Печатать книгуПечатать книгу

§ 23. Ужыванне слова ў адпаведнасці з яго лексічным значэннем, адрозненне мнагазначных слоў і амонімаў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 23. Ужыванне слова ў адпаведнасці з яго лексічным значэннем, адрозненне мнагазначных слоў і амонімаў
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 28 Апрель 2024, 23:36

Правіла

Мнагазначныя словы патрэбна адрозніваць ад амонімаў.

Амонімы — словы з розным лексічным значэннем, яны не маюць паміж сабой сэнсавай сувязі (як мнагазначныя словы), таму і ў слоўніках падаюцца ў розных артыкулах.

Пры адрозненні амонімаў ад мнагазначных слоў трэба вызначыць, ці ёсць паміж значэннямі сэнсавая сувязь. Калі яна назіраецца, перад намі мнагазначнае слова, калі не — амонімы.

Практыкаванне 181

Прачытайце тэкст.

Слова з’яўляецца асноўнай адзінкай мовы. З дапамогай слоў называюцца ўсе шматлікія з’явы і прадметы навакольнага асяроддзя, іх прыметы, дзеянні, стан. Ад дакладнасці ўжывання слоў у маўленні залежаць правільнасць перадачы інфармацыі і ўзаемаразуменне паміж слухачамі (чытачамі).

Лексічныя нормы характарызуюцца тым, што яны адносна свабодныя. Так, у мастацкім стылі могуць ужывацца, калі гэтага вымагае сітуацыя маўлення, дыялектныя, прастамоўныя, нават жаргонныя словы, якія недапушчальныя ў навуковым і афіцыйным стылях. Не з’яўляецца парушэннем нормы выкарыстанне прастамоўнай лексікі ў гутарковым стылі, бо яна не супярэчыць нязмушаным абставінам маўлення. Выбар слова нярэдка абумоўлены не нормай, а мэтазгоднасцю. Можна сказаць, што лексічная норма — гэта правільна выбранае і да месца выкарыстанае слова ў яго агульнавядомым значэнні. Няправільны выбар слова і яго ўжыванне з неўласцівым значэннем прыводзіць да ўзнікнення маўленчых (лексічных) памылак.

Задайце ўдакладняльныя пытанні па змесце тэксту і адкажыце на іх.

Практыкаванне 182

Вызначце, якія са слоў не адпавядаюць прыведзеным лексічным значэнням.

1. Трыбуна — узвышэнне для выступлення прамоўцы.
2. Крыжачок — беларускі народны танец.
3. Салярый — месца, дзе здабы­ваюць соль.
4. Канфлікт — сутыкненне розных бакоў, поглядаў, сіл.
5. Спрынт — бег, плаванне і інш. на кароткія дыстанцыі.
6. Тры­логія — пяць літаратурных або музычных твораў аднаго аўтара, аб’яд­наных агульнай ідэяй.
7. Тэлемостсл — тэлевізійная сустрэча на далёкія адлегласці пры дапамозе касмічных установак, прыбораў.
8. Кашалот — буйное млекакормячае атрада кітоў.
9. Кастрычнік — дзявяты месяц каляндарнага года.

Практыкаванне 183

Прачытайце схему.
З апорай на яе вызначце, якія памылкі дапушчаны ў сказах.
Выпраўце іх і запішыце правільныя сказы.

1. Недзе высока ў небе звінеў тоненькі галасок, як быццам нех­та нябачны гуляў на флейце.
2. Добра падумаўшы, Зося зрабіла правільны вынік: грошы трэба здаць у міліцыю.
3. Дзеці пазіраюць на свет шырока расчыненымі вачыма.
4. Васіль з Ганнай стаялі моўчкі без слоў.
5. Шмат твораў стварыў Якуб Колас для дзяцей.
6. Потым быў шпіталь, амуніцыя адной нагі і хвіліны душэўнай слабасці.
7. На першым пасяджэнні быў прыняты і статус таварыства аматараў музыкі.

Практыкаванне 184

Словы могуць мець адно або некалькі лексічных значэнняў. Адпаведна выдзяляюцца адназначныя і мнагазначныя словы.
Запішыце мнагазначныя словы паводле прыведзеных значэнняў.

1. Падземнаяс частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоў­ваец­ца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы; частка воласа, зу­ба, пазногця, якая знаходзіцца ў целе; асноўная частка слова (без суфіксаў і прыставак).

2. Зямля з усім, што на ёй існуе; усё жывое, усё навакольнае; су­свет; чалавечая супольнасць, аб’яднаная пэўным грамадскім ладам, культурнымі і грамадска-гістарычнымі адзнакамі.

3. Упрыгожанне з кветак або галінак, сплеценых у кружок; нані­заныя на нітку грыбы, пацеркі і пад.; рад бярвёнаў зруба.

4. Памяншальна-ласкальнае ад слова «конь»; востры верхні край, грэбень страхі; любімая тэма размовы, любімы занятак каго-небудзь.

5. Частка нагі, дзе злучаюцца бядровая і галёначная косці; частка чаго-небудзь сагнутага, непрамога ад аднаго згібу або павароту да дру­гога; асобная частка, закончаны матыў у музычным творы; па­каленне ў радаслоўнай.

Практыкаванне 185

Знайдзіце ў тлумачальным слоўніку прыклады амонімаў і мнагазначных слоў.
Раскажыце, як яны падаюцца ў слоўнікавых артыкулах.

Практыкаванне 186

Вызначце, якія з выдзеленых слоў у прыведзеных па´рах з’яўляюцца амо­німамі, а якія — мнагазначнымі.

1) правіць краінай — правіць коньмі;
2) абрад памінання продкаў Дзяды — расліна дзяды;
3) вастрыё штыка — вастрыё сатыры;
4) прыгожы від на мора — рэдкі від птушак;
5) рэчка высахла— дзяўчына высахла ад перажыванняў;
6) гераічная быліна — адна быліна пры дарозе хісталася ад ветру;
7) музычная нота «до» — нота пратэсту.

Практыкаванне 187

Прачытайце верш. На якой моўнай з’яве заснаваны жарт?

  

Прыйшоў рагач.

— Завуць вас як?
Адказвае спакойна:
— Як.
                                 Р. Барадулін.

У якім значэнні (прыслоўя, злучніка ці часціцы) ужываецца слова як у пытальным сказе?
Раскрыце значэнне слова рагач. Якім спосабам яно ўтворана?
 Складзіце і запішыце слоўнікавыя артыкулы слова як.

Практыкаванне 188

Раскрыйце значэнні міжмоўных амонімаў.

Гонар (беларуск.) — гонор (руск.), гасцінная (беларуск.) — гостиная (руск.), гусеніца (беларуск.) — гусеница (руск.), дараваць (беларуск.) — даровать (руск.), дзіўны (беларуск.) — дивный (руск.), месяц (беларуск.) — месяц (руск.), нагадаць (беларуск.) — нагадать (руск.), наказаць (беларуск.) — наказать (руск.), мір (беларуск.) — мир (руск.), згубіць (беларуск.) — сгубить (руск.), трус (беларуск.) — трус (руск.).

Разгледзьце фотаздымкі. Якія міжмоўныя амонімы яны ілюструюць? Скла­дзі­це сказы з беларускімі словамі. Сказы запішыце. Якія словы адпавядаюць ім у рускай мове?

Практыкаванне 189

Прачытайце тэкст. Спішыце абзац, у якім падаецца рэцэпт гатавання ма­раканскага чаю. Раскрыйце дужкі, устаўце прапушчаныя літары, пастаўце неаб­ходныя знакі прыпынку.

Мараканскі чай

У мараканскім кафэ гучаць мяккія, пяшчотныя мелодыі. Музыкан­ты ў круглых шапачках — фесках — сядзяць пасярод невялікага па­мяш­кання. Вакол нізенькія столікі і канапкі на трох-чатырох чалавек.

На сценах вісяць старажытныя арабскія стрэльбы з даўжэзнымі стваламі і перламутравымі інкрустацыямі на прыкла´дах, крывыя шаблі, кінжалы, гліняныя і драўляныя блюды.

Афіцыянт у белым адзенні і чырвонай фесцы прыносіць невялі­кія вузкія шклянкі з зялёным чаем. У кожнай з іх —  лісточкі мяты. Вель­мі салодкіф і духмяны, мараканскі чай прыемна ахалоджвае рот і горла.

Нам тлумачаць як трэба гатаваць чай па(?)мараканску. У медны чайнік засыпаецца зялёны чай і кладзецца столькі цукр.. колькі можа зм..сціцца ў чайнік.. . Усё гэта завар(?)ваецца і насто(?)ваецца. Потым у густы гарачы сіроп кладуць свежыя лісты мяты. Перад тым як наліць у шклянку ча.. туды так(сама) кладуць мяту. Пасля таго як выпіты першыя шклянкі у чайнік кладзецца новая порцыя цукр.. і новыя лісткі мяты наліваецца свежы вар. Чай больш не па(д/т)сыпаецца. У Марока зялёны чай прыгатава(н/нн)ы такім спосабам з(?)яўляец­ца любімым нацы..нальным напоем.

Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. Мы п’ём з не меншай асалодай. Нам мара­канскі чай спадабаўся (Паводле В. Вольскага).

У якіх значэннях ужыты ў тэксце назоўнік чай?

Д л я  д а в е д к і: чай — 1) высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя ліс­ты вечназялёнага чайнага дрэва, на якіх настойваюць духмяны напітак; 2) гара­чы напітак, настоены на лісці гэтай расліны; 3) працэс піцця такога напітку.

 Як адным словам беларусы называюць працэс піцця чаю?
Да якіх слоў — адназначных ці мнагазначных — адносіцца назоўнік блюда ў беларускай мове, слова блюдо ў рускай?
Як называюцца пары слоў тыпу прыклад — прыклад, стрэльба — стральба?
На аснове якога спосабу пераносу — метафары, метаніміі ці сінекдахі — узнікла новае значэнне ў назоўніка шклянка ў словазлучэнні выпіты першыя шклянкі?
• Выпішыце з тэксту назоўнікі і прыметнікі з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі. Абазначце суфіксы. Якія дадатковыя сэнсавыя адценні яны надаюць словам?
Этымалагічна слова гарбата паходзіць ад польскага herbata, а тое ў сваю чаргу — ад лацінскага herba ‘зелле’ і новалацінскага thea (ад кітайскага - ‘высушаныя лісты раслін сямейства чайных’). З улікам этымалагічнай даведкі вызначце, якое з прыведзеных тлумачэнняў лексічнага значэння слова гарбата з’яўляецца, на вашу думку, найбольш правільным. Абгрунтуйце сваё меркаванне.
1) Гарбата — тое, што і чай (А. М. Булыка).
2) Гарбата — чай, завараны на травах (І. Р. Шкраба).

 Раскажыце пра вядомыя вам спосабы гатавання чаю.

Практыкаванне 190

 Падрыхтуйце на аснове табліцы вуснае паведамленне пра лексіка-семантычныя катэгорыі слоў.

Лексіка-семантычныя катэгорыі слоў
Амонімы 
(рознае значэнне, аднолькавае напісанне і вымаўленне)
лексічныя
(належаць да адной часціны мовы)
каса ‘прылада працы’ — каса ‘від прычоскі’
амафоны
(супадаюць у гучанні)
код ([кот]) — кот;
казка ([кáска]) — каска
амографы
(супадаюць у напісанні)
мукá му́ка;
парáпáра
амаформы
(супадаюць у пэўных граматычных формах)
пілá (назоўнік і дзеяслоў у форме прошлага часу)
Сінонімы 
(розныя адценні значэння)
сэнсавыя (семантычныя)
(адрозніваюцца адценнямі значэння)
злосць, гнеў, абурэнне;
рашуча, катэгарычна
стылістычныя
(адрозніваюцца стылістычнай афарбоўкай)
лёс, доля, наканаванасць, планіда
сэнсава-стылістычныя
(адрозніваюцца адценнямі значэння і стылістычнай афарбоўкай)
скардзіцца, ныць, хныкаць
кантэкстуальныя
(выступаюць у якасці сінонімаў толькі ў пэўным кантэксце)
(рашучасць) слабела, мякчэла, сціхала, нікла
Антонімы
(супрацьлеглае значэнне)
дзень — ноч;
высока — нізка;
любіць — ненавідзець
Паронімы
(рознае значэнне, падобнае вымаўленне і напісанне)
пісьмовы — пісьменны;
адрасат — адрасант;
быць — біць

Практыкаванне 191

Прачытайце тэкст.

Вогнікі зніклі

Якуб Колас любіў маляўнічыя краявіды Пухаўшчыны. У 1935 го­дзе ён з сям’ёй летаваў у хаце лесніка Волеся Бранавіцкага.

У нядзельку завітала да Бранавіцкіх пляменніца Алена. Паклала на стол кавалачак сыру.

— Вось гасцінец вашаму Міколку прынесла.

Але Міколка да пачастунку нават не дакрануўся.

— Нядобрыцца яшчэ яму, — растлумачыла маці Вольга Сцяпа­наўна. — Праўда, пачуваецца лепш, чым учора. То ж, было, плямы ружовыя на целе выступілі. Вусны вогнікам абсыпала. Да доктара трэба. А дзе ўзяць доктара ў нашай Загібельцы?

І расказала, як дапамог сыну Колас. Ён агледзеў Міколку, пра сёе-тое распытаў, а потым і кажа:

— Дайце мне рыдлёўку і палатняную торбачку. Пайду лекаў па­шукаю.
Пайшоў Колас на балота, накапаў там сушаніцы. Прамыў, апусціў у гладыш, заліў кіпенем. Праз гадзіны тры змазаў Міколкавы вусны змочанай у адвары ваткай. Пад вечар паўтарыў лячэнне. Вогнікі пад раніцу і зніклі. Як і не было іх.
Вольга Сцяпанаўна падзякавала Коласу і пацікавілася:

— Адкуль вы, Канстанцін Міхайлавіч, ведаеце, як немач выганяць з чалавека?

— У нашай сям’і дзеці часта хварэлі, — адказаў Колас. — Маці лячыла нас адварам траў. От і засталося тое з дзяцінства. Мята доб­ра хворыя бронхі лечыць, крапіўка апетыт прыбаўляе. А калі сэрца баліць, трэба пустырнік заварыць. У вашым гародчыку, бачыў, шмат яго расце.

Праз тыдзень усе жыхары Загібелькі ведалі пра ўмельствы народнага доктара, які летаваў у Бранавіцкіх.сн Калі хто ў вёсцы захварэе, то ішлі да Якуба Коласа.
У верасні пісьменнік пакідаў вёску — ад’язджаў у Мінск. Пра­весці яго прыйшлі ўсе жыхары Загібелькі (С. Зубкоўскі).

Раскрыйце сэнс слоў летаваць, немач, нядобрыцца, пачувацца.
Суаднясіце словы ў левым слупку з іх значэннямі ў правым.

1) вогнік (разм.)
2) сушаніцы
3) гладыш
а) ‘балотная лекавая расліна’
б) ‘збан без ручкі’
в) ‘хвароба, якая суправаджаецца высыпкай на твары, вуснах’

• Выпішыце з тэксту прыклады дзеясловаў у форме цяперашняга, прошлага і буду­чага часу.
• Знайдзіце ў апошнім абзацы назоўнік, які адпавядае наступным лексіка-гра­матычным характарыстыкам: агульны, адушаўлёны, асабовы, канкрэтны; мужчынскага роду, 2-га скланення; ужыты ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку; у форме роднага склону адзіночнага ліку мае канчатак .
 Раскажыце пра афармленне на пісьме дыялогу.
Раскажыце, як Якуб Колас лячыў Міколку. Назавіце травы, з дапамогай якіх у народзе лечаць хваробы бронхаў, сэрца, павышаюць апетыт.
Як называецца лячэнне травамі? Якія вы ведаеце спосабы такога лячэння? Раскажыце пра адзін з іх.