§ 23. Ужыванне слова ў адпаведнасці з яго лексічным значэннем, адрозненне мнагазначных слоў і амонімаў

Практыкаванне 191

Прачытайце тэкст.

Вогнікі зніклі

Якуб Колас любіў маляўнічыя краявіды Пухаўшчыны. У 1935 го­дзе ён з сям’ёй летаваў у хаце лесніка Волеся Бранавіцкага.

У нядзельку завітала да Бранавіцкіх пляменніца Алена. Паклала на стол кавалачак сыру.

— Вось гасцінец вашаму Міколку прынесла.

Але Міколка да пачастунку нават не дакрануўся.

— Нядобрыцца яшчэ яму, — растлумачыла маці Вольга Сцяпа­наўна. — Праўда, пачуваецца лепш, чым учора. То ж, было, плямы ружовыя на целе выступілі. Вусны вогнікам абсыпала. Да доктара трэба. А дзе ўзяць доктара ў нашай Загібельцы?

І расказала, як дапамог сыну Колас. Ён агледзеў Міколку, пра сёе-тое распытаў, а потым і кажа:

— Дайце мне рыдлёўку і палатняную торбачку. Пайду лекаў па­шукаю.
Пайшоў Колас на балота, накапаў там сушаніцы. Прамыў, апусціў у гладыш, заліў кіпенем. Праз гадзіны тры змазаў Міколкавы вусны змочанай у адвары ваткай. Пад вечар паўтарыў лячэнне. Вогнікі пад раніцу і зніклі. Як і не было іх.
Вольга Сцяпанаўна падзякавала Коласу і пацікавілася:

— Адкуль вы, Канстанцін Міхайлавіч, ведаеце, як немач выганяць з чалавека?

— У нашай сям’і дзеці часта хварэлі, — адказаў Колас. — Маці лячыла нас адварам траў. От і засталося тое з дзяцінства. Мята доб­ра хворыя бронхі лечыць, крапіўка апетыт прыбаўляе. А калі сэрца баліць, трэба пустырнік заварыць. У вашым гародчыку, бачыў, шмат яго расце.

Праз тыдзень усе жыхары Загібелькі ведалі пра ўмельствы народнага доктара, які летаваў у Бранавіцкіх.сн Калі хто ў вёсцы захварэе, то ішлі да Якуба Коласа.
У верасні пісьменнік пакідаў вёску — ад’язджаў у Мінск. Пра­весці яго прыйшлі ўсе жыхары Загібелькі (С. Зубкоўскі).

Раскрыйце сэнс слоў летаваць, немач, нядобрыцца, пачувацца.
Суаднясіце словы ў левым слупку з іх значэннямі ў правым.

1) вогнік (разм.)
2) сушаніцы
3) гладыш
а) ‘балотная лекавая расліна’
б) ‘збан без ручкі’
в) ‘хвароба, якая суправаджаецца высыпкай на твары, вуснах’

• Выпішыце з тэксту прыклады дзеясловаў у форме цяперашняга, прошлага і буду­чага часу.
• Знайдзіце ў апошнім абзацы назоўнік, які адпавядае наступным лексіка-гра­матычным характарыстыкам: агульны, адушаўлёны, асабовы, канкрэтны; мужчынскага роду, 2-га скланення; ужыты ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку; у форме роднага склону адзіночнага ліку мае канчатак .
 Раскажыце пра афармленне на пісьме дыялогу.
Раскажыце, як Якуб Колас лячыў Міколку. Назавіце травы, з дапамогай якіх у народзе лечаць хваробы бронхаў, сэрца, павышаюць апетыт.
Як называецца лячэнне травамі? Якія вы ведаеце спосабы такога лячэння? Раскажыце пра адзін з іх.