АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

Прамяністыя

У тым самым годзе на чале з Тамашом Занам утварыўся Саюз прамяністых, у які ўвайшлі каля 130 чалавек. Прамяністыя выпрацавалі «15 правілаў для моладзі», зацверджаных рэктарам універсітэта Сымонам Малеўскім. Удзельнікі суполкі планавалі не толькі пашыраць асвету, адукацыю, але і прыцягваць настаўнікаў, таленавітых маладых людзей да Саюза прамяністых.

Выдатныя прадстаўнікі гэтага перыяду — філаматы Адам Міцкевіч, творчасць якога вывучалася ў ІХ класе, а таксама Тамаш Зан і Ігнат Дамейка.

Тамаш Зан (1796—1855) — беларуска­польскі паэт, фалькларыст. Паводле паходжання — радавіты беларускі шляхціц з Мясаты, што на Маладзечаншчыне. Вучыўся ў Мінскай гімназіі, а затым — на
фізіка­матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, юнак быў душой студэнцкай кампаніі. Як ужо было згадана, Тамаш Зан заснаваў таварыства філаматаў і Саюз прамяністых. Па справе філаматаў ён як кіраўнік суполкі, узяўшы на сябе віну Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігната Дамейкі і іншых, быў накіраваны ў высылку ў Арэнбург, дзе заняўся геалогіяй і нават заснаваў Арэнбургскі музей мінералогіі.

У 1837 годзе Тамаш Зан вярнуўся да звычайнага жыцця: спачатку ў Пецярбургу (пісаў кнігу пра адкрытыя ім на Урале радовішчы золата, нафты, меднай руды), праз чатыры гады ў Вільні, дзе быў
прыняты як нацыянальны герой. У 50­гадовым узросце ўзяў шлюб з аматаркай рамантычнай паэзіі Брыгідай Свентажэцкай і жыў у маёнтку Кахачын на Аршаншчыне.

Менавіта Тамаш Зан першым сярод філаматаў­літаратараў звярнуўся да новага напрамку — рамантызму, а таксама адным з першых пачаў складаць творы на аснове беларускага фальклору і міфалогіі.
У паэзіі вядомы як аўтар паэм «Табакерка» і «Твардоўскі», балад «Свіцязь­возера» і «Цыганка».

Ігнат Дамейка (1802—1889). Славуты геолаг з Навагрудчыны, складальнік карт Рэчы Паспалітай, ён, як і Тамаш Зан, вучыўся на фізіка­матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Чатырнаццацігадовы юнак быў адным з самых маладых студэнтаў. Гэты філамат стаў сусветна вядомым у літаратуры праз паэму Адама Міцкевіча «Дзяды» (там ён выступае пад сваёй студэнцкай мянушкай Жэгота).
У выніку рэпрэсій супраць таварыства апынуўся пад наглядам паліцыі і жыў як селянін у в. Жыбуртоўшчына (Дзятлаўшчына). Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гадоў, пасля паражэння якога эміграваў у Францыю, вучыўся ў Сарбоне. З цягам часу пераехаў у Чылі, дзе адкрыў новы мінерал, займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю, узначальваў універсітэт у Сант’яга. Разнастайная навуковая, культурная, асветніцкая дзейнасць Дона Ігнаціа ўшанавана ў Чылі, Польшчы, Літве і, вядома, у Беларусі.