Літаратура Асветніцтва (другая палова XVIIІ — пачатак ХІХ стагоддзя)

* Паэзія

Класіцысцкія каноны прадугледжвалі для «высокіх» жанраў адпаведныя мовы — лацінскую, польскую, а для «нізкіх» — парадыйных, бурлескных — мову «людзей простых».

Бурлеск 
(ад слова «бурлеска» — ‘жартоўны’) —
разнавіднасць паэзіі класіцызму, калі «высокія» рэчы апяваюцца «нізкім» стылем і наадварот.

Беларуская паэзія Асветніцтва прадстаўлена калядкамі, велікоднымі песнямі. Напрыклад, у калядцы «Того дня вельмі слаўного», запісанай у глыбоцкай школе, камічны эфект выклікае спалучэнне «высокага» малітоўнага складу («Того дня вельмі слаўного, алі, алілуя, // Народівся нам Спасіцель») і «нізкага», прыземленага зместу («А ты, Івашку, бігай по кашку, // Шчобы децінка не сголодняла»).

У парадыйна-сатырычным вершы «Уваскрэсенне Хрыстова» выразна праявілася асветніцкае вальнадумства. Аўтар вельмі свабодна абышоўся з тэкстам: біблейскія персанажы надзелены чалавечымі слабасцямі, паводзяць сябе як звычайныя местачкоўцы: асілак Самсон «быў лас на сон», Ілля «ехаў на канях — гром пушчаў такі, аж страх», а «святы Яфет нёс і шаблю, і мушкет». Гэтыя традыцыі пазней выявяцца ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе».

Адзін са значных твораў беларускай паэзіі канца XVIIІ стагоддзя — ананімная «Песня беларускіх жаўнераў 1794 года». Яна напісана ў сувязі з паўстаннем пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, верагодна, адным з яго ўдзельнікаў. Цікава, што «Песня…» паралельна бытавала не толькі на нашай, але яшчэ на ўкраінскай і польскай мовах. У ёй лейтматывам гучыць думка: «Дакуль будзем так маўчаці, // Годзі нам сядзець у хаці. <…> Нехай ксёндз нас пасвенцае, // Нехай Бог нам памагае!»