Літаратура Асветніцтва (другая палова XVIIІ — пачатак ХІХ стагоддзя)
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | Літаратура Асветніцтва (другая палова XVIIІ — пачатак ХІХ стагоддзя) |
Printed by: | Guest user |
Date: | Sunday, 8 December 2024, 7:23 PM |
Уводзіны
Канец XVIII стагоддзя ўвайшоў у гісторыю як эпоха Асветніцтва, калі ў гісторыі еўрапейскай культуры адмаўлялася перавага рэлігійнага светаразумення і прызнаваўся зварот да розуму як да адзінага крытэрыю спасціжэння прыроды, чалавека і грамадства. Папулярызаваліся веды, якія павінны былі стаць даступнымі ўсім, а не толькі прывілеяваным сацыяльным слаям. У аснове навуковай, філасофскай і грамадскай думкі ляжалі рацыяналізм і вальнадумства. Асветнікі імкнуліся вырашыць праблему чалавека і яго прыроды, абапіраючыся на тэорыю натуральнага права.
Асноўнымі літаратурнымі напрамкамі эпохі Асветніцтва сталі класіцызм і сентыменталізм.
Сентыменталізм — літаратурны напрамак, у якім пачуццё прызнаецца сутнасцю чалавечай прыроды. Адным з пачынальнікаў сентыменталізму ў сусветнай літаратуры лічыцца француз Жан-Жак Русо. |
Класіцысты ў мастацкіх творах звярталіся найперш да розуму, сентыменталісты — да сэрца, пачуццяў. Перад літаратурай ставілася задача актыўна ўмешвацца ў жыццё, фарміраваць з чалавека грамадзяніна і патрыёта, вучыць і выхоўваць яго.
Беларускамоўныя тэксты былі распаўсюджаны менш, чым у часы барока, некаторыя бытавалі ў рукапісным выглядзе. Зрэдку творы на беларускай мове, напрыклад лірычныя песні, траплялі ў друкаваныя зборнікі. Часта яны былі ананімныя. Пры гэтым рысы Асветніцтва ў Беларусі выразна праявіліся ў шматмоўнай літаратуры. Асноўнай літаратурнай мовай была польская (Юльян Нямцэвіч, Адам Нарушэвіч, Францішак Карпінскі, Францішак Князьнін, Францішак Багамолец), напрыканцы XVIII стагоддзя распаўсюдзілася яшчэ руская (Iван Сакольскі, Гаўрыла Дабрынін). Сустракаліся тэксты на лацінскай, французскай і нямецкай мовах, бо творы на гэтых мовах на той час былі папулярныя ў Еўропе.
* Паэзія
Класіцысцкія каноны прадугледжвалі для «высокіх» жанраў адпаведныя мовы — лацінскую, польскую, а для «нізкіх» — парадыйных, бурлескных — мову «людзей простых».
Бурлеск (ад слова «бурлеска» — ‘жартоўны’) — разнавіднасць паэзіі класіцызму, калі «высокія» рэчы апяваюцца «нізкім» стылем і наадварот. |
Беларуская паэзія Асветніцтва прадстаўлена калядкамі, велікоднымі песнямі. Напрыклад, у калядцы «Того дня вельмі слаўного», запісанай у глыбоцкай школе, камічны эфект выклікае спалучэнне «высокага» малітоўнага складу («Того дня вельмі слаўного, алі, алілуя, // Народівся нам Спасіцель») і «нізкага», прыземленага зместу («А ты, Івашку, бігай по кашку, // Шчобы децінка не сголодняла»).
У парадыйна-сатырычным вершы «Уваскрэсенне Хрыстова» выразна праявілася асветніцкае вальнадумства. Аўтар вельмі свабодна абышоўся з тэкстам: біблейскія персанажы надзелены чалавечымі слабасцямі, паводзяць сябе як звычайныя местачкоўцы: асілак Самсон «быў лас на сон», Ілля «ехаў на канях — гром пушчаў такі, аж страх», а «святы Яфет нёс і шаблю, і мушкет». Гэтыя традыцыі пазней выявяцца ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе».
Адзін са значных твораў беларускай паэзіі канца XVIIІ стагоддзя — ананімная «Песня беларускіх жаўнераў 1794 года». Яна напісана ў сувязі з паўстаннем пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, верагодна, адным з яго ўдзельнікаў. Цікава, што «Песня…» паралельна бытавала не толькі на нашай, але яшчэ на ўкраінскай і польскай мовах. У ёй лейтматывам гучыць думка: «Дакуль будзем так маўчаці, // Годзі нам сядзець у хаці. <…> Нехай ксёндз нас пасвенцае, // Нехай Бог нам памагае!»
* Драматургія
У эпоху Асветніцтва тэатру адводзілася роля выхавальніка грамадства, таму так пашырылася гэта мастацтва. Побач са школьным і народным у Беларусі з’явіліся прыдворныя і прафесійныя тэатры.
У рэпертуары прыезджых прафесійных труп пераважалі заходнееўрапейскія, польскія, п’есы, а артысты прыдворных тэатраў увасаблялі творчасць мясцовых аўтараў. Напрыклад, былі пастаўлены камедыі Францішкі Уршулі Радзівіл у Нясвіжы, оперы і балеты ў «сядзібе музаў» Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме. Функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на канале Агінскага — частка сцэны затаплялася вадой з канала, і па ёй маглі плыць лодкі. У эпоху Асветніцтва рабіліся спробы ўвесці ў пастаноўкі беларускую мову.
Пышныя відовішчы паранейшаму наладжваліся на сцэнах езуіцкіх калегій. З уніяцкіх тэатраў найбольшай вядомасцю карыстаўся базыльянскі тэатр у Жыровічах. На праваслаўнай школьнай сцэне былі пастаўлены інтэрмедыі «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», героі якіх паводзілі сябе даволі свавольна.
Выкладчык рыторыкі Забельскай калегіі Міхал Цяцерскі быў адным з арганізатараў мясцовага школьнага тэатра, для якога пісаў трагедыі, камедыі на польскай мове. Ён адаптаваў для школьнага тэатра папулярную на той час п’есу Мальера «Доктар па прымусе»: зрабіў з трох актаў пяць, як таго патрабуюць каноны класіцысцкай драмы; вывеў жаночыя вобразы, пашырыў тэкст, увёў вобразы цёмных, але вельмі знаходлівых сялян, якія гавораць па-беларуску, зрабіў канцоўку твора павучальна-маралізатарскай. |
Развіццё школьнай драматургіі знайшло лагічнае завяршэнне ў пастаноўках Забельскай дамініканскай калегіі (Полаччына). Найбольш значны твор забельскага рэпертуару — «Камедыя» Каятана Марашэўскага (1787). П’еса напісана паводле законаў класіцызму — захоўваецца адзінства месца, часу і дзеяння, а ў развагах персанажаў дамінуе рацыянальны погляд на свет.
Два вядучыя героі «Камедыі» з трох (селянін Дзёмка і карчмар) гавораць пабеларуску. Селянін не задаволены сваім лёсам: «Мала што кроўю не пацею, аж пакуль не пакуль кавалак хлеба зараблю». Вінаваты ў тым, згодна з Дзёмкавым меркаваннем, пан, які не лічыць сялян за людзей, а яшчэ карчмарарандатар, які ашуквае і спойвае іх, але галоўная бяда — грэх Адама. Дзёмка пайшоў у заклад з Чортам, што не паўторыць граху Адама — не спакусіцца. Паводле дамовы ён не павінен вымавіць ні слова на працягу гадзіны і тады атрымае грошы. «Хоць бы сабе і на галаве хадзілі б, то я ані паўслоўца не скажу. <...> Але ж калі дацярплю — сто рублей маіх будзець!» — разважае ён. Вядома, Чорт ашукаў небараку.
У «Камедыі» спалучыліся старыя і новыя тэндэнцыі. З аднаго боку, у ёй яшчэ выразна адчуваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (павучальнасць фіналу, адсутнасць жаночых вобразаў, выкарыстанне біблейскага матыву). Асобныя сцэны маюць адносна самастойны характар, нагадваюць устаўныя інтэрмедыі. Пры гэтым «Камедыя» напісана ў адпаведнасці з канонамі класіцысцкай эстэтыкі Асветніцтва. У ёй захавана адзінства часу, месца і дзеяння, адчуваецца рацыяналістычная зададзенасць. Каятан Марашэўскі як асветнік бачыў у маральным удасканаленні чалавека выратаванне ад сацыяльных праблем, таму канфлікт, які пазначыўся ў «Камедыі», вырашаецца чыста ў маральна-этычным плане.
Твор поўны народнага гумару, напісаны зразумелай жывой гаворкай. Ён і сёння ставіцца ў тэатры: спектакль паводле «Камедыі» Каятана Марашэўскага ідзе на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
Пытанні
1. Чаму беларускую літаратуру другой паловы XVIIІ — пачатку ХІХ стагоддзя называюць эпохай рукапісаў? | |
2. Растлумачце моўныя асаблівасці бурлескнай паэзіі. | |
3. Перакажыце гісторыю, паказаную ў «Камедыі» Каятана Марашэўскага, ад імя аднаго з герояў (на выбар). Сачыце, каб ваша мова была набліжана да мовы гэтага персанажа. |
|
4. Арганізуйце дыскусію, каму магла належаць ідэя стварэння інтэрмедый у школьных прадстаўленнях — настаўнікам або вучням. | |
5. Разгледзьце фотаздымак сцэны са спектакля «Камедыя» (рэжысёр Валерыя Чыгілейчык). Па якіх прыметах вы пазналі персанажаў? Дзе і калі адбываецца дзеянне? |