§ 23. Ужыванне слова ў адпаведнасці з яго лексічным значэннем, адрозненне мнагазначных слоў і амонімаў

Практыкаванне 181

Прачытайце тэкст.

Слова з’яўляецца асноўнай адзінкай мовы. З дапамогай слоў называюцца ўсе шматлікія з’явы і прадметы навакольнага асяроддзя, іх прыметы, дзеянні, стан. Ад дакладнасці ўжывання слоў у маўленні залежаць правільнасць перадачы інфармацыі і ўзаемаразуменне паміж слухачамі (чытачамі).

Лексічныя нормы характарызуюцца тым, што яны адносна свабодныя. Так, у мастацкім стылі могуць ужывацца, калі гэтага вымагае сітуацыя маўлення, дыялектныя, прастамоўныя, нават жаргонныя словы, якія недапушчальныя ў навуковым і афіцыйным стылях. Не з’яўляецца парушэннем нормы выкарыстанне прастамоўнай лексікі ў гутарковым стылі, бо яна не супярэчыць нязмушаным абставінам маўлення. Выбар слова нярэдка абумоўлены не нормай, а мэтазгоднасцю. Можна сказаць, што лексічная норма — гэта правільна выбранае і да месца выкарыстанае слова ў яго агульнавядомым значэнні. Няправільны выбар слова і яго ўжыванне з неўласцівым значэннем прыводзіць да ўзнікнення маўленчых (лексічных) памылак.

Задайце ўдакладняльныя пытанні па змесце тэксту і адкажыце на іх.