§ 22. Правапіс І, Ы, Й пасля прыставак

Практыкаванне № 176

Прачытайце тэкст. Падбярыце да яго загаловак у адпаведнасці
з тэмай.

Сібірскі кот Васька, які жыў у бабкі Агаты, стаў маім кумірам з-за свайго пушыстага чорнага футра. Калі яго ў цемры пагладзіш суп­роць шэрсткі, то з яе з сухім трэскам вылятаюць бліскучыя іскрын­кі — электрычныя зарады.
Наша сяброўства мацавалася на цвёрдай эканамічнай аснове. Васька вельмі любіў сырое мяса. Ідучы да бабкі Агаты, я кожны раз запасаўся кавалачкам, і кот сустракаў мяне радасным мяўканнем.

Перш чым аддаць Ваську кавалачак мяса, я прымушаў яго па­каз­ваць розныя цыркавыя нумары. Ён мог дзве хвіліны стаяць на задніх лапках, умеў лічыць, лёгка рашаў арыфметычную задачу 2 + 2. Праўда, і пры лічэнні, і пры складанні ён беспамылкова мяўкаў толькі чатыры разы. На элементарную задачу 1 + 1 Васька адказваў пагардлівым маўчаннем, нібы сямікласнікс, у якога раптам пацікавіліся веданнем табліцы множання.

Што ні кажыце, а бабчын кот быў вялікім разумнікам! (Паводле М. Зарэмбы).

Выпішыце з тэксту па два словы, у якіх:
1) літара э пішацца не пад націскам у пачатку запазычаных слоў;
2) у першым складзе перад націскам пішацца літара е;
3) адбываецца аглушэнне звонкіх зычных;
4) перад [в’] адбываюцца дзеканне, цеканне;
5) адбываецца падаўжэнне зычных гукаў.
 Раскажыце пра свойскіх жывёл, якіх можна назваць вялікімі разумнікамі.