§ 21. Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на зычны

Правіла

Прыстаўкі ад-, над-, пад-, перад-, аб- пішуцца нязменна (перад глухімі, звонкімі і санорнымі зычнымі): адкрыць, адбіць, падняць, падказаць, абрынуцца, абсыпаць.

Прыстаўкі з-, уз-, раз-, без- (бяз-) пішуцца перад галоснымі, звонкімі і санорнымі зычнымі: здзівіцца, узгадаць, безабаронны;
прыстаўкі с-, ус-, рас-, бес- (бяс-) — перад глухімі зычнымі: спісаць, успомніць, бясшумна.

Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца с-: сарганізаваць, сэканоміць, сыграць (а л е: зымправізаваць, зыначыць).

На стыку прыстаўкі і кораня можа адбывацца падваенне зычных: бессаромны, раззлаваць, аддаць.

У словах расада, расаднік (месца, скрынка для вырошчвання расады), расадны, расольнік, расол, ростань пішацца адна літара с.

Калі корань слова пачынаецца збегам зычных, пасля прыстаўкі ўзнікае беглы гук [а]: сабраць, сарваць, разагнуць.

Прыстаўка дэз- пішацца нязменна: дэзактывацыя, дэзынфекцыя. У прыстаўцы дыз- перад галоснымі пішацца з, перад зычнымі — с: дызасацыяцыя, дысгармонія.

РАСАДНІК — РАССАДНІК

Расáднік — месца, дзе вырошчваюць маладыя расліны (расаду) для высадкі ў грунт: расаднік для агуркоў.

Рассáднік — крыніца з’яўлення, размнажэння, распаўсюджання чаго-небудзь: рассаднік хваробы.