§ 24. Правілы выкарыстання сінонімаў, антонімаў, паронімаў

Практыкаванне 202

Выканайце заданні.
Пры ўзнікненні цяжкасцей можаце звярнуцца да рубрыкі «Дакладнасць маўлення», змешчанай ніжэй.

1. Вызначце, якія літары прапушчаны ў словах, і знайдзіце «ліш­няе».
Г..наровы, г..нарысты, г..нар, г..нарлівы, г..нарыцца.

2. Укажыце, як называюцца словы тыпу ганарысты, ганаровы, ганарлівы.
а) сінонімы;
б) антонімы;
в) паронімы;
г) амонімы.

3. Укажыце, якое з прыведзеных слоў прапушчана ў сказе «Наша настаўніца ўзнагароджана ... граматай Міністэрства адукацыі». Растлумачце правапіс вялікай і малой літары ў словах.

а) (Г/г)анарыстай;
б) (Г/г)анаровай;
в) (Г/г)анарлівай.

4. Як называецца байка Кандрата Крапівы, што пачынаецца наступнымі словамі: «Бывае, праўда вочы коле...»?

а) «Ганаровы Парсюк»;
б) «Ганарлівы Парсюк»;
в) «Ганарысты Парсюк».

ГАНАРЛІВЫ — ГАНАРОВЫ — ГАНАРЫСТЫ

Ганарлі'вы — поўны гордасці, усведамлення сваёй важнасці, перавагі: ганарлівая дзяўчына.

Ганаро'вы
1) які карыстаецца пашанай; пачэсны: ганаровы госць;
2) які даецца, прысвойваецца за вялікія заслугі: ганаровае званне;
3) выбраны ў знак высокай павагі, пашаны: ганаровы прэзідыум;
4) які з’яўляецца выражэннем гонару, праводзіцца ў знак павагі: ганаровая вахта.

Ганары'сты — пагардлівы, пыхлівы; фанабэрысты: ганарысты чалавек.