§ 24. Правілы выкарыстання сінонімаў, антонімаў, паронімаў

Практыкаванне 195

 Дапішыце прыказкі, устаўляючы патрэбныя антонімы.

1. Любіш узяць — любі і ... .
2. Добрае чуваць далёка, а ... яшчэ далей.
3. Ластаўка дзень пачынае, а салавей ... .
4. Рыхтуй летам сані, а ... калёсы.
5. Згода збірае, а ... растрасае.
6. Блізка відаць, ды ... дыба´ць.
7. Новых сяброў набывай, ды ... не забывай.
8. Лепш трошкі зрабіць, чым ... нагаварыць.
9. Лёгка пасварыцца, ... памірыцца.

Звярніце ўвагу!

Антонімы адносяцца да адной часціны мовы: гэта могуць быць назоўнікі (ноч — дзень); дзеясловы (пачынаць — заканчваць); прыметнікі (высокі — нізкі); прыслоўі (далёка — блізка).

Кожнае значэнне мнагазначнага слова мае свае антонімы: свежы хлеб — чэрствы хлеб; свежы след — даўні, учарашні след.