыў наватарскае, знітаванае адначасова з заходне-каталіцкай і ўсходне-праваслаўнай выдавецкімі традыцыямі выданне на аснове «Псалтыра» (Паводле Жанны Некрашэвіч-Кароткай).

Звяртаючыся да «люду паспалітага» ў прадмовах і пасляслоўях, Францыск Скарына заклаў у беларускай літаратуры асновы навукова-асветніцкай, маральна-дыдактычнай, філасофскай публіцыстыкі. Публіцыстычныя творы друкара яшчэ мелі стылявыя адзнакі сярэдне-вяковай літаратуры (наяўнасць філасофскіх, тэалагічных, навукова-аналітычных пластоў, элементаў вершаванай мовы), але багаслоўскія элементы ўжо спалучаліся ў іх з выяўленнем патрыятычных, выхаваўчых, прававых і асветніцкіх ідэй. Важнае месца ў скарынаўскай публіцыстыцы займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы.

З публіцыстычных твораў упершыню ва ўсходнеславянскім свеце пачалося ўсведамленне культурнага перавароту, які прынесла кнігадрукаванне, спасціжэнне агульначалавечай каштоўнасці лепшых здабыткаў нацыянальнай літаратурнай думкі і значэння роднай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры.