§ 24. Правілы выкарыстання сінонімаў, антонімаў, паронімаў

Практыкаванне 198

Прачытайце тэкст. Раскажыце на яго аснове пра паронімы.

З дакладнасцю ўжывання слоў цесна звязана ўжыванне пароні­маў, слоў адной часціны мовы з гукавым і структурным падабенствам, але з розным лексічным значэннем:

каменны — выраблены, пабудаваны з каменю (каменны будынак) і камяністы — пакрыты, усыпаны каменнем, з вялікай колькасцю камення (камяністая дарога);

эфектны — які стварае ўражанне, эфект, прыцягвае ўвагу (эфект­ны ўчынак) і эфектыўны — які прыводзіць да патрэбных вынікаў, дзейсны (эфектыўны спосаб).

Паколькі паронімы маюць гукавое і структурнае падабенства, то часта ў маўленні адно слова ўжываецца замест другога, што з’яўляецца прычынай маўленчых памылак. Каб іх пазбегнуць, трэба выкарыстоўваць словы з вядомым лексічным значэннем, а пры ўзнікненні цяжкасцей звяртацца да тлумачальнага слоўніка або слоў­ніка паронімаў.