Францыск Скарына

Біяграфія

Францыск Скарына з Полацка, чалавек незвычайнай вучонасці, па загадзе караля Жыгімонта І стаў недатыкальнай асобай — вызваляўся з-пад юрысдыкцыі гарадскіх і земскіх судоў, браўся пад каралеўскую ахову і апеку (паводле ўказаў Жыгімонта І ад 21 і 25 лістапада 1532 года).

Рознабаковая дзейнасць пачынальніка беларускага Адраджэння Францыска Скарыны адкрыла новую эпоху ў гісторыі беларускай культуры, шмат у чым вызначыла яе нацыянальную спецыфіку і напрамкі будучага развіцця. 

Жыццяпіс Скарыны падобны да пункцірнай лініі: пачатак яго губляецца ў канцы XV, а завяршэнне — у сярэдзіне XVI стагоддзя. Пра некаторыя падзеі з жыцця гэтага выбітнага чалавека можна толькі меркаваць, бо дакладных дат і фактаў, звязаных з яго асобай, не вельмі шмат.