Печатать книгуПечатать книгу

§ 21. Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на зычны

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 21. Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на зычны
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 28 Апрель 2024, 06:23

Правіла

Прыстаўкі ад-, над-, пад-, перад-, аб- пішуцца нязменна (перад глухімі, звонкімі і санорнымі зычнымі): адкрыць, адбіць, падняць, падказаць, абрынуцца, абсыпаць.

Прыстаўкі з-, уз-, раз-, без- (бяз-) пішуцца перад галоснымі, звонкімі і санорнымі зычнымі: здзівіцца, узгадаць, безабаронны;
прыстаўкі с-, ус-, рас-, бес- (бяс-) — перад глухімі зычнымі: спісаць, успомніць, бясшумна.

Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца с-: сарганізаваць, сэканоміць, сыграць (а л е: зымправізаваць, зыначыць).

На стыку прыстаўкі і кораня можа адбывацца падваенне зычных: бессаромны, раззлаваць, аддаць.

У словах расада, расаднік (месца, скрынка для вырошчвання расады), расадны, расольнік, расол, ростань пішацца адна літара с.

Калі корань слова пачынаецца збегам зычных, пасля прыстаўкі ўзнікае беглы гук [а]: сабраць, сарваць, разагнуць.

Прыстаўка дэз- пішацца нязменна: дэзактывацыя, дэзынфекцыя. У прыстаўцы дыз- перад галоснымі пішацца з, перад зычнымі — с: дызасацыяцыя, дысгармонія.

РАСАДНІК — РАССАДНІК

Расáднік — месца, дзе вырошчваюць маладыя расліны (расаду) для высадкі ў грунт: расаднік для агуркоў.

Рассáднік — крыніца з’яўлення, размнажэння, распаўсюджання чаго-небудзь: рассаднік хваробы.

Практыкаванне № 163

 На аснове схемы сфармулюйце правілы правапісу прыставак, якія заканчваюцца на зычны.
Прывядзіце ўласныя прыклады.

Практыкаванне № 164

Спішыце сказы, раскрываючы дужкі. Растлумачце правапіс прыставак.

1. Мы выходзім з лодкі на бераг і ра(з/с)кладаем вогнішча (В. Вольскі).
2. Аксана сёрбала духмяную юшку, забываючы нават а(д/т)кусваць хлеб (А. Федарэнка).
3. Халадзец ажно ра(з/с)тае ў роце (В. Гардзей).
4. Я люблю тваю чуйную зімнюю ціш, мой а(б/п)сыпаны зоркамі горад (Г. Бураўкін).
5. А(д/т)чувалася ўрачыстасць моманту, нават нейкая прыўзнятасць (У. Гніламёдаў).
6. Малако а(д/т)праўлялі малакавозамі на завод (Н. Маеўская).
7. Павольна ра(з/с)сейвалася цемра, святлела неба (В. Гурскі).

• Зрабіце сінтаксічны разбор сказа са звароткам.

Практыкаванне № 165

Прачытайце верш.
Прывядзіце прыклады пepaняceння ўлacцiвacцeй жы­выx icтoт нa з’явы пpыpoды.
Як называецца гэты мастацкі прыём?

Дзень дажджу

Аб’явілі дзень дажджу,
і як быццам дождж падслухаў,
і як быццам дождж пачуў —
цэлы дзень пяе над вухам.
Ад налётаў дажджавых
сакавіцкі снег разлезся,
ад прыкметаў веснавых
захацеў схавацца ў лесе.
Пад сасной старой залёг
і чакае плямай цёмнай,
калі першы ж ручаёк
панясе яго да Нёмна.

Цьмяна-шэрым дываном
зацягнулі неба хмары.
Дождж спявае за акном
звонкім голасам гітары.
Пад нябесны гэты душ
Падстаўляе горад плечы.
Дождж — вясне ўрачысты туш*,
Прывітання сімвал вечны.
І як тое немаўля,
пасля воднага хрышчэння
прачынаецца зямля
да вясны, да адраджэння.
                                           Л. Кебіч

Выпішыце з верша словы, напісанне якіх адпавядае правілу «Правапіс пры­ставак, якія заканчваюцца на зычны».
Запішыце па памяці адну з выдзеленых строф (на выбар).
Падкрэсліце ў сло­вах арфаграмы. Растлумачце іх правапіс.

 У якім значэнні ўжыта ў вершы слова туш?

Практыкаванне № 166

 Запішыце словы, устаўляючы прапушчаныя прыстаўкі дэз- (‘выдаленне, знішчэнне, спыненне або адсутнасць чаго-небудзь’) або дыз- / дыс- (‘парушэнне, разлад, страта чаго-небудзь’).

..камфорт, ..інфекцыя, ..прапорцыя, ..актывацыя, ..функцыя, ..урбанізацыя, ..гармонія, ..інтэграцыя, ..кваліфікацыя, ..арыентацыя.

Практыкаванне № 167

Ад прыведзеных назоўнікаў утварыце прыметнікі з дапамогай прыставак без- (бяз-), бес- (бяс-) і суфіксаў. Растлумачце правапіс прыставак.

У з о р: крыўда — бяскрыўдны.

Вынік, чалавек, людзі, журбота, густ, колер, цана, закон, мова, тэрмін, шум, зброя, памылка, перспектыва, мяжа, сіла.

Практыкаванне № 168

 Спішыце прыказкі, устаўляючы прапушчаныя дзеясловы з прыстаўкамі, якія заканчваюцца на з, с.

1. Дзетак ... — не грыбоў назбіраць.
2. Чалавек не арэх, адразу не ... .
3. Чужую бяду рукамі ... .
4. За вялікім пагонішся — і малое ... .
5. Хто старое ... , таму вока вон.
6. Што было, тое ... .
7. Слова не ве­рабей, выпусціў — не ... .
8. Сам заварыў кашу, няхай сам і ... .
9. Шыла ў мяшку не ... .
10. Не ... , чаго няма, то няхай.

Д л я  д а в е д к і: ра(з/с)хлёбваць, (з/с)хаваць, у(з/с)гадаваць, (з/с)гу­біць, у(з/с)помніць, (з/с)плыць, ра(з/с)кусіць, у(з/с)дыхаць, ра(з/с)весці, (з/с)лавіць.

Практыкаванне № 169

Пісьмова перакладзіце рэцэпт на беларускую мову, замяняючы інфінітывы дзеясловамі ў форме 2-й асобы множнага ліку загаднага ладу.

Котлета «Беловежская»

500 г свиной корейки (с костью) нарезать кусками так, чтобы каждый был с косточкой. Мясо отбить, косточку зачистить.

Приготовить фарш: обжарить одну измельчённую луковицу и нарезанную кубиками ветчину (60 г), добавить 80 г зелёного горошка, одну столовую ложку муки, соль, перемешать и слегка потушить. Чтобы масса не была слишком густой, развести её бульоном или кипячёной водой.

На подготовленные куски корейки положить фарш, скатать в виде колбаски, обмакнуть в яйце, обвалять в сухарях, затем снова обмакнуть в яйце и снова обвалять в сухарях. Обжарить в топлёном масле и поставить на 10-15 минут в нагретую духовку (По энциклопедии белорусской кухни «Смачна есці»).

Звярніце ўвагу!

Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак:
г (грам),
кг (кілаграм),
см (сантыметр),
га (гектар).