Печатать книгуПечатать книгу

Францыск Скарына



 1. Што вы ведаеце пра жыццё і творчасць Францыска Скарыны? 
 2. Якія ідэі прасочваюцца ў знакамітым урыўку з прадмовы беларускага першадрукара да кнігі «Юдзіф» («Понеже от прирожения...»)?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: Францыск Скарына
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 26 Декабрь 2024, 15:07

Біяграфія

Францыск Скарына з Полацка, чалавек незвычайнай вучонасці, па загадзе караля Жыгімонта І стаў недатыкальнай асобай — вызваляўся з-пад юрысдыкцыі гарадскіх і земскіх судоў, браўся пад каралеўскую ахову і апеку (паводле ўказаў Жыгімонта І ад 21 і 25 лістапада 1532 года).

Рознабаковая дзейнасць пачынальніка беларускага Адраджэння Францыска Скарыны адкрыла новую эпоху ў гісторыі беларускай культуры, шмат у чым вызначыла яе нацыянальную спецыфіку і напрамкі будучага развіцця. 

Жыццяпіс Скарыны падобны да пункцірнай лініі: пачатак яго губляецца ў канцы XV, а завяршэнне — у сярэдзіне XVI стагоддзя. Пра некаторыя падзеі з жыцця гэтага выбітнага чалавека можна толькі меркаваць, бо дакладных дат і фактаў, звязаных з яго асобай, не вельмі шмат.

* Пераклад і выданне кніг Бібліі

Як вядома, на працягу трох гадоў у пражскай друкарні выйшлі 23 ілюстраваныя кнігі першай беларускай Бібліі пад агульнай назвай «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению» (1517—1519).

На дзіва, Скарыну ўдалося ажыццявіць гэты перадавы праект. За кароткі тэрмін былі падрыхтаваны да выдання даволі складаныя тэксты, выканана афармленне (створаны гравюры-ілюстрацыі, застаўкі, буквіцы, каляровыя элементы) — і ўсё гэта было выдадзена вялікім тыражом на вельмі высокім тэхнічным і мастацкім узроўні.

Ёсць звесткі, што гравюры, змешчаныя на старонках кніг Бібліі, Скарына замаўляў у Нюрнбергу, магчыма, у майстэрні сусветна вядомага мастака-графіка Альбрэхта Дзюрэра.

Набор тэксту ажыццяўляўся ўручную наборнымі літарамі ў люстраным парадку, каб пасля можна было прачытаць адбітак. 
Францыск Скарына выдаў каля дваццаці пяці тысяч экзэмпляраў кніг.
Уручную такую колькасць старонак перапісвала б тысяча людзей на працягу пяці гадоў.

Каля 1520 года асветнік вярнуўся на Радзіму, а ў 1522 годзе ў віленскай друкарні ўбачыла свет яго «Малая падарожная кніжка». Таксама ў Вільні ў 1525 годзе з’явілася яго апошняе вядомае на сёння выданне «Апостал». Дарэчы, менавіта з «Апостала» ў 1564 годзе пачалі ў Маскве рускае кнігадрукаванне Іван Фёдараў і наш зямляк Пётр з Мсціслаўля (Мсціславец).

Уклад у развіццё культуры

1. Францыск Скарына першы ў гісторыі ўсходнеславянскай культуры выдаў пераклад Бібліі.
2. Скарына суправаджаў біблейскія тэксты прадмовамі і пасляслоўямі ўласнага аўтарства (50 прадмоў і 62 пасляслоўі), у якіх адлюстраваліся яго філасофскія, прававыя, педагагічныя і літаратурна-эстэтычныя погляды. Беларускі першадрукар увёў у кнігі адметныя элементы: анатацыі, каментарыі, глосы1
3. У творах Францыска Скарыны сфармулявана новая рэнесансная мараль: Радзіме можна служыць не толькі праз вайсковыя подзвігі, але і праз навуку і культуру. У якасці самых значных каштоўнасцей ён разглядаў асобу чалавека і яго жыццё, самаўдасканаленне і навуку.
4. Першадрукар стаў адным з пачынальнікаў беларускага вершаскладання.

________________

1 Гло´сы — іншамоўныя або малазразумелыя словы з тлумачэннямі або каментарыямі; змяшчаліся на палях кнігі.

* Прадмовы Францыска Скарыны

Назвы прадмоў адлюстроўваюць асаблівасці іх зместу, структуры і стылістыкі. Прадмовы мелі значны аб’ём, складаліся з некалькіх частак, утрымлівалі падрабязныя апісанні, гістарычныя, тэалагічныя, юрыдычныя каментарыі. Сказанні, як правіла, змяшчалі кароткія анатацыі да кніг з лаканічнымі тлумачэннямі інфармацыйнага характару. Можна меркаваць, што прадмовы Скарына пісаў для менш распаўсюджаных тэкстаў Старога Запавету, а сказанні — да добра вядомых кніг Новага Запавету. У прадмовах аўтар вёў з чытачом гаворку пра духоўныя каштоўнасці, любоў да Радзімы, сэнс жыцця. Пасляслоўі прадстаўлены сціслымі звесткамі пра выдаўца, перакладчыка, рэдактара, месца выхаду кнігі і кароткімі малітвамі, адсылкамі і каментарыямі да асноўнага тэксту.

Прадмова да ўсёй Бібліі раскрывае сутнасць асветніцкай місіі Скарыны. Першадрукар разглядаў Кнігу Кніг не проста як невычэрпную крыніцу ведаў, мудрасці і вынік шматвяковага духоўнага вопыту чалавецтва, але і прапаноўваў выкарыстоўваць яе ў якасці падручніка па сямі вольных навуках — граматыцы, логіцы, рыторыцы, музыцы, арыфметыцы, геаметрыі, астраноміі: «Тут — поўнае навучанне сямі навук вызваленых!

Жадаеш ведаць Граматыку, ці, па-нашаму кажучы, грамату, якая вучыць правільна чытаць і гаварыць, — звяртайся да Бібліі. Чытай у ёй кнігу «Псалтыр».

Наважышся асвоіць Логіку, што вучыць пры дапамозе аргументаў адрозніваць праўду ад хлусні, — чытай «Кнігу святога Іова» або «Пасланні святога апостала Паўла».

Задумаеш авалодаць Рыторыкай, якая ёсць само Красамоўства, — чытай кнігі Саламонавы…»

Вобразна, рытмічна напісана прадмова да кнігі «Псалтыр». Менавіта такой мовы патрабаваў змест выдання, бо гэта пераклады псалмоў (песень). «...Псалмы — гэта скарб, безліч каштоўных камянёў! Яны розную немач духоўную і цялесную выганяюць! Душу і розум прасвятляюць! Гнеў і лютасць уціхамірваюць! Мір і пакой чыняць! Смутак і скруху адганяюць! Пачуцці ў малітвах даюць! Людзей зычлівымі робяць!» Асветнік бачыў у «Псалтыры» лекі для цела і акрасу для душы, лічыў, што ў гэтай кнізе кожны чалавек знойдзе штосьці важнае для сябе. Карысць «усялякага слова» першадрукар знаходзіў у тым, што яно робіць чалавека лепшым: «вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае».

Навукоўцы гавораць. Толькі адну з біблейскіх кніг Скарына выдаў двойчы, і толькі адна прадмова была ім перадрукавана ў пазнейшы час. Гэтая кніга — «Псалтыр», гэтая прадмова — «Прадмова да “Псалтыра”». <…> Ён не склаў паэтычных пералажэнняў псалмоў, як, скажам, Іаган Мюліус з Лібенродэ, Ян Каханоўскі, Джон Мілтан або Сімяон Полацкі, але ў віленскі перыяд сваёй творчасці стварыў наватарскае, знітаванае адначасова з заходне-каталіцкай і ўсходне-праваслаўнай выдавецкімі традыцыямі выданне на аснове «Псалтыра» (Паводле Жанны Некрашэвіч-Кароткай).

Звяртаючыся да «люду паспалітага» ў прадмовах і пасляслоўях, Францыск Скарына заклаў у беларускай літаратуры асновы навукова-асветніцкай, маральна-дыдактычнай, філасофскай публіцыстыкі. Публіцыстычныя творы друкара яшчэ мелі стылявыя адзнакі сярэдне-вяковай літаратуры (наяўнасць філасофскіх, тэалагічных, навукова-аналітычных пластоў, элементаў вершаванай мовы), але багаслоўскія элементы ўжо спалучаліся ў іх з выяўленнем патрыятычных, выхаваўчых, прававых і асветніцкіх ідэй. Важнае месца ў скарынаўскай публіцыстыцы займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы.

З публіцыстычных твораў упершыню ва ўсходнеславянскім свеце пачалося ўсведамленне культурнага перавароту, які прынесла кнігадрукаванне, спасціжэнне агульначалавечай каштоўнасці лепшых здабыткаў нацыянальнай літаратурнай думкі і значэння роднай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры.

* Вершатворчасць

Каб надаць публіцыстычным тэкстам пераканаўчае гучанне, Францыск Скарына карыстаўся мастацкімі сродкамі, уласцівымі аратарскай прозе, — стылістычнымі фігурамі (градацыя), паўторамі (анафара), рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе аб’ядналіся асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.

Першае вершаванае чатырохрадкоўе Францыска Скарыны «Богу в Троици единому...» было змешчана ў кнізе «Іоў» у 1517 годзе, і гэты факт стаў сведчаннем узнікнення беларускай паэзіі.

 Богу в Троици единому ко чти и ко славе,
Матери Его Пречистой Марии к похвале.
          Всем небесным силам и святым Его к веселию,
 Людем посполитым к доброму научению.

Твор уяўляе сабой так званыя віршы — своеасаблівы від верша, у радках якога чаргуецца колькасць складоў (15—14, 15—14), а паўза падзяляе радок на дзве часткі. Пры гэтым рэгулярнае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў у віршах не мае прынцыповага значэння.

    _′ _ _′ _ _ _ _′ _ _ _ _′ _ _ _′ _ (15 складоў)
 _′ _ _ _ _′ _ _′ _ _ _′ _ _ _ _′ (14 складоў)
    _′ _ _′ _ _′ _ _ _ _′ _ _′ _ _′ _ _ (15 складоў)
_′ _ _ _ _′ _ _′ _ _ _ _ _′ _ _ (14 складоў)

Падобная сістэма вершаскладання называецца сілабічнай, або складовай (ад слова «сілаба» — ‘склад’). У сілабічным вершаскладанні неабавязковая наяўнасць звыклай для нас рыфмы — для яго характэрна праца менавіта з колькасцю складоў і паўзамі. Звернем увагу на падабенства (паралелізм) выкарыстаных у творы сінтаксічных канструкцый: Богу — ко чти и ко славе, Матери Его — к похвале, небесным силам — к веселию, людем — к научению. Такі прыём дазволіў асветніку структурна арганізаваць тэкст, падтрымаць яго рытмічнае гучанне.

Унікальным для беларускай літаратуры творам стала пяцірадкоўе Францыска Скарыны, напісанае паводле дзесяці запаведзяў Майсея (з прадмовы да кнігі «Исходъ»). Калі запісаць запаведзі парамі — так, як у скарынаўскім арыгінале, атрымаецца вельмі гарманічная будова. Колькасць складоў размяркуецца наступным чынам: 20—16—16—16—20.

 Навукоўцы гавораць. Творы Францыска Скарыны былі моцна звязаны з біблейскім тэкстам. Гэта ўплывала і на вершатворчасць асветніка. Акрамя шырокавядомых вершаў беларускага першадрукара з выданняў кнігі «Іоў», кнігі «Исходъ» і кнігі «Эсфір» ды гімнаграфічных твораў, да своеасаблівых узораў вершаскладання таксама могуць быць аднесены надпісанні глаў і подпісы да гравюр.

Надпісанні глаў — гэта кароткія тэксты, якія змешчаны ў выданнях асветніка перад адпаведнай біблейскай главой і коратка перадаюць яе змест. Сярод надпісанняў Францыска Скарыны традыцыйна вылучаецца надпісанне 19-й главы кнігі «Левіт». Для прыкладу прывядзём надпісанне 6-й главы з кнігі Ісуса Сірахава, у якім назіраецца паслядоўнае выкарыстанне рыфмы (даследчыкам гэты тэкст адмыслова запісаны ў радкі).

      Каковых приятелей имамы искати
      и их любити.
      И яко добро ест добраго приателя имети,
      и от людей наученых мудрости и порады гледати,
      и о пожитку мудрости.

Подпісы да гравюр узаемадзейнічаюць з адпаведнымі гравюрамі і ўтвараюць такім чынам комплекс «гравюра — подпіс». У якасці прыкладу прапаноўваем запісаны даследчыкам у вершаванай форме подпіс з кнігі «Левіт», выдадзенай Францыскам Скарынам.

      Сей ест Аарон,
      Архиерей найвышший сынов
      Ізраилевых.
      Брат Моисеев,
      Правнук Леувиев.
      От него же называется
      Книга сия —
      «Леувит» (Паводле Андрэя Акушэвіча).

* Рысы рэнесанснага гуманізму ў творчасці Францыска Скарыны

Эпоха Рэнесансу атрымала назву «залаты век» для Беларусі, таму што беларуская мова і беларуская культурная традыцыя мелі спрыяльныя ўмовы для развіцця і духоўна ядналі грамадства.

Беларуская культура эпохі Францыска Скарыны вызначаецца прыметамі, характэрнымі для пераходнага перыяду ад Сярэдневякоўя да Новага часу. Яе важнейшыя дасягненні — кнігадрукаванне, развіццё свецкай літаратуры і іншых відаў мастацтва, станаўленне нацыянальнай свядомасці, погляд на Біблію як на вынік шматвяковага развіцця духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У гэты час завяршалася фарміраванне асноўных жанраў беларускай літаратуры. Найбольш характэрныя для гэтага часу жанры прадмовы і пасляслоўя ўзніклі ва ўсходнеславянскім пісьменстве ў ХІ—ХІІ стагоддзях, аднак набылі асаблівае значэнне з развіццём кнігадрукавання і аховай аўтарства. Скарына надаў гэтым жанрам філасофска-асветніцкі, навучальна-пазнавальны, літаратурна-эстэтычны і маральна-выхаваўчы змест, выявіўся ў іх як пісьменнік, перакладчык і вучоны. Прадмовы дзеяча заключаюць у сабе характарыстыкі пераходнай эпохі: грунтуюцца на традыцыях хрысціянскай біблеістыкі і разам з тым трактуюць Біблію ў рэчышчы рэнесанснай культуры.

Падуанскі ўніверсітэт, дзе Францыск Скарына атрымаў ступень «доктара ў лекарскіх навуках», быў адным з цэнтраў схаластычнай філасофіі, таму, верагодна, беларускі вучоны добра ведаў медыцынскія і філасофскія творы андалузскага філосафа Ібн Рушда і погляды яго паслядоўнікаў — прафесараў універсітэта — на суадносіны Божай і людской праўды. На думку Скарыны, Божая ісціна не падпарадкоўваецца законам логікі і выходзіць за рамкі спасціжэння чалавечым розумам. Але яшчэ ў Арыстоцелевай логіцы сцвярджалася: «З ни с чего ничто же бысть», таму нават не ўсе філосафы маглі паслядоўна растлумачыць, якім чынам Бог стварыў сусвет з нічога. Гэта супярэчнасць, паводле меркавання Скарыны, вырашаецца спалучэннем розуму і веры, размежаваннем зямнога і нябеснага, цялеснага і духоўнага, рэальнага і сімвалічнага.

Старажытныя настаўнікі, айцы Царквы не дазвалялі чытаць «цяжкія» біблейскія кнігі (Быццё, Прарок Іезекііля, Песня Песняў і інш.) маладым людзям да трыццаці гадоў, бо ў тых было недастаткова духоўнага вопыту.

У прадмове к Пасланню да рымлян апостала Паўла Скарына па правілах рыторыкі даказаў сувязь зямной і нябеснай ісціны. Ён адзначаў, што ёсць дваякі закон: адзін — для цялеснага жыцця, другі — для духоўнага. Асветнік пісаў: «Дваякая праўда: Божая і чалавечая. Дваякі суд: Божы і чалавечы. Дваякая пахвала: ад Бога і ад чалавека».

На першы погляд, у Скарыны як быццам бы два паралельныя сусветы, якія нідзе не перасякаюцца. Аднак гэта не так, бо мараль ёсць тое звяно, што лучыць неба з зямлёю, Бога з чалавекам, Божую ісціну і людскую праўду, веру і навуку. У прадмове да біблейскай кнігі «Другі Закон» Скарына зноў даводзіць, што існуе дваякі закон: «прыроджаны» (натуральнага права) — ад Бога і «напісаныя» чалавечыя законы, якія павінны быць заснаваны на Божым.

Ідэя Францыска Скарыны была слушнай, перадавой да яго часу. Тэзіс пра сувязь зямнога з нябесным праз мараль у ХVIII стагоддзі быў развіты заснавальнікам нямецкай класічнай філасофіі Імануілам Кантам, паводле якога «практычны розум» маралі сцвярджае неабходнасць Бога і неўміручасці душы, а «чысты розум» навукі грунтуецца на вопыце і законах логікі.

Кожная эпоха стварае свой ідэал. У Францыска Скарыны гэта ідэал «мілосніка навукі і мудрасці». У культуры Адраджэння быў увасоблены вобраз усебакова здольнага чалавека, у жыцці і справах якога гарманічна аб’яднаны фізічная дасканаласць і духоўная прыгажосць.

У традыцыях сярэдневяковай і рэнесанснай эстэтыкі было аднясенне прыгожага да аднаго з атрыбутаў дасканаласці Тварца і, адпаведна, яго тварэнняў. Скарына пашырае катэгорыю прыгожага на разнастайныя з’явы штодзённага быцця: так, чытанне псалмоў — гэта «женам набожьная молитва и покраса», а паэзія і музыка — упрыгожанне свята. Сінонімамі паняцця «краса» ў яго з’яўляюцца эпітэты «чудны» («чудное к римляном послание») і «нарядны» (евангеліст Лука «писал ест о слове божием навышей, наистей и нарядней, нежели иные»). Супрацьлеглае прыгожаму паняцце агіднага асветнік абазначаў словамі «прыкры», «неуставичны».

Катэгорыя высокага разглядалася Скарынам часцей як праява нябеснага, таму для яе абазначэння ён ужываў словы «высокость», «великоможность», «превышный», «навышший», «велеможность» і інш. Філосаф звяртаў увагу на ўзаемапераход паміж нізкім і высокім: непрыкметны «ў свеце гэтым» узвышаецца сваім духоўным подзвігам у іншым свеце, бо так Бог «возводить смиренные на высокость». Катэгорыя высокага суправаджала развагі пісьменніка таксама пра розум, мудрасць, духоўнасць, бо не толькі Бог, але і мудрасць можа «ўзносіць паніжанага».

Катэгорыя трагічнага прадстаўлена ў Скарыны паводле хрысціянскага ідэалу, калі разуменне канечнасці чалавечага жыцця і непазбежнасці пакут разглядалася як мудрасць.

Для Францыска Скарыны аснова маралі — гуманістычны закон «натуральнага» права: «Паводзь сябе з іншымі, як хацеў бы, каб ставіліся да цябе». Скарына выступаў за грамадства, дзе працаваў бы такі закон. Яго ідэалам маралі і права адпавядае згода, заснаваная на добрай волі (гармонія ўзаемаадносін паміж людзьмі, народамі і дзяржавамі). Крыніцай маралі і права з’яўляецца сумленне — усведамленне чалавекам сваёй недасканаласці, свайго адрыву ад сусветнай гармоніі. Неабходнасць жа існавання дзяржавы і права, якія павінны забяспечваць раўнацэннасць кожнага чалавека незалежна ад статусу, выклікана недасканаласцю грамадства, адыходам людзей ад маральнасці.

У рэнесансным духу таксама гучаў тэзіс Скарыны аб прызначэнні таленту. Кожны павінен развіваць свой талент і выкарыстоўваць яго для павелічэння агульнага дабрабыту: «Як вядома, усе людзі на свеце скіроўваюць свой розум і сэрца на пэўныя рэчы. Адны — на царствы і панаванне. Другія — на багацці і скарбы... Іншыя — на дзяцей, на сяброўства, на службу... на вайсковыя доблесці і многія іншыя рэчы. Такім чынам, кожны чалавек мае штосьці такое, што больш за ўсё астатняе яму даспадобы». 

Яшчэ адна рыса адраджэнскай эстэтыкі — асэнсаванне прыналежнасці да свайго народа. У прадмовах і пасляслоўях аўтар не толькі падкрэсліваў месца свайго нараджэння, а ўказваў роднай «рускую» (тагачасную старабеларускую) мову: «...Я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў “Псалтыр” ціснуці рускімі словамі славянскае мовы».

У пасляслоўях Францыск Скарына праслаўляў Радзіму: там каля 50 разоў згадваецца «места Полацкае» ў спалучэнні з эпітэтам «слаўнае».

Францыск Скарына бачыў у «чалавеку паспалітым» самадастатковую асобу, у якой павінна было скласціся ўласнае меркаванне аб прачытаным. З гэтай прычыны друкару было важна растлумачыць цьмяныя месцы, значэнне асобных выразаў і слоў, што прывяло яго да ідэі стварэння глосаў. Глосы ствараліся на старабеларускай мове, зразумелай сучаснікам. Той самай мэце — тлумачэння і арыентавання ў тэксце — служылі і скарынаўскія анатацыі. Сёння гэтыя пазнакі даюць вучоным-лінгвістам уяўленне пра жывую мову нашых продкаў.

Напрыклад, у анатацыі да кнігі «Іоў» сцісла пераказваецца яе сюжэт. Паведамляецца, пра якія цуды і таямніцы чытач даведаецца з тэксту. Герой твора, шматпакутны Іоў, засяроджаны на трагічнасці быцця. Яго сябры імкнуцца апраўдаць яе справядлівасцю нябеснай, якая патрабуе цярплівасці і пакаяння да зямлі. Скарына пазначае ў анатацыі, што праз Іова Бог адкрывае таямніцы пра шчасце і гора, праўду і крыўду, найвышэйшую мудрасць — пазнанне чалавекам самога сябе.

Творчасць беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, пісьменніка, філосафа, асветніка, перакладчыка — гэта пачатак эпохі беларускага Адраджэння, пазначанага дэмакратызацыяй культуры, развіццём свецкай літаратуры, выяўленчага мастацтва, школьнай адукацыі, шырокім выхадам на творчыя ўзаемасувязі айчыннай культуры з культурамі іншых заходнееўрапейскіх, у тым ліку славянскіх, народаў. Яго патрыятычныя звароты да суайчыннікаў з заклікам шчырай любові да роднай краіны, мовы набылі значэнне сакральнага сімвала для дзеячаў нацыянальнага адраджэння на ўсіх этапах яго развіцця. Нездарма з 1979 года малая планета № 3283 у Галоўным поясе астэроідаў Сонечнай сістэмы носіць назву «Скарына».

Літаратурныя сувязі. Беларускаму асветніку прысвячалі творы Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля, Уладзімір Караткевіч і Максім Танк. П’есы пра яго напісалі Міхайла Грамыка, Алесь Петрашкевіч; драматычныя паэмы — Мікола Арочка і Міхась Клімковіч; раманы і аповесці — Мікалай Садковіч сумесна з Яўгенам Львовым, Сымон Хурсік. Цікавую спробу пераказаць асобныя яго прадмовы свабодным вершам зрабіў Алесь Разанаў. 

На сучасную беларускую мову пераклады прадмовы да кнігі «Юдзіф» зроблены Алесем Разанавым, Іванам Саверчанкам, Сяргеем Панізнікам.

Пытанні

1. Майстрам якіх жанраў быў Францыск Скарына?
2. Якую ролю адыгрывалі прадмовы і пасляслоўі першадрукара да кніг Бібліі?
3. Якія рэнесансныя погляды Францыска Скарыны актуальныя для сучаснай моладзі, а якія не?
4. Падрыхтуйце ў групах калектыўны праект «Вобраз Францыска Скарыны ў літаратуры, скульптуры, выяўленчым мастацтве, кіно» (на выбар). 
Чаму, на вашу думку, скульптары і мастакі паказваюць асветніка менавіта такім?

5. Складзіце кластар на тэму «Францыск Скарына» па прапанаваным узоры. 

Кластар — графічнае адлюстраванне сувязей паміж ключавым словам і звязанымі з ім паняццямі; часцей у форме блокаў і стрэлак. 

6. Пазнаёмцеся з дадатковай інфармацыяй пра асобу Францыска Скарыны ў інтэрнэце. Падрыхтуйце для дзевяцікласнікаў квест па біяграфіі і творчасці асветніка.

* Развіццё беларускага кнігадрукавання

Сымон Будны і Васіль Цяпінскі – прадаўжальнікі справы Францыска Скарыны

 1. Якія канфесіі з’явіліся на тэрыторыі Беларусі падчас Рэфармацыі?
 2. Чым слаўныя Рыгор Хадкевіч і Заблудава, Бернард Ваяводка і Брэст, Мялецій Сматрыцкі і Еўе, Ян Кішка і Лоск?

Кнігадрукаванне на нацыянальнай мове пашырылася дзякуючы намаганням не толькі Францыска Скарыны, але і прадаўжальнікаў яго справы Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. 

Яркі беларускі дзеяч Рэфармацыі Сымон Будны (каля 1530—1593) — бліскучы пісьменнік, таленавіты філолаг, вядомы філосаф і багаслоў. У юнацтве авалодаў некалькімі мовамі (царкоўнаславянскай, беларускай, польскай, грэчаскай, лацінскай, старажытнаяўрэйскай). Свой талент і схільнасць да навук прысвяціў спасціжэнню глыбінь тэалогіі, чым набыў агульнаеўрапейскую вядомасць. 

Сымон Будны таксама знакаміты як крытык і перакладчык. На старонках яго твораў разглядаліся працы папярэднікаў і сучаснікаў. Аўтар палымяна спрачаўся, пераконваў, абвяргаў. Нярэдка звяртаўся да гістарычных паралеляў, суправаджаў свае паведамленні каментарыямі, выкарыстоўваў прымаўкі і афарызмы.

На пачатку лета 1562 года ў Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні, якая належала пану Мацвею Кавячынскаму, пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Чорнага з’явілася першая на тэрыторыі Беларусі кніга «Катэхізіс, або Навука старадаўняя хрысціянская ад Святога Пісьма, для простых людзей мовы беларускай у пытаннях і адказах сабраная». «Катэхізіс» адрасаваны «простым людем» і дзецям «языка руского» — гэта адначасова дагматычна-багаслоўская праца, чытанка і падручнік.

Катэхізіс 
форма падачы матэрыялу 
ў пытаннях і адказах.

Кніга была з густам аздоблена, мела салідны аб’ём — больш за 500 старонак. Парадак раздзелаў кнігі знешне паўтараў вядомы «Вялікі Катэхізіс» 1529 года Марціна Лютэра. 

Праз тры месяцы выйшаў новы твор на старабеларускай мове «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», але, на жаль, не захавалася ніводнага яго экзэмпляра.

 Кнігі Сымона Буднага, выдадзеныя ў Нясвіжы і Лоску («Катэхізіс», Нясвіж, 1562; «Аб дзвюх прыродах Хрыста», Лоск, 1574), былі папулярныя ў краінах Заходняй Еўропы.

Найбольш поўна Сымон Будны выявіўся як пісьменнік-публіцыст. Творчасць яго мела выразную гуманістычную і сацыяльную скіраванасць, а галоўнае месца адводзілася этычнай праблематыцы, сістэме каштоўнасцей і духоўных арыенціраў. 

 У публіцыстычных творах прапаведнік найчасцей звяртаўся да палітыка-прававых праблем: аптымальнай арганізацыі жыцця грамадства, функцыянавання дзяржавы і ўрадавых структур, узаемадачыненняў розных саслоўяў, адносін да прыватнай уласнасці. Будны абараняў ідэі антрапацэнтрызму — уяўлення аб чалавеку як галоўнай каштоўнасці, якому, згодна з Божай воляй, павінна падпарадкоўвацца ўсё жывое і нежывое. Таксама ён заклікаў, каб кожны чалавек узгадняў свае ўчынкі з Хрыстовымі запаведзямі, ні пры якіх абставінах не апускаў рукі, не бавіў час у адчаі і роспачы, а чыніў добрыя справы.

У прадмове да «Катэхізіса», звяртаючыся да князёў Радзівілаў, аўтар выступаў за выхаванне любові да мовы свайго народа, ужыванне яе ў набажэнствах, выказваў ідэю павагі да іншых моў і яднання са славянскімі народамі. Сымон Будны заклікаў вялікіх князёў акружаць сябе мудрымі і адукаванымі людзьмі, якія могуць даваць разумныя парады, аказваць дапамогу ў крытычныя для дзяржавы моманты. Важную ролю ў грамадстве асветнік адводзіў настаўнікам і пастырам, трапна параўноўваючы іх з «соллю зямлі»: як соль захоўвае тое, што ёю пасолена, каб не сапсавалася, так і настаўнік навучаннем захоўвае людзей ад духоўнай гнілі. «Катэхізіс» Сымона Буднага шырока абмяркоўваўся як мясцовымі прадстаўнікамі рэфармацыйнага руху, так і заходнееўрапейскімі філосафамі і багасловамі.

Васіль Цяпінскі (Амельяновіч) (каля 1540 — каля 1604) — выдатны філолаг і таленавіты перакладчык родам з Полаччыны. Васіль Амельяновіч атрымаў прозвішча Цяпінскі па назве родавага маёнтка Цяпіна каля Лепеля (цяпер Віцебская вобласць). Па сваіх поглядах Цяпінскі быў блізкі да Сымона Буднага, які стаў для яго і настаўнікам, і сябрам. Меў землі ў некалькіх паветах. Служыў малодшым афіцэрам коннай роты. Верагодна, Васіль Цяпінскі прадаў частку маёмасці, каб арганізаваць друкарню. Па веравызнанні ён быў пратэстантам.

З творчай спадчыны пісьменніка захаваліся рукапісная прадмова да Евангелля, адна старонка «Катэхізіса, або Сумы навукі для дзяцей у Ісусе Хрысце », а таксама няпоўны пераклад Новага Запавета.

Васіль Цяпінскі — прадаўжальнік традыцый Скарыны. Каля 1570 года ён набыў друкарню. Абапіраючыся на стараславянскія пераклады Бібліі Кірыла і Мяфодзія, пераклаў на беларускую мову Евангелле і выдаў са сваёй рукапіснай прадмовай і кароткімі каментарыямі. У кнігу ўвайшлі часткі Новага Запавета на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. Новым для таго часу было размяшчэнне побач царкоўнаславянскага тэксту і старабеларускага перакладу, што спрыяла больш дакладнаму разуменню сэнсу. Як і Францыск Скарына, Васіль Цяпінскі змяшчаў на палях Евангелля глосы.

Сваю місію як перакладчыка і кнігавыдаўца Васіль Цяпінскі выклаў у прадмове да Евангелля. Яе пісьменнік бачыў у служэнні ісціне і свайму народу, які ён называе «высакародным, слаўным, дасціпным, сумленным».

У прадмове да Евангелля асноўную ўвагу Васіль Цяпінскі звяртаў на асветніцка-адукацыйныя і культурна-выхаваўчыя пытанні. У час разгортвання
паланізацыі непакоіўся пра ўмацаванне пазіцый беларускай мовы — заявіў пра неабходнасць развіцця пісьменства, літаратуры і навукі на роднай мове. Патрыятызм і годнае выкананне грамадзянскага абавязку пісьменнік лічыў фундаментам дзяржаўнасці і захавання традыцый. Друкар выказваў занепакоенасць станам школьнай адукацыі, даказваў, што яе развіццё і асвета моладзі выратуюць народ і дзяржаву, дапамогуць пераадолець грамадскі крызіс. Напрыклад, вось як эмацыянальна аўтар звяртаўся да «шляхетных паноў»: «...у звычайным клопаце аб недастатковасці навукі братам вашым (будзьце) прыкладам міласэрным... каб гэтаму вашаму народу, невуцтвам сапсаванаму і засмучанаму, дапамагчы... каб ні хабарам, ні подкупам дзеля займання пасад... а слову Божаму самі вучыліся і іншых (навучалі)».

 Прадмова да Евангелля — адзіная крыніца звестак пра погляды Васіля Цяпінскага.

Васіль Цяпінскі заклікаў магнатаў быць патрыётамі сваёй Айчыны: мець рашучасць і смеласць, «калі яна загіне, згінуць з ёю», але знайсці сілы і жаданне разам з ёю паўстаць.

Навукоўцы гавораць. Васіль Цяпінскі ў прадмове да Евангелля адзначае, што не ён, свецкая асоба, павінен быў выдаваць Богам адухоўленую кнігу, а тыя, «которым бы то властней учинити пристоело — митрополитове, владыки», або хтосьці з вучоных.

Зразумела, што Васіль Цяпінскі не з’яўляўся праваслаўным дзеячам. Але надрукаваная ім кніга прызначалася найперш для праваслаўных, якіх ён хацеў бачыць пратэстантамі. І тут ён лічыць сябе прадаўжальнікам справы Кірыла і Мяфодзія, перакладчыцкая, асветніцкая дзейнасць якіх была накіравана на… культуру славянскіх народаў… — сербаў, маскавітаў, валахаў1, балгар (Паводле Уладзіміра Кароткага).

__________________

Вала́хі — продкі ўсходне-раманскіх народаў; у славянскіх тэкстах часта — усе раманамоўныя народы.

* Пытанні

1. Чым вядомы Сымон Будны?
2. Чаму Васіля Цяпінскага называюць прадаўжальнікам справы Францыска Скарыны?
3. Якія праблемы, актуальныя для сённяшняга грамадства, закраналі ў публіцыстычных тэкстах Сымон Будны і Васіль Цяпінскі?
4. Параўнайце афармленне старонак скарынаўскай Бібліі і «Катэхізіса» Сымона Буднага (факсімільнае выданне або электронную копію). 
У чым іх падабенства?
5. Адшукайце паштоўкі, выявы скульптур, партрэты Сымона Буднага ў інтэрнэт-прасторы. 
Які агульны элемент, прадмет сустракаецца на выявах? Чаму?
*6. Вядома, што перакананні Сымона Буднага змяняліся на працягу жыцця.
Як вы думаеце, гэта сведчанне яго няўпэўненасці або пошуку ісціны? 

*7. У тэксце «Катэхізіса» Сымона Буднага даследчыкі вылучылі наступную катэгорыю слоў: «бачити», «выховати», «краина», «личьба», «мова», «надея», «наставникъ», «прикрий», «пытанье», «справа».
Лексіка якой мовы праявілася ў гэтых адзінках?

*8. Паспрабуйце самастойна адказаць на філасофскія пытанні, змешчаныя ў «Катэхізісе»: хто такі чалавек?
Што такое рахунак сумлення?
Што такое цвёрдае пастанаўленне выправіцца? Якія галоўныя абавязкі мужа і жонкі?