§ 26. Утварэнне слоў і іх ужыванне ў адпаведнасці з правіламі словаўтварэння

Практыкаванне 233

Прачытайце. Ці зафіксаваны словы з тэксту са значэннем ‘назва маладой істоты’ ў лексікаграфічных крыніцах? Ці можна лічыць утварэнне гэтых слоў парушэннем нормы?

Як толькі ў дзіцяці пачынае фарміравацца свая метамова, бацькі адзначаюць яго здольнасць да словатворчасці. Так з’яві­ліся словы: лямпяня, лямпіха, садніца, праўдун, малакуля.

Лямпяня — дзіця лямпы. Ты будзеш лямпа, а я — тваё лямпяня.

Лямпіха — у значэнні ‘лямпа як жанчына’. Ты лямпіха, а я — тваё лямпяня.

Садніца — тая, хто наведвае дзіцячы сад. — Ты школьніца? Ты хо­дзіш у школу? — Не, я садніца. Я хаджу ў сад.

Праўдун — той, хто гаворыць праўду. Я праўдун. Я ніколі не падманваю дарослых.

Малакуля — карова, якая дае многа малака. Ці прыйшла наша малакуля? (Паводле інтэрнэт-крыніц).

Па якіх мадэлях утвораны словы? Падбярыце да наватвораў зафіксаваныя ў слоўніках лексічныя адзінкі такой самай будовы. Вызначце сло­ва­ўтваральныя сродкі.