Печатать книгуПечатать книгу

§ 24. Правілы выкарыстання сінонімаў, антонімаў, паронімаў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 24. Правілы выкарыстання сінонімаў, антонімаў, паронімаў
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 10:51

Практыкаванне 192

Прачытайце выказванні.
Знайдзіце і выпішыце сінонімы, вызначце іх сэн­сава-стылістычную ролю, ахарактарызуйце сферу ўжывання (пры неабходнасці карыстайцеся табліцай «Лексіка-семантычныя катэгорыі слоў» да практыкавання 190).

1. Вось людзі гавораць, што вясну да нас прыносяць ластаўкі. Пэў­на, так яно і ёсцьф у мясцінах, дзе не ведаюць антонаў. На Палессе ж, у палескую вёску, нясе вясну на сваіх магутных крылах бусел (В. Казько).

2. Ну, кажуць тыя кумы, як гэта ў нас бывае зімою, калі добра падзьме? Замець? Кудаса? Завіруха? Мяцеліца? Усё не так. А потым і схамянуліся: зі-ма-ве-я (Я. Брыль).

3. Прабегшыс некалькі хат, Арцём завярнуў на агароды, шуснуў у жыта, адтуль разораю заламаў у вулачку і пасучыў проста да кало­дзежа... (Я. Колас)

4.                                     

Дождж

Быў жа ён зусім малы,
А як стаў на ножкі,
Абабег усе вуглы,
Абскакаў дарожкіф.
Што гарэзніку гара,
Дрэвы, агароджа!
Выбег з нашага двара
І ўстаяць не можа.
Дыб, дыб, дыб —
І на сцяну,
Шлях далейшы сочыць,
У завулак сігануў,
На трамвай ускочыў.
На прыпынку святлафор
Лыпнуў грозна вокам.
Ён — з падножкі і папёр
Вуліцай шырокай.
Не зважае на агні,
Смаліць на чырвоны.
Калі хочаш — дагані,
Дзе там — не дагоніш!
                                В. Вітка.

Практыкаванне 193

Вызначце ў сінанімічных радах стылістычныя сінонімы. У якіх стылях маўлення яны могуць выкарыстоўвацца?

1. Ісці, ступаць, крочыць, маршыраваць, пхнуцца, дыбаць, су­нуц­ца, валачыся, джгаць.
2. Бясплатна, дарэмна, дарма, дарам, на дармаўшчыну, за так.
3. Палёгка, уступка, паблажка, ільгота, прывілея.
4. Лёс, доля, наканаванасць, планіда.

Практыкаванне 194

Падбярыце да прыметнікаў сінонімы. Абгрунтуйце сваё меркаванне.

Лёгкая сумка, лёгкая задача, лёгкі мароз, залаты характар, жалезная воля, свінцовы погляд, свінцовыя хмары, воўчы апетыт.

Звярніце ўвагу!

У мнагазначнага слова могуць быць розныя сінонімы, якія адносяцца да розных яго значэнняў: жалезны характар — цвёрды, стойкі характар; жалезныя рукі — моцныя, дужыя рукі; жалезная логіка — строгая, правільная логіка.

Практыкаванне 195

 Дапішыце прыказкі, устаўляючы патрэбныя антонімы.

1. Любіш узяць — любі і ... .
2. Добрае чуваць далёка, а ... яшчэ далей.
3. Ластаўка дзень пачынае, а салавей ... .
4. Рыхтуй летам сані, а ... калёсы.
5. Згода збірае, а ... растрасае.
6. Блізка відаць, ды ... дыба´ць.
7. Новых сяброў набывай, ды ... не забывай.
8. Лепш трошкі зрабіць, чым ... нагаварыць.
9. Лёгка пасварыцца, ... памірыцца.

Звярніце ўвагу!

Антонімы адносяцца да адной часціны мовы: гэта могуць быць назоўнікі (ноч — дзень); дзеясловы (пачынаць — заканчваць); прыметнікі (высокі — нізкі); прыслоўі (далёка — блізка).

Кожнае значэнне мнагазначнага слова мае свае антонімы: свежы хлеб — чэрствы хлеб; свежы след — даўні, учарашні след.

Практыкаванне 196

Вызначце, якія пары слоў не з’яўляюцца антонімамі.

1. Вясёлы — сумны.
2. Наш — ваш.
3. Ты — вы.
4. Кароткі — доўгі.
5. Высокі — нізкі.
6. Ранак — вечар.

Практыкаванне 197

Падбярыце антонімы да прыметнікаў.
Запішыце словазлучэнні парамі.

1. Злы сабака, злы час, злы мароз.
2. Пустое вядро, пустая размова.
3. Цесны абутак, цесныя адносіны.

Практыкаванне 198

Прачытайце тэкст. Раскажыце на яго аснове пра паронімы.

З дакладнасцю ўжывання слоў цесна звязана ўжыванне пароні­маў, слоў адной часціны мовы з гукавым і структурным падабенствам, але з розным лексічным значэннем:

каменны — выраблены, пабудаваны з каменю (каменны будынак) і камяністы — пакрыты, усыпаны каменнем, з вялікай колькасцю камення (камяністая дарога);

эфектны — які стварае ўражанне, эфект, прыцягвае ўвагу (эфект­ны ўчынак) і эфектыўны — які прыводзіць да патрэбных вынікаў, дзейсны (эфектыўны спосаб).

Паколькі паронімы маюць гукавое і структурнае падабенства, то часта ў маўленні адно слова ўжываецца замест другога, што з’яўляецца прычынай маўленчых памылак. Каб іх пазбегнуць, трэба выкарыстоўваць словы з вядомым лексічным значэннем, а пры ўзнікненні цяжкасцей звяртацца да тлумачальнага слоўніка або слоў­ніка паронімаў.

Практыкаванне 199

Прачытайце прыклады з рубрыкі «Дакладнасць маўлення».
Абгрунтуйце наяў­насць узаемасувязі паміж культурай маўлення і правільным выкарыстаннем паронімаў.

АБАГУЛЬНІЦЬ — АБАГУЛІЦЬ

Абагу́льніць — выразіць у агульным палажэнні вынікі назіранняў над асобнымі фактамі, з’явамі: абагульніць факты.
Абагу́ліць — зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім: абагуліць маёмасць.

ДЗЕЙНЫ — ДЗЕЙСНЫ

Дзéйны — надзвычай энергічны, актыўны: дзейны чалавек.
Дзéйсны — здольны актыўна ўздзейнічаць на што-небудзь: дзейсныя меры.

• Якія арфаграфічныя правілы ілюструюць прыведзеныя прыклады?
Раскажыце гэтыя правілы, прывядзіце іншыя прыклады.

Практыкаванне 200

Растлумачце розніцу паміж словамі. Пры неабходнасці карыстайцеся тлумачальным слоўнікам або слоўнікам паронімаў.

Грамадскі — грамадзянскі, фантазія — фантастыка, чалавечы — чалавечны, ганаровы — ганарысты, рэальны — рэалістычны, пісьмен­ны — пісьмовы, суседні — суседскі.

Практыкаванне 201

Знайдзіце памылкі ва ўжыванні паронімаў. Выправіце іх і запішыце правільныя сказы.

1. А зараз даводзяць, што яны [кратары] ад падзення метэораў!.. (А. Карпюк).
2. Па эфектыўнасці дзеянняў нашай авіяцыі гэты выпадак не мае прэтэндэнта ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны («Звязда»).
3. Культывацыя толькі адной культуры, як вядома, прыводзіць да масавага размнажэння шкоднікаў («Звязда»).
4. Колькасная перавага коласаўскага слоўніка тлумачыцца тым, што ў ім шмат слоў дыялектычных, мясцовых, абласных (ЛіМ).

Практыкаванне 202

Выканайце заданні.
Пры ўзнікненні цяжкасцей можаце звярнуцца да рубрыкі «Дакладнасць маўлення», змешчанай ніжэй.

1. Вызначце, якія літары прапушчаны ў словах, і знайдзіце «ліш­няе».
Г..наровы, г..нарысты, г..нар, г..нарлівы, г..нарыцца.

2. Укажыце, як называюцца словы тыпу ганарысты, ганаровы, ганарлівы.
а) сінонімы;
б) антонімы;
в) паронімы;
г) амонімы.

3. Укажыце, якое з прыведзеных слоў прапушчана ў сказе «Наша настаўніца ўзнагароджана ... граматай Міністэрства адукацыі». Растлумачце правапіс вялікай і малой літары ў словах.

а) (Г/г)анарыстай;
б) (Г/г)анаровай;
в) (Г/г)анарлівай.

4. Як называецца байка Кандрата Крапівы, што пачынаецца наступнымі словамі: «Бывае, праўда вочы коле...»?

а) «Ганаровы Парсюк»;
б) «Ганарлівы Парсюк»;
в) «Ганарысты Парсюк».

ГАНАРЛІВЫ — ГАНАРОВЫ — ГАНАРЫСТЫ

Ганарлі'вы — поўны гордасці, усведамлення сваёй важнасці, перавагі: ганарлівая дзяўчына.

Ганаро'вы
1) які карыстаецца пашанай; пачэсны: ганаровы госць;
2) які даецца, прысвойваецца за вялікія заслугі: ганаровае званне;
3) выбраны ў знак высокай павагі, пашаны: ганаровы прэзідыум;
4) які з’яўляецца выражэннем гонару, праводзіцца ў знак павагі: ганаровая вахта.

Ганары'сты — пагардлівы, пыхлівы; фанабэрысты: ганарысты чалавек.

Практыкаванне 203

Спішыце тэкст, устаўляючы прапушчаныя літары і выбіраючы з дужак неабходныя словы. Абгрунтуйце свой выбар.

Чаму чай (называюць/клічуць) байхавым

Мы п’..м чай, які (называюць/клічуць) байхавым. Назва гэта паходзіць ад кітайскага слова бай-хоа — ‘бела.. (вейка/вечка)’. Так па-кітайску (называюць/клічуць) (срэбныя/серабрыстыя) варсін­кі, якія пакрываюць (адзін/адну) (бок/старану) чайных (лісцяў/ліс­тоў). Як гэта часта бывае, слова «байхавы» даўно (згубіла/страціла) свой першапачатковы сэнс, і цяпер так (называюць/клічуць) толькі (сыпучыя/сыпкія) гатункі ча..сн (Паводле «Кнігі пра смачную і здаровую ежу»).

Практыкаванне 204

Выканайце тэставую работу «Лексічнае значэнне слова».

Выканаць заданне >>>

Спампаваць pdf-версію >>>