§ 22. Правапіс І, Ы, Й пасля прыставак

Правіла

1. Гук [і] пасля прыставак на галосны чаргуецца з [й], што перадаецца на пісьме літарай й
• у словах з каранямі іс-ці, ігр-аць, ім-я, інач-ай на месцы ненаціскнога пачатковага каранёвага [і]: выйсці, зайграць, пайменны, перайначыць;
• у словах займаць, наймаць, пераймаць, перайманне, праймаць.
У астатніх выпадках пачатковы каранёвы гук [і] пасля прыставак на галосны перадаецца нязменна: заіскрыцца, заікацца, заінець, заінтрыгаваць, праілюстраваць, праіснаваць, неістотны, Прыіртышша, Заілійскі.

2. Пачатковае і захоўваецца пасля прыставак звыш-, між-, пан-, супер-, транс-, контр-: звышімклівы, міжінстытуцкі, панісламізм, суперінтэлект, трансіндыйскі, контрідэя, а таксама ў складаных словах: бортінжынер, спортінвентар, спецінструктаж, педінстытут.

3. Пры спалучэнні прыставак, якія заканчваюцца на зычны (аб-, ад-, пад-, над-, спад-, перад-, суб-, раз-, з-, уз-, дэз-), са словамі, што пачынаюцца з і, вымаўляецца і пішацца ы: абысці, падыграць, спадылба, субынспектар, узысці, дэзынфармацыя.